КАБ АДЧУЛІ КЛОПАТ І ПАВАГУ…

Грамадства

На мінулым тыдні Гомельшчына адзначала 75-годдзе з дня ўтварэння. Да гэтай падзеі былі прымеркаваны многія знакавыя мерапрыемствы, у тым ліку і адкрыццё  ў Камарыне аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога  ўзросту Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва.  Сведкамі гэтага ўрачыстага моманту сталі намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Трызна, старшыня райвыканкама  Аляксандр Ятчанка і іншыя пасадавыя асобы.


Двухпавярховае памяшканне былога дзіцячага садка было пабудавана каля 40 гадоў назад. Пасля ў ім размяшчалася паліклініка. І вось зараз яно гатова прыняць людзей састарэлага ўзросту. Плануецца, што ў інтэрнаце будуць жыць адзінокія пажылыя людзі і грамадзяне, якія ў сілу свайго ўзросту і дрэннага здароўя маюць патрэбу ў спецыяльным доглядзе. 


Установа  адпавядае ўсім умовам камфортнага пражывання, з  сучасным інтэр’ерам.  Да паслуг пастаяльцаў  –  двух-, трох- і чатырохмесныя ўтульныя пакоі. Дарэчы, у кожным ёсць тэлевізар. Акрамя таго, глядзець  любімыя тэлеперадачы яны змогуць і ў фае, дзе стаіць мяккая мэбля. Абедаць будуць у прасторнай  сталовай. Пры гэтым на кожным паверсе  ёсць  халадзільнікі, дзе можна захоўваць асабістыя  прадукты харчавання.
Персанал  аддзялення – мясцовыя жыхары. Для іх створана 15 працоўных месцаў. Спектр паслуг установы: пражыванне, харчаванне і кругласутачны догляд. Медыцынскіх  паслуг  тут  аказваць  не плануюць, але  неабходны медыцынскі мінімум састарэлым  прадугледжаны – і  ціск памераюць, і за прыёмам лекаў прасочаць.


Застаецца спадзявацца, што пастаяльцам у аддзяленні  спадабаецца, што тут ім будзе ўтульна, камфортна і бяспечна. І што адчуюць сябе тут яны як дома, а некаторыя нават і лепш,  бо тут яны не будуць адзінокія.


Дарэчы, на рэканструкцыю будынка абласныя і раённыя ўлады выдзелілі  больш за 2,5 млрд рублёў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *