АГУЛЬНЫ БОЛЬ, АГУЛЬНЫ КЛОПАТ

Общество

Каб прааналізаваць работу па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці, выявіць недахопы і прыняць меры па далейшым удасканаленні дзейнасці, накіраванай на папярэджанне негатыўных з’яў у грамадстве, абарону дзя-цінства, на сумеснае пасяджэнне сабраліся члены раённай камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета па выкананні прэзідэнцкага Дэкрэта №18 пад старшынствам Ганны Бабрынёвай. У абмеркаванні хвалюючых пытанняў прынялі ўдзел кіраўнікі пасялковага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, участковыя інспектары міліцыі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, іншыя зацікаўленыя асобы.


Тая прыкрая акалічнасць, што на тэрыторыі Брагіншчыны адбыўся рост злачыннасці сярод падлеткаў, паслужыла своеасаблівым сігналам SОS: у чым хаваецца прычына? Перасячэнне мяжы, пакладзенай законам, сведчыць аб крайняй форме непавагі да грамадскіх нормаў. Але імгненнага маральнага падзення не бывае. Таму важна выявіць, што іменна прывяло чалавека ў такім юным узросце да супрацьпраўных учынкаў і дзе ў прафілактычнай рабоце дапушчаны пралікі.


Трывожную статыстыку прывяла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Ясінская: колькасць злачынстваў, здзейсненых падлеткамі, вырасла з 10 ў 2011 годзе да 15 ў 2012-м. Пры гэтым шэсць з іх – на рахунку аднаго юнака. Зараз, дарэчы, ужо паўналетняга (адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі). Пераважаюць крадзяжы – 11. На шэсць злачынстваў пайшлі школьнікі, на пяць – навучэнцы ПТВ, на тры – непрацуючыя. Усе антызаконныя факты зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, а найбольшая іх колькасць – на тэрыторыі Камарынскага пасялковага Савета (7).


Што ж датычыць адміністрацыйнай адказнасці, то да яе за здзейсненыя правапарушэнні ў мінулым годзе  прыцягнута 88 непаўналетніх (для параўнання: у 2011-м – 92). Павялічыліся факты дробных хуліганстваў, ужывання спіртнога, дробных кра-дзяжоў, наўмыснага пашкоджання маёмасці. Менш стала парушэнняў правілаў дарожнага руху юнымі пешаходамі, эксплуатацыі транспартных сродкаў, выпадкаў кіравання тэхнікай  асобамі, якія не маюць на тое правоў.


З 17 да 31 вырасла колькасць  разгледжаных матэрыялаў, што датычаць невыканання абавязкаў бацькамі па выхаванні сваіх дзяцей. Камісіяй па справах непаўналетніх было накладзена амаль чатыры з паловай мільёны адміністрацыйных штрафаў.


Зразумела: сёння патрэбна шукаць больш дзейсныя, жывыя і неардынарныя формы прафілактычнай  работы з дзецьмі і іх бацькамі. Каб прысутнічаў наглядны прыклад, было ўяўленне, куды можа зацягнуць злачынная багна, павуціна заганаў. У якасці выніковай у гэтым плане прыводзілася паездка вучняў у цэнтр рэабілітацыі былых алкаголікаў і наркаманаў, дзе дзеці пазнаёміліся з людзьмі, якія паспрабавалі спіртное і псіхатропныя рэчывы ў школьным узросце і самі расказалі, да чаго такая бяздумнасць прывяла.


Прысутныя выказвалі свае прапановы па далейшым удасканаленні работы ў даным напрамку, дзяліліся, з якімі праблемамі ім даводзіцца сутыкацца, вызначалі арыенціры на новы год.  Спыніліся на такіх важных аспектах, як міжведамаснае ўзаемадзеянне, фарміраванне прававой культуры падлеткаў, індывідуальны падыход да кожнага. З парадку дня не будзе знята практыка выязных пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх, рэйдаў па месцах адпачынку, наведвання  так званымі цяжкімі падлеткамі ізалятара часовага ўтрымання РАУС і інш. За межамі бальніцы плануецца адкрыць кабінет для аказання ананімнай кансультацыі нарколагам непаўналетнім і іх бацькам. Іншымі словамі, падыход да арганізацыі работы па папярэ-джанні злачынстваў і правапарушэнняў – комплексны.


У гэты ж дзень аналізавалі і працу па ўтрыманні з гора-бацькоў грашовых сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. Па даных дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярыны Скараход, зараз на ўліку ў аддзеле адукацыі райвыканкама знаходзіцца 47 абавязаных асоб, але толькі трое вяртаюць запазычанасць у поўным аб’ёме. За мінулы год давялося кампенсаваць дзяржаве 48,1% (сярэднеабласны паказчык –  62%), а ў снежні, дарэчы, усе сто працэнтаў – дзякуючы аднаўленню ў бацькоўскіх правах маці дваіх дзяцей, якая вызвалена ад выплаты запазычанасці, у выніку чаго 31 000 000 рублёў “спісаны”.


Аналізуючы сітуацыю, Кацярына Анатольеўна спынілася на фактарах, што перашкаджаюць дасягаць жадаемага эфекту ў спагнанні з абавязаных асоб дзяржаўных затрат. У гэтым ліку называліся і нізкія заробкі, якія пры ўмове поўнага вяртання доўгу павінны дасягаць  не менш чым пяць мільёнаў, і размеркаванне сродкаў ад 33,5% гора-бацькоў па некалькіх адрасах, дзе знаходзяцца іх дзеці, у выніку чаго ў раён вяртаецца не 70% ад заробленага нядбайнымі, а 15-25%, і іншыя прычыны. На першага студзеня 2013-га запазычанасць абавязаных асоб перад дзяржавай склала 480 446 780 рублёў. Каб павысіць працэнт спагнання фінансавых затрат, перад адказнымі службамі пастаўлена задача выкарыстаць усе рэзервы, сродкі і магчымасці.


Праблемы падлеткавай занятасці, п’янства, сямейнага недабрабыту… Агульны боль і агульны клопат. Не будзе збою ў сістэме міжведамаснага ўзаемадзеяння – сумесныя намаганні абавязкова прынясуць плён.   


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ