ХАЙ БУДЗЕ НА ЗЯМЛІ БОЛЬШ ШЧАСЦЯ

Грамадства

З  20 лістапада па 20 студзеня жыхары раёна  змаглі  прыняць  удзел  у трох  дабрачынных акцыях па зборы грашовых сродкаў,  рэчаў і падарункаў  для  дзяцей,  якія  жывуць  у нястачы.



Новы год застаўся ў мінулым. Кожны з нас сустракаў яго па-рознаму. Нехта  – сярод сяброў, а нехта – з роднымі. Адны – ва ўтульных кватэрах, другія – у рэстаранах ці кафэ. Але ўсіх нас у тыя дні  аб’ядноўвала чаканне  цёплага, вясёлага, сямейнага  свята.  Асаб-ліва  дзяцей, якія вераць у казку і Дзеда Мароза.


На жаль, у нашым раёне ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па  пэўных  абставінах  былі вымушаны правесці  святочныя дні  не  ў  сямейным  кругу, а ў Асарэвіцкім  сацыяльным прытулку.  А  можа  ім,  наадварот, пашанцавала?  Бо ў дзяржаўнай  установе дзеці, вядома ж, апынуліся   не  з-за шчаслівага жыцця…


– Новы год у прытулку сустракалі 24 непаўналетнія, – паведаміла дырэктар ДУА “Брагінскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” і  старшыня раённага аддзялення “Беларускі дзіцячы фонд” Кацярына Скараход.  – Без увагі і клопату з іх не застаўся ніхто. А каб падняць выхаванцам настрой, азмрочаны развітаннем з бацькамі, ва ўстанове была створана святочная атмасфера. Бо, нават нягледзечы на праблемы ў сем’ях, дзеці з нецярплівасцю чакалі свята. І нам,  дарослым, патрэбна было зрабіць усё, каб іх надзеі не згаслі, а жаданні змаглі рэалізавацца. Дзеля гэтага і была арганізавана дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.


Сярод актыўных яе ўдзельнікаў Кацярына Анатольеўна называе калектывы раённага спажывецкага таварыства (кіраўнік –Надзея Кукрак), інспекцыі па падатках і зборах па Брагінскім раёне (Валянціна Сукач),  КЖУП “Брагінскае” (Аляксандр Атрошчанка), ААТ “ААБ Беларусбанк” (Таццяна Данчанка), КСУП “Саўгас “Камарынскі” (Рыгор Анапрэенка),  раённага аддзела па надзвычайных сітуацых (Аляксандр Зак), раённага аддзела ўнутраных спраў (Валерый Чэкан), раённага аддзела Следчага камітэта (Сяргей Канцавы), Камарынскай сярэдняй школы (Фёдар Ермакоў), РК прафсаюза работнікаў дзяржслужачых (Ніна Кавалёк), РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (Таццяна Лаханская), РК ГА “БРСМ” (Сяргей Даўгулявец). Акрамя традыцыйных салодкіх падарункаў, хлопчыкам і дзяўчынкам былі перададзены канцылярскія тавары, школьныя праналежнасці, спартыўны інвентар, настольныя гульні, прадметы асабістай гігіены. Радасць дзяцей была бязмерная.


Незабыўнае ўражанне пакінула і  паездка на раённае навагодняе дабрачыннае свята, дзе выхаванцы прытулку разам з іншымі дзецьмі глядзелі тэатралізаванае прадстаўленне і ўдзельнічалі ў гульнях і конкурсах. Таксама весела прайшоў святочны ранішнік, арганізаваны сумесна з супрацоўнікамі культуры ў Асарэвіцкім цэнтры народнай творчасці.


Выдатнай магчымасцю праявіць  міласэрнасць і ўнесці свой уклад у дабрачыннасць для кожнага жыхара раёна сталі таксама акцыі “Нашы сэрцы – хворым дзецям” і “Нашы сэрцы – дзецям”. Нягледзечы на падобныя назвы, міссіі ў іх былі розныя. Напрыклад, у рамках першай падарункі атрымалі маленькія пацыенты раённай бальніцы і выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. А ўдзельнікі другой  садзейнічалі паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы Асарэвіцкага сацыяльнага прытулку, збіралі адзенне і цацкі.


– Спачуванне і міласэрнасць жывуць у кожным, – гаворыць Кацярына Данчанка.  –  Галоўнае – не закрываць вочы і не праходзіць міма, калі некаму патрабуецца  дапамога. Ад сябе, а таксама ад імя выхаванцаў і калектыву прытулку дзякую ўсім, хто адгукнуўся, за неабыякавасць і праяўленыя ўвагу  і  дабрыню да дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *