ААТ «Камарынскі»: стабільнасць і надзейнасць

Сельское хозяйство



У Краснае, дзе падводзілі вынікі работы за мінулы год працаўнікі КСУП “Саўгас “Камарынскі” (зараз – адкрытага акцыянернага таварыства “Камарынскі”), мы ехалі невыпадкова. Па-першае, гэтае прадпрыемства дасягнула значных поспехаў у вытворчасці сельгаспрадукцыі, па-другое, дырэктару Рыгору Анапрэенку ўручалі Ганаровыя граматы абласнога выканаўчага камітэта  і абласнога Савета дэпутатаў, Брагінскага раённага Савета дэпутатаў, па-трэцяе, каб зазірнуць у заўтрашні дзень “Камарынскага” ў новым статусе, даведацца пра перспектывы развіцця.


Кіраўніцтва гаспадаркі імкнецца да ўдасканалення і стабільнасці. Тут склаўся свой стыль работы, у аснове якога – дакладныя разлікі і павага да людзей. І галоўныя сходы года Рыгор  Анапрэенка  пачынае заўсёды сам, прычым робіць грунтоўныя і скрупулёзныя даклады, з глыбокім аналізам, яскравымі прыкладамі. Лічбаў прыводзіцца шмат,   каб людзі зразумелі, з чаго складваюцца даходы і расходы, на чым страцілі,  параўноўвае вынікі, супастаўляе факты, часам жартуе. Да слова, на энерганосьбіты затрацілі каля 4 млрд рублёў, практычна ўсю выручку ад малака, хаця можна было на гэтым сэканоміць 20-25%.


Сумна было слухаць пра тое, што кожны год на 5% змяншаецца колькасць працуючых, летась – на 9 чалавек. У 1995-м у саўгасе “Камарынскі” было 46 трактароў, зараз – 41, і гэта пры тым, што пасля аб’яднання з суседзямі далучылі іх зямлі, а гэта – немалыя плошчы.


Калі гаварыць пра дасягнутае, сабекошт прадукцыі, эканомію, затраты, неабходна ўлічваць тэрыторыю  прадпрыемства, аддаленасць вытворчых памяшканняў ад цэнтральнай сядзібы. Як падкрэсліў Рыгор Мікалаевіч, прынцып параўнальнасці, які існаваў у савецкія часы пры арганізацыі спаборніцтва, павінен быць і зараз. Кармы практычна дастаўляюць на фермы па два разы, першы – калі закладваюць у траншэі, другі – калі развозяць па вытворчых падраздзяленнях. Тое ж самае і з мінеральнымі ўгнаеннямі. У выйгрышы гаспадаркі, якія знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах ад Мазыра. Склады для  захоўвання “вітамінаў урадлівасці” ім не патрэбны, загружаюць РУМы  на базе і вязуць мінеральныя прама на поле. Камарынцам жа спачатку неабходна прывезці  іх з  Хойнік, складзіраваць,  потым уносіць.


Дарэчы, і пры вызначэнні лепшых камбайнераў, вадзіцеляў, на яго думку, неабходна браць пад  увагу тона-кіламетры.


З гумарам, у якім адчуваўся непрыхаваны боль, расказаў, што за дзесяць гадоў апрабавалі чатыры віды прыбораў уліку і кантролю ГЗМ, і нават  навігацыйную сістэму. Вынік – нулявы, бо не знайшоў аднадумцаў сярод спецыялістаў… Рыгор Мікалаевіч назваў, колькі за год прастойваў у гаражы адзін трактар (на два месяцы больш), якая выпрацоўка ў таго або іншага механізатара, іх заробкі. Вопытныя і сумленныя трактарысты  атрымалі за год неблагія сумы – па 80 млн рублёў, але ёсць і такія, у каго яны склалі ўсяго па 18 млн. Кіраўнік стараўся данесці да свядомасці вяскоўцаў, што справа не ў старой або новай тэхніцы, а ў адносінах механізатараў да сваёй работы.


Летась “Камарынскі” шмат будаваў, напрыклад, даільна-малочны блок у Прудавіцы абышоўся ў чатыры мільярды рублёў. Аналагічны ў Асарэвічах  запусцілі ў работу ў другой палове мінулага года. Прысутныя даведаліся, як спрацавала жывёлагадоўчая галіна, на чым страцілі (на якасці жывёлагадоўчай прадукцыі – 1 млрд 300 млн), а таксама з якімі вынікамі завяршылі год лепшыя аператары машыннага даення, даглядчыкі.


З боку здавалася, што дырэктар вядзе нетаропкі расказ, настолькі лагічна і паслядоўна быў прадуманы  кожны  раздзел даклада,  хаця  размова ішла аб сур’-ёзных і жыццёва важных паняццях (гэта потым адзначыць у сваім выступленні і старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка). На бягучы год камарынцы запланавалі атрымаць 8600 тон зерня, па 26 цнт з гектара, 2515 тон малака, рэалізаваць 200 племянных цялушак і бычкоў, заняцца рэканструкцыяй жывёлагадоўчых памяшканняў, завяршыць будаўнічыя работы і добраўпарадкаванне на ферме ў Прудавіцы, зрабіць рэвізію ўсіх сельгасугоддзяў. Калі адным сказам – за аснову ў рабоце ўзяць якасць, перайсці ад экстэнсіўнага да інтэнсіўнага развіцця, высяваць сарты і культуры, якія будуць даваць аддачу, у разліку на карову надаіць па 5,5 тысячы тон малака. А  яшчэ   выключыць  пагадзінную сістэму  аплаты  працы.


Галоўным спецыялістам заставалася толькі дапоўніць свайго кіраўніка. Дарэчы, кожнаму з іх задавалася канкрэтнае пытанне, аграному – калі гаспадарка будзе жыць за сродкі ад рэалізацыі раслінаводчай прадукцыі, як вырасціць і прадаць тры тысячы тон кукурузы, стварыць круглагадзічны запас кармоў. Заатэхнік павінен падумаць аб арганізацыі работы ў даільных залах, дзе ўстаноўлены камп’ютары і нагрузка на кожнага аператара ўзрастае, а ён не ў стане запомніць, калі якую карову асемяніць. Неабходны дакладны заатэхнічны ўлік. Галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу давялося трымаць адказ, чаму такі высокі працэнт невытворчага выбыцця жывёлы (найбольшы за апошнія дзесяць гадоў), інжынеру – як скараціць выдаткі на рамонт  і прастой тэхнікі.


Іх адказы каменціраваў кіраўнік раёна, рабіў заўвагі, уносіў прапановы. Аляксандр Пятровіч прыехаў у гаспадарку з ганаровай місіяй: уручыць Рыгору Анапрэенку Ганаровыя граматы за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Брагінскага раёна.


Затым пачалося абмеркаванне калектыўнага дагавора. Дырэктар прапанаваў унесці ў яго пункт аб матэрыяльным заахвочванні юнакоў, якія вярнуліся з арміі на працу ў родную гаспадарку. Вяскоўцы прагаласавалі за гэта аднагалосна.


Падвялі вынікі спаборніцтва, яго пераможцы атрымалі грашовыя прэміі. Дарэчы, на матэрыяльнае заахвочванне ААТ “Камарынскі” выдаткаваў 165 млн рублёў.


Застаецца пажадаць, каб тое,  што намецілі, збылося, крытыка, якая прагучала на сходзе, была ўспрынята правільна. Ёсць значныя дасягненні, але ж ёсць і ўпушчэнні. Ад іх, ёсць надзея, камарынцы ў 2013-м пазбавяцца


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *