Іх веды і праца патрэбны тут

Грамадства


Першая сустрэча з механізатарам КСУП “Брагінка” Русланам Нікалаевым у нас адбылася ў 2008 годзе. Не скажу, што ён быў рады  мясцовым журналістам, якія прыехалі на поле ў час  пасяўной кампаніі. Вясна, красавік,  на  ўліку –  кожная  гадзіна, і яму, відаць, не хацелася перапыняць работу. Рухавік   трактара   не заглушаў, выскачыў  з кабіны на хвіліну, каб фотакарэспандэнт Вольга Паляшчук паспела зрабіць здымак для газеты. Аб гэтым прасіла дырэктар гаспадаркі Тамара Кудан, якая ведала яго здольнасці і адносіны да сваіх абавязкаў. Тая пасяўная была чацвёртая па ліку ў яго працоўнай біяграфіі, да ўсяго праводзіў  яе  на новай тэхніцы вытворчасці “Гомсельмаша”  з  камбінаваным агрэгатам,  які за адзін праход  выконваў  тры  аперацыі.


Лістапад 2012-га. Мы зноў у гаспадарцы  з той жа мэтай: убачыцца з Русланам, цяпер ужо – пераможцам раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў. За гэтыя чатыры гады ўзмужнеў, пасталеў, але  застаўся такім жа адказным і ў нейкай ступені катэгарычным. На ўсё мае свой  пункт  гледжання, не разумее  тых,  хто едзе ў заробкі   ў  суседнюю рэспубліку і вяртаецца адтуль або без грошай, або з часткай той сумы, якую павінен быў атрымаць.  Калі ты нечага варты, цябе ацэняць і тут. Так  і атрымалася. У РДК, у час шанавання лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, пад апладысменты прысутных намеснік старшыні райвыканкама  Ганна Бабрынёва ўручыла Руслану грамату  раённага выканаўчага камітэта і падарунак.  Гэтай восенню ён адзін пасеяў азімыя культуры  ў  сваёй гаспадарцы.  Да  вясны,  да чарговай адказнай кампаніі можна адпачываць.



У ліку ўзнагароджаных была інспектар аддзела кадраў з гэтай жа гаспадаркі Наталля Кірчук. На пасадзе – са снежня 1987 года. Закончыла Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум, факультэт “Правазнаўства”, атрымала спецыяльнасць “Юрыст”.  Свае абавязкі сумяшчае з сакратарскімі, хаця гэтым  дзейнасць Наталлі Уладзіміраўны не абмяжоўваецца. У яе рознабаковыя веды, што заўсёды дарэчы, бо за кансультацыяй звяртаюцца калегі, члены калектыву. Асабліва, калі неабходна правільна  аформіць адносіны з партнёрамі на атрыманне паслуг і тавараў, ды і сваю прадукцыю рэалізаваць.  Кажуць, няведанне законаў ад адказнасці не вызваляе. На тое і юрысты, каб іх вывучаць і прымяняць на практыцы. Трэба быць застрахаванымі і ад непрыемнасцей, бо партнёры бываюць розныя, у тым ліку і нядобрасумленныя.


А вось што недаравальна інспектару па кадрах, дык гэта няправільнае звальненне або прыём на працу. Такіх выпадкаў у Наталлі Кірчук не было. Калектыў КСУП “Брагінка”невялікі: 104 чалавекі. У апошні час сюды прыходзяць  жывёлаводы з суседніх гаспадарак, бо дырэкцыя забяспечвае іх жыллём. Першы чалавек, да якога  звяртаюцца, – Наталля  Уладзіміраўна.  Мець зносіны з прафесіяналам, да таго ж тактоўнай і абаяльнай жанчынай, прыемна.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *