За радком Дэкрэта №18

Общество

КАНТРОЛЬ  ЗА  ПРАЦАЙ  –  УЗМАЦНІЦЬ, каб  дзень  не  пачынаўся  з  думкі,  дзе выпіць


Здавалася б, за пяць гадоў дзеяння Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” павінны быць расстаўлены практычна ўсе кропкі над “і” ў арганізацыі работы з катэгорыяй грамадзян, якіх мы называем абавязанымі. Аднак гэтая праблема аказалася настолькі аб’ёмнай і “калючай”, што ўвесь час   даводзіцца шукаць выйсце з тых ці іншых сітуацый. Па-ранейшаму вострым застаецца пытанне прагулаў з боку нядбайных,  што негатыўна адбіваецца на памеры фактычнага  заробку і працэнце пакрыцця расходаў дзяржавы, якая вымушана выхоўваць іх дзяцей. Прычым найбольшы “ўклад” у агульную капілку адведзеных для сябе “выхадных” робяць, як правіла, адны і тыя ж асобы. Няўжо нельга знайсці ўправу?


На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта №18 перад адказнымі службамі была пастаўлена задача ўзмацніць кантроль за выхадамі гора-бацькоў на работу. Яно праходзіла на гэты раз на базе КСУП “Брагінскі”, дзе толькі з ліпеня па кастрычнік абавязанымі асобамі дапушчана 72 прагулы. І амаль усе – на рахунку аднаго чалавека. Такія факты прывяла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Кулабухава, дадаўшы да гэтага выпадкі несвоечасовага  паступлення з сельгаспрадпрыемства інфармацыі аб парушэннях абавязанымі працоўнай дысцыпліны.


Не лепшым чынам таксама ўплывае на агульны вынік і сітуацыя, калі не назіраецца разумення з боку пэўных асобаў, якія ў сілу сваіх службовых абавязкаў павінны займацца прафілактыкай, садзейнічаць таму, каб не парушалася схема агульнай работы.


У “Брагінскім”, дарэчы, перавыхаванне працай праходзяць чацвёра, і яны – не з безнадзейных. Да траіх увогуле прэтэнзій няма. Максімальную запазычанасць накапіла  злосная прагульшчыца: дзяржаве патрэбна вярнуць больш як 36 мільёнаў.  Таму мясцоваму ўчастковаму інспектару міліцыі даручана ўзяць пад асаблівы кантроль яе яўку на работу.


Разглядаліся таксама на пасяджэнні магчымасці забеспячэння абавязаных асобаў больш высокааплатнай работай. У нашым раёне гэта, як правіла, можна арганізаваць толькі ўнутры сельгаспрадпрыемстваў, бо пераважная большасць такіх бацькоў “аформлены” ў КСУПы – як і прадугледжвае Дэкрэт, па месцы пражывання. А работа, якая больш аплачваецца, патрабуе і большай адказнасці. Таму наймальнікі ідуць насустрач (напрыклад, у тым жа пераводзе з паляводаў у жывёлаводы), толькі будучы ўпэўненымі: гэты чалавек справіцца.


Зразумела, абавязаныя асобы – кантынгент няпросты: многія злоўжываюць алкаголем, пабывалі на «зоне», маральна няўстойлівыя, з надломленай псіхікай… Але іх у нашым раёне налічваецца не так і шмат – 52 чалавекі, таму кожны павінен быць у полі зроку, пад пільным кантролем. Каб  дзень пачынаўся не з думкі, дзе выпіць, а з работы.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ