ЗАРПЛАТА – НА ЎЗРОЎНІ КІРАЎНІКА

Грамадства

Менавіта так, па словах і губернатара, і спецыялістаў вобласці, раёна павінна, ацэньвацца праца тэхнікаў-асемянатараў, без якіх не будзе ні малака, ні мяса.



За мяжой спецыялістаў па штучным асемяненні, ветурачоў лічаць галоўнымі асобамі на фермах. У Ізраілі, напрыклад, дзе ў разліку на карову атрымліваюць звыш 11 тысяч кілаграмаў малака,  іх заслуга ў такіх высокіх паказчыках не апошняя. Што значаць для вытворчасці майстры сваёй справы, ведаюць і ў нас. Летась начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка правяла раённы семінар, на якім расказала, як тарыфікуецца праца тэхнікаў-асемянатараў, ад чаго залежыць памер даплаты, за што можна прэміраваць. Спаслалася і на пастанову Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь №40, згодна з якой кіраўнік можа павышаць тарыфныя стаўкі (аклады) работнікаў або дыферэнцыраваць іх. Усё гэта павінна садзейнічаць кадраваму забеспячэнню, дэфіцыту  спецыялістаў быць не павінна. Пажадана, каб існаваў конкурс на гэтыя пасады.


І калі на Асарэвіцкай ферме КСУП “Саўгас “Камарынскі” мы сустрэлі маладога тэхніка-асемянатара Святлану Баран, адразу пацікавіліся, як ёй тут працуецца, ці задаволена заробкам. Пытанне гэтае ёй задавалі і заатэхнікі-селекцыянеры ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання (яны пабывалі тут раней). Па словах самой Святланы, матэрыяльна яна не абдзелена. Паколькі МТФ існуе менш за паўгода і гаварыць пра выхад цялят рана, заробак залежыць ад колькасці асемянёных кароў (28 галоў у першы месяц работы).


Стаж асемянатара – сем гадоў, хаця быў перыяд, калі яна даіла кароў. У Асарэвічах моладзі мала, і Святлане давялося выйсці на працу па просьбе дырэкцыі гаспадаркі. Хаця магла адмовіць, бо знаходзілася ў водпуску, а яе дзіцяці не споўнілася тры гады.


Прызнаецца, што на новай ферме для тэхніка-асемянатара створаны добрыя ўмовы, не параўнаць з тымі, якія былі ў часы існавання калгаса імя Фрунзе. Яе стаж адлічваецца з 2004 года, таму параўнаць можа. Пра селекцыйныя вароты наўрад ці ведала, затое цяпер ацаніла перавагі тэхнічнага прагрэсу ў штучным асемяненні. Работа стала менш траўманебяспечнай, што таксама прываблівае ў прафесіі. Маладога спецыяліста ў гаспадарцы цэняць, у час падвядзення вынікаў работы за год на агульных сходах яе адзначаюць са станоўчага боку. Дарэчы, не адну, а разам з маладымі жывёлаводамі, якія, як і Святлана, даражаць тым, што ў іх ёсць: добрае імя, нядрэнныя заробкі, павага людзей. А гэта, згадзіцеся, нямала.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *