Спажывецкі інтарэс: І НА СТОЛ, І ПАД ЁЛАЧКУ

Грамадства

Вячэрняя ілюмінацыя змяніла прывычныя абрысы вуліц і будынкаў, святочныя кампазіцыі ўпрыгожылі  гандлёвыя памяшканні, і настрой у жыхароў – прыўзняты. Ва ўсім адчуваецца подых Новага года. А  яго набліжэнне – гэта яшчэ і традыцыйныя клопаты: што паставіць на стол, якія падарункі падрыхтаваць для родных і блізкіх, чым парадаваць дзяцей… Час накіроўвацца па пакупкі!



Праўда, пакуль наведвальнікі магазінаў больш прыглядваюцца і прыцэньваюцца. Пік продажу “тэматычных” тавараў, як правіла, прыходзіцца на 28-30 снежня. Але аб пераднавагодніх паступленнях работнікі прылаўка пачынаюць клапаціцца загадзя. У наяўнасці ўжо зараз, напрыклад,  больш за 700 бутэлек шампанскага, восем з паловай тон кандытарскіх вырабаў, пяць тон цытрусавых, дзве з паловай – рыбатавараў, каля 4000 літраў  напіткаў…


Прадпрыемствам і арганізацыям рэалізавана каля чатырох тысяч навагодніх баулаў вагой ад 0,3 да 1,2 кілаграма. Чарговыя папаўненні гандлёвых залаў харчовымі таварамі чакаюцца  на бягучым тыдні. Такія даныя прывяла в.а старшыні праўлення раённага спажывецкага таварыства Надзея Кукрак. І тут жа прыкмеціла, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі жыхары Брагіншчыны большую перавагу сталі аддаваць садавіне і гародніне, мясу птушкі, грыбам. Павялічыўся таксама попыт на яйкі, морапрадукты, рыбу. Дык гэта ж застаецца толькі вітаць гаспадыні надыходзячага года – Змяі! Яе стыхія – вада, таму на стале павінны абавязкова быць стравы з рыбы і морапрадуктаў. Як, дарэчы, і яйкі, якія прыцягнуць дух  драпежнага стварэння, а таксама гароднінныя салаты, упрыгожаныя зелянінай (менавіта ў траве любіць хавацца даўгацелая рэптылія).



Але  куды раней да шчодрых частаванняў патрэбна паклапаціцца  аб галоўным атрыбуце свята – зялёнай прыгажуні. Пакупка штучнай, напрыклад,  абыдзецца ад 90 да 700 тысяч, – пазнаёмілі з коштам работнікі ўнівермага Брагіна. На днях таксама паступіць сюды і ў магазін гаспадарчых тавараў звыш ста натуральных дрэўцаў. Работнікі плануюць прадаць 42 сасны вышынёй  да аднаго метра, 33 – ад аднаго да двух, 30 – ад двух да трох і 10 – звыш трох метраў. 


А каб заззяла, заблішчала ёлачка, аздабляем яе цацкамі – кошт адной вагаецца ад 3000 да 12 000 рублёў, агеньчыкамі – 50-300 тысяч, мішурой – да 23 тысяч. І зноў жа ўспамінаем,  што сімвал наступнага года належыць  воднай стыхіі: каб прыцягнуць у дом удачу і багацце, афармляем інтэр’ер у блакітных, срэбраных, сініх, зялёных ці фіялетавых танах. Упрыгажэнні павінны зіхацець і віцца.


Цяпер пяройдзем да падарункаў. Улічым, што гаспадыня 2013-га прыме на “ўра” бранзалет, кулон ці кальцо ў форме змяі – такі талісман на целе чалавека будзе зараджаць яго энергіяй. Вельмі дарэчы таксама “дзелавыя” прэзенты (напрыклад, штодзённік ці кніга) – мудрая рэптылія будзе спрыяць людзям мэтанакіраваным, якія імкнуцца да ведаў. Падыдзе і падарунак, звязаны з хобі. Галоўнае  – каб ён быў для  справы, для душы. І ні ў якім разе пры выбары не спяшайцеся: Змяя не церпіць неабдуманых рашэнняў, яна з’яўляецца ўвасабленнем мудрасці і асцярожнасці.


А вось што застаецца з года ў год нязменным, дык гэта атрыманне самымі маленькімі ад Дзеда Мароза ласункаў. Іх  абавязкова паставяць дарослыя пад ёлку, нават калі там ужо прытаіўся нейкі дарагі і карысны падарунак. Як жа без любімай смакаты? І калі яшчэ пару дзесяцігоддзяў  таму салодкі сюрпрыз уяўляў сабой традыцыйны набор з цукерак і некалькіх мандарынаў у папяровым ці цэлафанавым кульку, які рыхтавалі самі бацькі, то зараз вытворцы на ўсю моц прывабліваюць пакупнікоў не толькі  напаўненнем, але і дызайнам: на прылаўках размясціліся куфэркі, скрыначкі, шкатулкі, казачныя фігуркі, мяккія цацкі… Усе, вядома, з ласункамі ўнутры. І кошт такога набора, у залежнасці ад вагі і насычанасці,  “пацягне” на 38-100 тысяч.



Пакуль жа вы яшчэ не вызначыліся, што падараваць сваім родным і блізкім, і падлічваеце суму, за межы якой нельга выйсці, работнікі  райспажыўтаварыства прапануюць вам наведаць 22 снежня з 20.00 да 23.00 магазіны гаспадарчых тавараў і ўнівермагі нашы гарпасёлкаў,  дзе будзе праходзіць акцыя “Ноч скідак”. Цудоўная магчымасць ажыццявіць пакупкі танней, у тым ліку і навагодніх падарункаў,   – гандлёвая  надбаўка ў гэтыя гадзіны будзе зніжана на 50%. Прывяду змены ў цэнах толькі двух дзіцячых цацак: кошт лялькі памяншаецца з 175 500 да 152 600 рублёў, машынкі з радыёкіраваннем – з  185 800 да 161 600 рублёў.  А магчыма, у кагосьці з’явіцца жаданне зрабіць для сваёй сям’і і больш дарагі падарунак. Напрыклад, у выглядзе мяккай мэблі, скідка на якую перавысіць 1,5 мільёна. Ва ўсялікім разе, папярэднія “Ночы скідак” паказалі, што тавараабарот за тры гадзіны ва ўнівермагу Брагіна дасягнуў 45 мільёнаў супраць традыцыйнага сярэднядзённага ў 3-5 мільёнаў.  Значыць, акцыя ўзаемавыгадная. Як, дарэчы, і рэалізацыя тавараў пайшчыкам без падатку на дабаўленую вартасць, аб  чым ужо на старонках “Маяка Палесся” паведамлялася. Сучасны гандаль з яго жорсткай канкурэнцыяй немагчыма ўявіць без цікавых і заманлівых прапаноў  пакупнікам, асабліва напярэдадні навагодніх святаў.


Ва ўсіх прадпрыемствах грамадскага харчавання, да таго ж, прымаюцца калектыўныя заявы на сустрэчу Новага года ў сценах кафэ ці рэстарана. У апошнім яшчэ можна заказаць і  стравы да свайго святочнага стала. 
Але ніякай мітусні! Змяя наўрад ці зазірне туды, дзе да яе сустрэчы рыхтуюцца ў спешцы. Таму выканайце загадзя ўсе яе пажаданні,  і ўдача будзе спадарожнічаць вам. Шчаслівага Новага года!


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *