У ЛЕПШЫХ ТРАДЫЦЫЯХ

Сельское хозяйство

Амаль два гады на пасадзе дырэктара  адной з буйных гаспадарак раёна. Многа гэта ці мала? Калі  з  пункту  гледжання адаптацыі – дастаткова. Можна  прывыкнуць да людзей, мясцовасці. А калі твой папярэднік здолеў на гэтай рабоце  дасягнуць многага і табе неабходна працягваць яго традыцыі, працаваць не горш?.. Лепш аб гэтым спытаць у самога Міхала Пінжакова, які 18 студзеня 2011 года ўзначаліў КСУП “Малажынскі” і прыкладвае нямала намаганняў, каб фінансавае становішча сельгаспрадпрыемства заставалася стабільным, а вытворчыя паказчыкі – высокімі.



–Міхаіл Вячаслававіч, да нашай з Вамі сустрэчы (адбылася яна 28 лістапада ў 10 гадзін) Вы паспелі пабываць на чатырох фермах. Гэта была вытворчая неабходнасць ці традыцыя пачынаць новы рабочы дзень з аб’езду жывёлагадоўчых падраздзяленняў?


–Звычайна еду туды, дзе ўзнікаюць праблемы і неабходна маё ўмяшанне. Спачатку заехаў у Дублін, потым – у Юркавічы. Тут вялася сёлета рэканструкцыя памяшканняў, з’явіўся даільна-малочны блок з устаноўкай “Елачка”, цялятнік. Укараняем паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака, таму падрыхтавалі памяшканні для сухастойных кароў і тых, якія ацяліліся. Абсталяванне для ферм набываем у лізінг, халадзільнік умяшчальнасцю пяць тон ужо ўстанавілі. Арганізацыйных пытанняў шмат,  усе патрабуюць вырашэння.


Не хапае кваліфікаваных жывёлаводаў. У Юркавічах, напрыклад, з мясцовага насельніцтва на ферме працуюць даглядчык, слесар і асемянатар, астатніх возім з іншых вёсак. Але гэта не павінна адбівацца на надоях і прывагах, захаванасці пагалоўя. Хаця і павялічвае затраты, у першую чаргу транспартныя. Мабыць, такая прыкмета нашага часу. Вёскі пусцеюць, працаздольнага насельніцтва ў іх мала, ды і аматары “зялёнага змея” не перавяліся. Раней дармаедаў было менш, іх прыцягвалі да адказнасці за тое, што нідзе не заняты. А  сёння  едзеш па вёсцы і бачыш: сядзяць на лаўках здаровыя мужыкі, якія любяць добра паесці, выпіць, і ўсё гэта – за чужы кошт. Могуць украсці. Запчастка да трактара каштуе 1,5 мільёна, а яны “загоняць” яе за сто тысяч. Такіх негатыўных момантаў у паўсядзённым жыцці хапае, з імі таксама даводзіцца змагацца, траціць на гэта час і нервы. Мабыць, уплывае і вялікая працягласць “Малажынскага”. У нас дзесяць ферм, толькі малочнатаварных – восем, а яшчэ ж комплекс і свінаферма.


–Свінаферму ліквідаваць не збіраецеся?


–Не, на сёння тут налічваецца больш за 800 галоў, ёсць і маладняк для рэалізацыі. Некалькі тыдняў таму паступала шмат званкоў, людзі пыталіся, ці можна купіць у нас парасят. Кажу: “Калі ласка, прыязджайце”. Дарэчы, хто хоча, няхай набывае маладняк і гадуе.


–Пры ўсім гэтым сельгаспрадпрыемства не зменшыла пагалоўе буйной рагатай жывёлы.


–Так,  нас адзначалі ў ліку тых, дзе яно павялічылася на 132 галавы. З агульнай колькасці рэалізаванага раёнам мяса на долю “Малажынскага” прыпадае 26%. Высокая і шчыльнасць жывёлы ў разліку на 100 гектараў сельгасугоддзяў – 65 галоў. Такая яна толькі ў дзвюх гаспадарках (яшчэ ў КСУП “Саўгас “Камарынскі”). Засталося “падцягнуць” таварнасць малака, павялічыць яго надоі, знізіць паморак маладняку. Свае пралікі бачым, будзем ухіляць.


–Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гаспадарка  змагла  атрымаць  нядрэнны ўраджай зерневых і зернебабовых і заняць трэцяе месца ў раённым спаборніцтве па такім паказчыку, як выхад на бала-гектар. Колькі склаў валавы намалот?


–Амаль дзевяць тысяч тон, а калі дакладней – 8941 (без кукурузы, яе ўборка яшчэ працягваецца). Сярэдняя ўраджайнасць – 27,8 цнт з гектара. Больш за тысячу тон збожжа давялося аддаць за даўгі, ад гэтага нікуды не дзенешся. Парадаваў рапс, гэтай культурай займацца можна. Сёлетні год  для яе спрыяльны, сабралі мы 1399 тон насення, у разліку на гектар – па 16,9 цнт. Частку адправілі на перапрацоўку ў Рэчыцу, частку – адкрытаму акцыянернаму таварыству “Брагінаграсэрвіс”.


Сеялі слачнік, сою. Мабыць, таму што вопыту ў вырошчванні паўднёвых культур малавата, ураджайнасцю пахваліцца не можам. Насенне соі (набывалі элітнае ў колькасці 13 тон) каштуе нятанна, да ўсяго немалыя сродкі пайшлі на апрацоўку пасеваў супраць шкоднікаў, хвароб, а сабралі мы 69 тон. Будзем малоць і скормліваць жывёле. У наступным годзе, спадзяёмся, затраты будуць не такія адчувальныя, бо насенне соі засыпалі сваё.
Сланечніку намалацілі 243 тоны, крыху больш дзесяці цэнтнераў з гектара. Чатыры тоны сыравіны першага класа рэалізавалі ў “Асобіна” Буда-Кашалёўскага раёна, яшчэ шэсць плануем адправіць на Гомельскі тлушчакамбінат, а больш за сто тон ляжыць у складах. Будзем шукаць, куды збыць. Каб сур’ёзна займацца гэтай культурай, неабходна адводзіць па памеру такія плошчы, як у суседняй Украіне.


–Раней КСУП “Малажынскі” славілася сваёй бульбай. Пасяўныя плошчы не зменшылі?


–Не. Пасадзілі 250 гектараў, накапалі  2378 тон бульбы (сярэдняя ўраджайнасць – 201,5 цнт з гектара). І зноў паўстае пытанне: куды яе збыць? Тон 400 адвезлі ў Заспу на крухмальны завод, засыпалі патрэбную колькасць  насення, астатняя ляжыць у буртах. Выходзіць, займацца нашай традыцыйнай культурай нявыгадна.


–Відаць, настаў час заняцца вырашэннем гэтага пытання на дзяржаўным узроўні, ці не так? За мяжой – у Вялікабрытаніі, Германіі, напрыклад, на перапрацоўку (чыпсы, крэкеры) ідзе  41 і 22 працэнты валавога збору клубняў адпаведна. У нашай рэспубліцы – тры працэнты.


–Дык там перапрацоўчыя прадпрыемствы знаходзяцца ў адной зоне з сельгасвытворцамі. Перапрацоўшчыкі вызначаюць, па якой тэхналогіі будзе вырошчвацца бульба,  якіх  сартоў у залежнасці ад таго, як будзе перапрацоўвацца. Удзяляюць увагу і насенняводству. Атрымліваецца поўны вытворчы цыкл. Ёсць такія комплексы і ў нашай рэспубліцы, толькі іх малавата. Нам у гэтым плане неабходна яшчэ нямала працаваць, паляпшаць якасць прадукцыі, а гандлёвым арганізацыям навучыцца яе выгадна прадаваць пад сваімі маркамі.


–Начальнік аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка, калі ў газетным артыкуле  аналізавала вынікі работы АПК за дзевяць месяцаў, падкрэсліла, што КСУП “Малажынскі” атрымала найбольшую выручку ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі. Ці ўдалося захаваць такія тэмпы па выніках дзесяці месяцаў?


–Не толькі захаваць, але і палепшыць іх. Атрымалі 33 млрд 826 млн рублёў. Выканалі і такі паказчык, як рэнтабельнасць продажу (4,8% пры заданні 4,4%). Прыбытак ад рэалізацыі склаў 1 млрд 405 млн рублёў, чысты прыбытак – 4 млрд 202 млн.


–Яшчэ мудры Саламон у сваёй прытчы пісаў: ”Кто возделывает землю свою, тот будет насыщаться хлебом”. Працаваць у полі ёсць каму, малажынскія механізатары – у ліку лепшых. Яны і складаюць касцяк калектыву?


–Сваімі трактарыстамі і вадзіцелямі мы можам ганарыцца. Яны сталі пераможцамі як раённага, так абласнога, рэспубліканскага спаборніцтваў.   Міхаіл Калясан сёлета заняў другое месца ў вобласці сярод механізатараў, якія вялі нарыхтоўку кармоў. Яго вынік – 51 789 тон зялёнай масы. У раённым Доме культуры адзначылі за сумленную працу Сяргея Чыгарэўскага. Ён пасля службы застаўся ў родных мясцінах, дырэкцыя выдзеліла яму прасторны дом. Такіх – большасць. І калі КСУП “Малажынскі” называюць валаўтвараючай гаспадаркай, якая дае трэць рэалізаванай раёнам прадукцыі, то гэта дзякуючы нашым нястомным працаўнікам. Ёсць вопытныя і старанныя жывёлаводы, адукаваныя спецыялісты.



Мне выпаў гонар працягваць традыцыі “Малажынскага”, які ўпэўнена, з году ў год браў новыя вяршыні. Мікалай Рубаха, а ён узначальваў сельгаспрадпрыемства 16 гадоў, стварыў добрую каманду. Гэтыя людзі прыкладваюць усе сілы,  каб яно заставалася паспяховым і надалей. Цяжкасці ёсць ва ўсіх, як і прычыны, што перашкаджаюць дабівацца большага, але ж пры ўмелай арганізацыі іх можна мінімізаваць.


На справаздачным сходзе мы прааналізуем вынікі работы, каб пакінуць усё лепшае і пазбавіцца ад хібаў.


Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *