МАСТАЦТВА ДЛЯ ЎСІХ

Праздники и будни

Яшчэ многія памятаюць тыя часы, калі ля кас кінатэатраў стаялі доўгія чэргі і не заўсёды хапала білетаў, а адзін фільм паказвалі тры дні запар па два сеансы. Сёння ж амаль у кожным доме – тэлевізар, DVD,  інтэрнэт. Але кіно на вялікім экране – гэта зусім іншае! Мы ідзём глядзець гісторыю, перажываць, захапляцца, абдумваць, аналізаваць. Выключаецца святло – і ўсё толькі пачынаецца…


Важна, што сёння мы можам гаварыць аб добрых традыцыях, выдатных фільмах, праслаўленых і маладых аўтарах, дасягненнях і перспектывах – аб беларускім кінематографе, які за доўгія гады свайго развіцця  прайшоў нялёгкі шлях  станаўлення, заўсёды сла-віўся ваеннымі, дзіцячымі стужкамі. Станоўчыя тэндэнцыі бачацца ў пашырэнні тэм, форм і жанраў, але пры гэтым не губляецца свая адметнасць, “нацыянальны твар”.


У рэспубліцы захавана і пастаянна мадэрнізуецца сетка кіна-пракату, якая і дае магчымасць гледачу  ў любым  рэгіёне  азнаёміцца з лепшымі ўзорамі айчыннага і сусветнага кінематографа. Таму напярэдадні святочнай даты будзе няправільна не ўспомніць пра людзей, якія з года ў год стараюцца зрабіць прыемным наш адпачынак каля шырокага экрана.


Сёлета, напрыклад, супрацоўнікі ККУП “Брагінкінавідэасетка” прадэманстравалі для жыхароў нашага раёна каля 1800 фільмаў, і ні адзін месяц не абыходзіцца без айчынных. Апрача лідараў пракату мінулых гадоў, гледачы змаглі ацаніць прэм’еры: мастацкую карціну беларускага  рэжысёра  Андрэя Мычко пра чарнобыльскую зону “Неба ўсюды аднолькавае” і захапляючую прыгодніцкую камедыю “Украсці Бельмандо”, сумесны праект “Белтэлерадыёкампаніі” і “Беларусьфільма”.


Па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі дакументальныя стужкі айчынных творцаў, накіраваныя на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў, правапарушэнняў, выбар здаровага ладу жыцця. У Год кнігі больш актыўна выкарыстоўваліся фільмы аб жыцці і дзейнасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Добрая дапамога для школьнікаў па вывучэнні тых ці іншых прадметаў –  відэатэка. Зразумела, што задача кінапракатчыкаў не толькі забаўляць, але і выхоўваць, прапагандаваць, развіваць. Да таго ж відэапраекцыйныя камплекты дазваляюць адначасова праводзіць мерапрыемствы ў некалькіх населеных пунктах.


Прыемна, што калектыў “Брагінкінавідэасеткі” сустракае сваё прафесійнае свята і Новы год з пазітывам: выкананы прагнозныя паказчыкі, зроблены касметычны рамонт у адміністрацыйным будынку, добраўпарадкавана тэрыторыя. І заслуга ў гэтым – агульная.


Найбольшы працоўны стаж у сістэме  кінапракату налічвае кінамеханік Уладзімір Гермель, які прысвяціў гэтай справе 33 гады. Паспела таксама набрацца вопыту, прыкіпець душой да работы  рэдактар прадпрыемства Таццяна Ермалаева. Не вельмі даўно, але з усёй адказнасцю працуе  галоўным бухгалтарам Алена Гелета. Маладое папаўненне – кінамеханік Аляксандр Дрозд і бухгалтар Вольга Паўлянок, выпускніца Гомельскага гандлёва-эканамічнага каледжа, якая зараз завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. І, вядома ж, ніяк не абысціся  ў захаванні своеасаблівага  мосціка  паміж вытворцамі кіно і гледачамі  без вадзіцеля – гэта Міхаіл  Падвербны. А ў ліку работнікаў вартавой аховы – Наталля Давыдоўская, Уладзімір Чубса і Алена  Гаўрыленка. Узначальвае калектыў  Уладзімір Каваленка.


Па існуючай традыцыі ў святочны дзень 17 снежня работнікі прадпрыемства шчыра запрашаюць гледачоў у кіназалу Брагінскага РДК, каб глыбей і лепш даведацца пра беларускае кіно, дакрануцца да мастацтва. А мы пажадаем ім творчых поспехаў, натхнення і прафесійнага росту. Будзем разам чакаць новых добрых фільмаў, зробленых у Беларусі.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *