У ЛЮБУЮ СПРАВУ ТРЭБА ДУШУ ЎКЛАСЦІ

Сельское хозяйство

На  мінулым тыдні на Сялецкай малочнатаварнай ферме КСУП “Брагінскі” падводзілі  вынікі  працы  за  11  месяцаў.  З калектывам  сустрэліся  кіраўнік гаспадаркі  Мікалай  Раманюк,  галоўны  эканаміст Таццяна  Шульга,  начальнік аддзела  ідэалагічнай  работы райвыканкама  Ігар Самбук.  Паколькі справы на  МТФ  зусім дрэнныя, размова з жывёлаводамі праходзіла  ў жорскай  і  катэгарычнай  форме.


У параўнанні з мінулым годам надоі малака тут знізіліся амаль у  тры разы – з 81 тоны ў месяц да 31-й. У чым жа прычыны? Сярод асноўных называюцца  цякучасць кадраў, высокі ўзровень захворванняў у кароў, невыкананне гігіенічных нормаў утрымання жывёлы (загноенасць). Як адзначыў Мікалай Аляксеевіч, гэтыя праблемы ўзаемазвязаны, і вырашэнне адной дазволіць  пазбавіцца ад другой.  Напрыклад, з-за таго, што даяркі непастаянныя і працуюць нядобрасумленна (не выдойваюць усё малако, не сочаць  за чысцінёй  вымя), многія каровы захварэлі мастытам. Яго  распаўсюджванню таксама спрыяе  і  бруд у памяшканнях.


Такія адносіны жывёлаводаў да справы здзіўляюць, бо  вядома, што ад надояў і прываг  залежыць іх заробак. Падлічана, што калі на ферме  вытворчасць  малака дасягне  мінулагодніх  паказчыкаў, то даярка будзе атрымліваць прыкладна 4 млн рублёў. Цяпер жа надоі настолькі нізкія, што  многія нават не выходзяць на “мінімалку”, якая сёння крыху больш за мільён. У прыклад працаўнікам Сялецкай МТФ была прыведзена Лубяніцкая, дзе пры меншым пагалоўі кароў надоі ў некалькі разоў вышэй.


Кіраўнік гаспадаркі  паставіў перад жывёлаводамі фермы канкрэтныя задачы, якія патрэбна вырашыць у самы бліжэйшы час.  У першую чаргу акцэнт быў зроблены на дысцыпліну работнікаў: ніякага спіртнога  і “загулаў”.  З  аматарамі перакуліць  чарку-другую  ў працоўны час цырымоніцца тут  больш не будуць.  Таксама на кантролі зараз і тыя, хто звальняецца з сельгаспрадпрыемства, каб адправіцца “ў заробкі” ў Расію. І гэта тады, калі гаспадарцы найбольш патрэбны працоўныя рукі. Але, не знайшоўшы там “лёгкага хлеба”, многія вяртаюцца назад. Паколькі некаторыя робяць такія экскурсіі па некалькі разоў на год, было прынята рашэнне аб пераходзе на кантрактую сістэму найму.


Таксама Мікалай Аляксеевіч расказаў аб дыферанцыраванай аплаце працы, якую плануюць увесці ў гаспадарцы. Сума заробку будзе карэкціравацца  ў  залежнасці ад якасці выкананай  работы.  Лічыцца, што  гэта стане дадатковым стымулам для жывёлаводаў  працаваць  добрасумленна.


Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Самбук звярнуў увагу калектыву фермы і на выкананне ім  тэхнікі бяспекі, на стан бытавых памяшканняў. У пакоях для адпачынку павінна быць чыста і ўтульна, толькі  некаторыя выкарыстоўваюць іх як курылку ці склад для бутэлек з-пад віна. Дарэчы, як паказваюць рэйдавыя праверкі, п’юць спіртное на працы ў многіх сельгаспрадпрыемствах  раёна і нават “сляды  не замятаюць” – пустую тару  складзіруюць тут жа. Напэўна, каб потым здаць у магазін і набыць новых гарачыльных напояў. Але ж сёння захаванне  працоўнай дысцыпліны  знаходзіцца на асобым кантролі, таму да яе парушальнікаў будуць прымяняцца самыя строгія меры.


Зразумела, у гэты няпросты перыяд у дырэктара гаспадаркі не да ўсяго даходзяць рукі, не ўсюды атрымліваецца своечасова пабываць. Але ж на кожнай ферме ёсць загадчык, у прамыя абавязкі якога ўваходзіць і вырашэнне вышэйназваных пытанняў. Іншымі словамі, да плачэўнага становішча на МТФ в. Сялец прывяло нядбалае стаўленне да працы  ўсяго калектыву, таму і выпраўляць яго павінны ўсе разам.  Бо само па сабе нешта робіцца, напэўна, толькі ў казках. Да любой справы трэба і рукі, і галаву, і душу прыкласці.


Жывёлаводы  не  спрачаліся і, здаецца,  прызналі свае памылкі. Таму ёсць надзея, што яны будуць выпраўлены  ў хуткім часе.  Тым больш, што  карысць  ад  гэтага  будзе ўсім: і  работнікам   фермы,  і  гаспадарцы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *