Як даецца вялікае малако, або Чым жыве калектыў фермы

Сельское хозяйство

За адзінаццаць месяцаў жывёлаводы КСУП “Саўгас “Камарынскі” атрымалі найвышэйшыя надоі малака ў разліку на  карову – па 4375 літраў. Прычым нарошчваюць яго вытворчасць  другі год запар. За кошт чаго, мы  спрабавалі высветліць у час наведвання сельгаспрадпрыемства  і  Асарэвіцкай фермы.


Добрыя  ўмовы,
але  стварылі  іх  позна


Гэтую думку загадчык МТФ Васіль Чарнянок паўтараў са шкадаваннем не адзін раз. Каб зразумець іх сэнс, неабходна параўнаць сучасную ферму, своеасаблівую фабрыку малака, з той, якая была ў Асарэвічах раней. Здалі яе ў эксплуатацыю летам, і сёння тут – даільная зала з устаноўкай “Елачка” на 24 месцы, малочны блок, камп’ютар, зручныя ўмовы для работы аператараў машыннага даення, асемянатара, пакой для адпачынку, санвузел.




Асабліва захапляецца Васіль Васільевіч аўтаматызаванай сістэмай, якая сама вызначае, калі дадаіць карову, адключаць апарат.  Не тое, што  вакуумныя  ўстаноўкі. Дойны  статак абслугоўваюць  два аператары,  раней  на такую  колькасць  жывёлы  патрэбна  было пяць.  Ды і праца іх была намнога цяжэйшая, пераважала  ручная.


“Такія ўмо-вы каб раней, хаця б гадоў   дзесяць назад, – з сумам гаварыў кіраўнік падраздзялення, – тады б і моладзь нікуды не паехала, і жылося б тут весялей, і вёска не апусцела б! Крыўдна за тых, каму не давялося пакарыстацца гэтымі дасягненнямі прагрэсу. У 1985-м годзе ў калгасе імя Фрунзе, калі  прыступаў да работы, было 2700 галоў жывёлы,  дойных кароў – 800. Працавалі 44  даяркі,  за год прадавалі дзяржаве 2200 тон малака і 350 тон  мяса. Колькі б прадукцыі маглі  даць у той час  пры  сённяшняй  аснашчанасці фермы!”


У 2006-м гаспадарку далучылі да КСУП “Саўгас “Камарынскі”, і Васіль Васільевіч, вопытны заатэхнік, узначаліў Асарэвіцкую ферму. Яму ж давялося наладжваць тут вытворчы працэс пасля здачы МТФ у эксплуатацыю. Праўда, некаторыя недапрацоўкі будаўнікі пакуль не ўхілілі, што псуе агульны выгляд, але ж работы працягваюцца. Аб’ект яны не пакінулі, яшчэ не гатовы   хлеў  для  цялят  груп  дарошчвання, час   выканаць   тое, што  не  зроблена, ёсць.



Заатэхнічны ўлік цяпер вядзе камп’ютар, за маніторам – выпускнік Рэчыцкага каледжа Мікалай Кацуба, ураджэнец нашага раёна (в. Тэльман). Гледзячы ў табліцы, гаворыць, колькі малака надаілі ад кожнай каровы за суткі, калі яна ацялілася, асемянілася і г.д. Проста і зручна, галоўнае – не памылішся. Селекцыйныя вароты адкрываюцца з дапамогай камп’ютара толькі для той рагулі, якую патрэбна асемяніць. Работа цікавая, малады спецыяліст атрымаў неабходныя веды ў час падрыхтоўкі, калі ўстанаўлівалі праграму.


Даражаць кожным


Працуюць тут звычайныя людзі, што ні асоба –  свой характар, звычкі, нораў. Спецыялісты  і  дырэкцыя знаходзяць агульную мову  з  кожным, цэняць у чалавеку перш за ўсё яго  адносіны да работы, стараннасць.


У Зоі Баран  найбольш адказны ўчастак – раздой першацёлак. Каб прывучыць жывёліну да апарата, аднаго дня мала. Бывае, што і ўдарыць. Мы бачылі спрацаваныя рукі жанчыны, у мазолях, сіняках. Вялікае малако даецца нялёгка. Зоя Мікалаеўна раздаіла ўжо 100 галоў, а зараз у яе – 24 каровы і 34 цяляці. Маладняк  неабходна выхадзіць, не дапусціць паморку.  Па словах Васіля Васільевіча, заработная плата ў аператара машыннага даення  высокая.  Гаспадарка  выдзеліла ёй домік.



Анжэлу Янчанку мы засталі на яе рабочым месцы, у даільнай зале. Удваіх з дачкой Алесяй яны абслугоўваюць 144  каровы.  Ездзяць сюды кожны дзень з Верхніх Жароў, дзе жывуць. Даглядчыкі дойнага статка – Іван Канцавы і Мікалай  Асядач.  Улік  малака  вядзе Алена Шыпіла. Калектыў невялікі, 11 чалавек. І каб кожны сумленна выконваў свае абавязкі, Васілю Чарнянку даводзіцца быць і псіхолагам, і выхавальнікам, праяўляць прынцыповасць, тлумачыць, чым абернецца прагул або п’янка. Паказваючы табель уліку рабочага часу, ён тлумачыць аднаму з даглядчыкаў: “У цябе дзённы заробак – 114 тысяч, за месяц ты зрабіў тры прагулы, вось і падлічы, колькі страціў”. Прасіць аб “памілаванні” – бессэнсоўна, не даруе. Хіба што дапаможа працатэрапія, выкананне работы, якая ў абавязкі не ўваходзіць. Яе на ферме заўсёды шмат, і тады адзін з прагулаў “анулююць”. У жыцці бываюць розныя сітуацыі, спадзяюцца,  што  жывёлавод зразумее і памылак у  далейшым  не паўторыць.



Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўсім выдалі прадуктовыя наборы на суму больш за 500 тысяч рублёў, акрамя гэтага, па 100 тысяч рублёў прэміяльных. Заказалі ўжо і навагоднія падарункі. Клопат аб людзях праяўляюць пастаянна. Ім жа застаецца толькі адно: працаваць плённа, бо ад гэтага залежаць і іх заробкі, і фінансавае становішча гаспадаркі.


Атрымліваць прадукцыю па-трэбна якасную. За лістапад гатункам “экстра” гэтае падраздзяленне прадало 50% малака, вышэйшым – 32%, астатнюю колькасць – першым. Як растлумачыў Васіль Васільевіч, тарыфная стаўка залежыць ад якасці сыравіны.


У 2013-м абновяць
статак поўнасцю


У абедзенны час у Асарэвічы заехаў галоўны заатэхнік КСУП “Саўгас “Камарынскі” Валянцін Бандарэнка, каб пераканацца, што тут усё добра, вырашыць вытворчыя пытанні. Чвэрць веку  свайго жыцця і ён, і Васіль Чарнянок аддалі жывёлагадоўлі. Гэты факт сведчыць пра тое, што ў гаспадарцы ёсць вопытныя спецыялісты з багатай практыкай. У мінулым годзе жывёлаводы “Камарынскага” павялічылі надой малака ад каровы на 500 кілаграмаў, і сёлета, па словах Валянціна Міхайлавіча, яго вытворчасць складзе 103%. Праўда, летам “мінусавалі”. Былі на тое прычыны, адна з іх – са спазненнем вывелі гурты на зялёную траву, з-за чаго недабралі танную прадукцыю. “Пашавы перыяд быў не малочны, – падвёў рысу галоўны заатэхнік. Нас нават на савет упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання выклікалі. Навёрствалі потым упушчанае, каб да канца года  ліквідаваць адставанне і забяспечыць  прыбаўленне малака”.


Разлікі ў спецыялістаў  дакладныя. Па іх размовах я зразумела, што ім лёгка працаваць разам, бо і ў аднаго, і ў другога за плячыма –  багаж ведаў. Павелічэнню вытворчасці прадукцыі са-дзейнічае правільная селекцыйная работа, камарынцы разводзяць галштына-фрызскую пароду. Яна лічыцца найбольш прадуктыўнай. Дадайце сюды пастаяннае абнаўленне статкаў, не менш 25%.


“У бягучым годзе мы ўвядзём у асноўны статак 180 нецеляў, – разважае Васіль Васільевіч, – абновім яго напалову. Да канца  наступнага – яшчэ на 50%, каб замяніць поўнасцю”. Ён разумее, што ферма, у якую ўкла-дзены вялікія сродкі, павінна даваць аддачу. Міністр сельскай гаспадаркі  Леанід Заяц ставіць задачу павялічыць надой малака ад кожнай каровы ў межах усёй рэспублікі. На Асарэвіцкай сёлета надояць больш за чатыры тысячы кілаграмаў, а ў 2013-м  наблізяцца і да пяцітысячнага рубяжа.  Усё для гэтага ёсць, у тым ліку і кармы.  Пра поспехі  тых,  хто  працуе  на ферме ў Прудавіцы,  у  раёне ведаюць, як і пра дасягненні іншых падраздзяленняў.  Настаў час выходзіць у лідары  асарэвіцкім  працаўнікам.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *