ААТ “Імя Жукава”: час перамен

Сельское хозяйство

У памяці засталася паездка на хлебнае поле з былым дырэктарам КСУП імя Жукава Рыгорам Дзегцярэнкам. Ішла ўборка зерневых ураджаю-2012, вадзіцелі гаспадаркі першымі ў раёне перавезлі па тысячы тон збожжа. У іх адрас, дарэчы, потым былі накіраваны лісты з падзякай ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. Прозвішчы лідараў жніва ў рэдакцыі ўжо ведалі, таму мы з фотакарэспандэнтам Вольгай Паляшчук паспяшаліся да гэтых людзей, каб сфатаграфаваць і напісаць пра іх . Рыгор Рыгоравіч ахвотна расказваў пра кожнага, жартаваў. Ужо тады было вядома, што  і па валавым зборы, і па ўраджайнасці КСУП імя Жукава будзе ў ліку лепшых. Так яно і атрымалася. Рапс да таго часу паспелі ўбраць і, як сведчылі лічбы, па намалоце насення з кожнага гектара менавіта гэтае сельгаспрадпрыемства займала першы радок у раённай зводцы. На жаль, парадавацца вынікам плённай працы, адсвяткаваць “Дажынкі” разам з хлебаробамі Рыгор Рыгоравіч не паспеў…



Галоўны аграном Сяргей Міхаленка (цяпер ужо ААТ “Імя Жукава”) першым выйшаў на трыбуну, каб праінфармаваць, чаго ж дасягнуў калектыў у  раслінаводчай галіне ў мінулым годзе і што запланавана на 2013-ты. Валавы збор зерневых і зернебабовых склаў 10 698 тон (другое месца ў раёне), кукурузы – 3292 тоны (другое месца), бульбы – 1733 тоны. Падмурак будучаму ўраджаю часткова закладзены з восені, азімымі занята 1870 гектараў. Засеяны яны насеннем першай рэпрадукцыі (пшаніца, трыцікале – элітай). План сяўбы яравых немалы (2281 га), сёлета плануюць намалаціць 11 286 тон зерня.


З выступлення галоўнага заатэхніка Святланы Козел прысутныя даведаліся, якое пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы, колькі малака надаілі і прадалі, якой якасцю, якія прывагі атрымалі. Як зазначыла потым начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка,  голай канстатацыі фактаў мала, неабходны глыбокі аналіз работы ўсіх вытворчых падраздзяленняў, з параўнаннямі, вывадамі, калі патрэбна – указаннем прозвішчаў  тых, хто парушае дысцыпліну.  Час  сёння іншы, да таго ж гаспадарка  стала  адкрытым акцыянерным  таварыствам, а гэта мяняе сутнасць  справы, бо ў агульным  здабытку, матэрыяльных каштоўнасцях  ААТ  “Імя Жукава” –  акцыі  кожнага  члена калектыву.


Аб тым, што ў 2013-м давядзецца жыць за ўласныя сродкі, вяскоўцам нагадаў галоўны інжынер Юрый Коваль. Мелася на ўвазе, што фінансавай падтрымкі ў тых аб’ёмах, у якіх  яна аказвалася ў папярэднія гады на гаруча-змазачныя матэрыялы  (раёну  ў  2012-м тройчы  выдзялялі  па  мільярду рублёў),  і  не толькі, цяпер  не  бу-дзе. ГЗМ набываюць самі, як і запчасткі, тэхніку. Бяруць на гэтыя мэты крэдыты ў банку, а за іх неабходна разлічвацца. Давядзецца эканоміць паліва, павялічваць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.



Раману Козелу даручылі  кіраўніцтва КСУП імя Жукава ў другой палове 2012 года. За кароткі час маладому дырэктару неабходна было ўвайсці ў курс спраў, не дапусціць спаду вытворчасці, заваяваць аўтарытэт і давер людзей. Не ўсё атрымалася з таго, што планавалі, але ж рукі не апускаюць. “Кульгае” жывёлагадоўчая галіна, і адна з прычын – дысцыпліна. Сёлета павінны захаваць увесь  маладняк і павялічыць сярэднясутачныя прывагі, пагалоўе. З гэтай мэтай пачнуць будаўніцтва новай фермы з даільнай залай, правядуць рэканструкцыю на старых фермах. Вось толькі хто будзе працаваць на іх? Няўжо давядзецца вазіць беспрацоўных з Брагіна? Хацелася б спадзявацца, што да гэтага справа не дойдзе. А што будуць рабіць мясцовыя жыхары?


Па тоне ў голасе адчувалася: малады кіраўнік настроены рашуча. Яго папярэджанне п’яніцам, злодзеям аб тым, што літасці не будзе нікому, калі прымусяць, з шасці на вытворчасці пакінуць траіх, і ім будуць плаціць заработную плату звольненых, павінна падзейнічаць.


Будуць узводзіць жыллё  для працаўнікоў гаспадаркі (не менш чым пяць домікаў), сёлета павінны здаць у эксплуатацыю тры ў Рыжкаве, каб вырашыць кадравае пытанне і замацаваць спецыялістаў на сяле.


Валянціна Дзегцярэнка гаварыла пераканаўча, але ж эмоцый не хавала, старалася данесці да свядомасці  людзей, што сёння важны эканамічны эфект, на канчатковы вынік павінны працаваць усе. Тое, што выручку летась павялічылі ў 243 разы, добра, але ж гэтыя працэнты складваліся наступным чынам: за кошт аб’ёмаў прадукцыі – 26,8,  астатняе – за кошт павышэння цэн. Перакосы ў дзейнасці ААТ “Імя Жукава”ёсць, як, дарэчы, у многіх прадпрыемствах раёна. Паколькі напрамак іх развіцця – мяса-малочны, то ўдзельная вага жывёлагадоўчай прадукцыі ў выручцы павінна складаць 60-70%. Атрымліваецца наадварот, “выцягвае” раслінаводчая галіна. Валянціна Рыгораўна нагадала аб праграме мадэрнізацыі сельгасвытворчасці на 2013-2015 гг., якая прадугледжвае атрыманне выручкі на аднаго працаўніка не менш за 40 тысяч долараў.


Гэтую тэму развіў галоўны эканаміст ААТ “Імя Жукава” Віктар Ганчар, ахарактарызаваў фінансавае становішча, назваў планавыя лічбы, на якія неабходна выйсці сёлета, шляхі дасягнення намечанага. Дапоўніў яго галоўны бухгалтар Дзяніс Астапенка.


У рабоце сходу прыняў удзел першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец. Яго непакоіць, што на самых урадлівых у раёне землях, а яны ў ААТ “Імя Жукава” менавіта такія, у разліку на бала-гектар  атрымалі не 110 кілаграмаў зерня, а  96. Пётр Іванавіч таксама шмат увагі ўдзяліў дысцыпліне, асабліва сярод жывёлаводаў, параіў ім сабрацца разам і абмеркаваць, як жыць далей. Сёння кожны сам дае ацэнку сваёй дзейнасці, і рабіць гэта патрэбна прынцыпова.


Тым, хто на працягу года добра працаваў, уручылі грашовыя прэміі, затым вяскоўцаў чакаў канцэрт.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *