КСУП “БРАГІНСКІ”: ЯШЧЭ НЕ ЎСЁ СТРАЧАНА

Сельское хозяйство

Здаецца, знешне нічога не змянілася за апошнія два гады ў жыцці аграгарадка Вуглы. Той жа  цэнтр культуры і вольнага часу, вялікая колькасць асабістых аўтамабіляў каля будынка, прасторная зала, знаёмыя твары людзей, якія сабраліся падвесці вынікі работы за мінулы год… Не  было на гэты раз характэрнай для такіх мерапрыемстваў урачыстасці,  відэафільма пра будні і святы працаўнікоў перадавой гаспадаркі, дарагіх падарункаў пераможцам спаборніцтва. Усё выглядала больш сціпла, стрымана,  на працягу схода ў зале панавала цішыня. Размова ішла сур’ёзная, і кожны, мабыць, разумеў, што вызначаецца не толькі лёс сельгаспрадпрыемства, але і яго асабісты.


Каб паслухаць спецыялістаў, кіраўніка гаспадаркі, даведацца, на якія параметры яны плануюць вывесці ордэна Леніна КСУП “Брагінскі” ў 2013-м годзе, у Вуглы прыехаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Ятчанка. Ён жа задаў тон размовы, і ўжо першая фраза, сказаная ім, прымусіла вяскоўцаў апусціць галовы. “У 2012-м вы дапусцілі адставанне па ўсіх вытворчых паказчыках, і сёння я хацеў бы пачуць, як будзеце выжываць у гэтай няпростай сітуацыі, – з болем  зазначыў кіраўнік раёна і ўзгадаў, як шырока  адзначаліся юбілеі адной са старэйшых у рэспубліцы гаспадарак, якая славілася высокімі дасягненнямі, па многіх пазіцыях займала першае або другое месца.



А сёння тут не хапае грошай на выплату заработнай платы, падаткі, разлікі за электраэнергію, вяртанне даўгоў… На нарадах усіх узроўняў “Брагінскі”  ўзгадваюць з адмоўнага боку. Дык і ёсць за што. Атрымалі невысокія ўраджаі зерневых і зернебабовых культур, знізілі вытворчасць малака ледзь не на палову (69,9% да ўзроўню 2011-га), у разліку на карову надаілі  па 3036 кілаграмаў (мінус 791 кг). Рэалізацыя – 67,4%. Пагоршылі якасныя паказчыкі малака, таварнасць (а яна – найніжэйшая ў раёне) склала 76,1%, да 2011-га – мінус 2,9%.


Па аб’ёме выручкі КСУП “Брагінскі” раней займала ў раёне другое месца, у мінулым годзе “з’ехала” на пятае, атрымала 23 млрд 538 млн рублёў. “За якія сродкі думаеце жыць?” – пытаўся старшыня райвыканкама ў прысутных. І ў той жа час даваў падказку: неабходна сур’ёзна заняцца вырошчваннем кукурузы на зерне, як гэта робіць ААТ “Чамярыскі”. З намалочаных у раёне 13 000 тон курузы 5000 тон – на рахунку чамярысцаў, якія па аб’ёме выручкі ў асобныя месяцы абыходзілі нават “Малажынскі”. Ад рэалізацыі “каралевы палёў” яны атрымалі каля 8 млрд рублёў.


Галоўны эканаміст гаспадаркі Таццяна Шульга прызналася, што другі год запар КСУП “Брагінскі” не спраўляецца з выкананнем прагнозных паказчыкаў, “цягне” ўніз вытворчасць малака. Страты  па гэтай прычыне выліліся ў  1 млрд 315 млн рублёў, а ў цэлым па жывёлагадоўчай галіне –  больш чым чатыры мільярды (на заработную плату калектыву на квартал). Ураджайнасць зерневых склала  23,9 цнт з гектара, курузы –  24 цнт (па раёне – 62). Парадаваў толькі рапс. Ад рэалізацыі раслінаводчай прадукцыі выручылі крыху больш за 9 млрд рублёў, а гэтых грошай недастаткова.



Выслухаўшы, колькі прадукцыі плануюць атрымаць у 2013-м, Аляксандр Пятровіч унёс карэкціроўку і паставіў задачу павялічыць выручку ў 1,5 раза. “Жывіце рэальнымі лічбамі, – заўважыў ён. – 3700 кілаграмаў малака за год вы не надоіце, як запісалі на паперах. 


Добра, калі атрымаеце па 3300-3400 кг. Работу над выкананнем прагнозных паказчыкаў неабходна пачынаць з планавання. У большасці гаспадарак асноўны даход прыносіць жывёлагадоўля, у вас – наадварот. Сёння яшчэ можна выправіць становішча, а для гэтага давядзецца перагледзець структуру пасяўных плошчаў, каб павялічыць валавыя зборы зерня. Яно павінна “працаваць” на малако і мяса. Кукуруза добра родзіць на тарфяніках, толькі сеяць яе неабходна своечасова, каб выспела да верасня, да дажджоў”.


Кіраўнік раёна прыехаў у КСУП “Брагінскі” з дакладнымі разлікамі, таму раіў, якое пагалоўе неабходна мець, колькі кукурузы пасеяць, каб палепшыць фінансавае становішча, не раз падкрэсліваў, што ў калектыва ёсць магчымасць выйсці на высокія паказчыкі, што не ўсё яшчэ страчана.


Упэўненасць гэтая з’явілася і пасля выступлення галоўнага агранома Юрыя Ясінскага. Ён акрэсліў  галоўныя задачы ў раслінаводчай галіне: работа з арганікай, яе неабходна ўнесці на палі не менш чым 60-80 тысяч тон, што  дазволіць сэканоміць на азотных угнаеннях, КАСамі, якія будуць уносіць у асноўную падкормку пад кукурузу, перазалужэнне, стварэнне выпасаў.


Нялёгка  было трымаць справаздачу галоўнаму заатэхніку Вячаславу Бараноўскаму, бо пазіцыі ў гэтай галіне страчаны. Але ж і адчайвацца не варта. “У нас ёсць нецелі, ёсць сумленныя людзі, якія ўмеюць працаваць, становішча выправім”, – сказаў ён і звярнуўся з просьбай да жывёлаводаў, каб дапамаглі ім, спецыялістам, рэалізаваць пастаўленыя задачы. Галоўнае – раздаіць першацёлак, захаваць маладняк. У Лубяніках, напрыклад, ад іх атрымліваюць па 17-22 кілаграмы малака.



Як зазначыў Аляксандр Пятровіч, зрабіць гэта неабходна, бо 40% малака карова дае ў першыя сто дзён пасля ацёлу. Ён жа нагадаў і пра дакладны ўлік у рабоце асемянатара, страты ад запуску (раней тэрміну) кароў.


Галоўны сход года праходзіў з элементамі вучобы, калі можна так сказаць, бо тое, пра што гаварылася, мабыць, было вядома многім, але ж не прымянялася на практыцы. Інакш  такіх мінусаў не было б.


Інжынер па працаёмкіх працэсах Аляксандр Кацуба праінфармаваў аб гатоўнасці тэхнікі да веснавых палявых работ. Напярэдадні ў майстэрні пабывалі прадстаўнікі Дзяржкантралю, якія далі высокую ацэнку арганізацыі работы па рамонце сельгасмашын, дарэчы, сваімі сіламі. Даведаліся працаўнікі “Брагінскага”, якая ў іх запазычанасць па крэдытах, адкуль яны ўзяліся, абмеркавалі калектыўны дагавор, асобныя яго пункты.


Вынікі работы падвёў в.а. дырэктара Мікалай Раманюк, які запэўніў, што ўсе заўвагі будуць улічаны, разам са спецыялістамі яны яшчэ раз прааналізуюць планавыя лічбы, каб павялічыць аб’ёмы прадукцыі і справіцца з прагнознымі паказчыкамі.


Старшыня Вуглоўскага сельсавета Анатоль Хадасок папрасіў землякоў падтрымліваць парадак у населеных пунктах, займацца добраўпарадкаваннем, каб не мець канфліктаў з мясцовай уладай. Яму неабыякавы лёс КСУП “Брагінскі”, дзе ён адпрацаваў на пасадзе кіраўніка больш за 11 гадоў. Анатоль Іванавіч выказаў свой пункт гледжання на сённяшнюю эканамічную сітуацыю: “Самае балючае пытанне – работа спецыялістаў, якія, як рак, лебедзь і шчука, цягнуць кожны ў свой бок, забываючы пра агульныя інтарэсы”.


Зрабіў некалькі заўваг, якія датычаць арганізацыі  вытворчага працэсу. У прыватнасці, памылковым, на яго думку, было  зняцце прыбораў навігацыйнай сістэмы дыстанцыйнага кантролю за транспартам і грузам, бо гэта была заслона крадзяжам.


У рабоце сходу прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Пётр Раманюк.


Аляксандр Ятчанка пажадаў працаўнікам сельгаспрадпрыемства удачы, поспехаў, моцнага здароўя. Яны ў стане атрымаць ад кожнай каровы па 3,5 тысячы кілаграмаў малака, давесці пагалоўе да чатырох тысяч, павысіць ураджайнасць і павялічыць выручку ў 1,5 раза, для гэтага неабходна прыкласці намаганні, плённа папрацаваць. Астатняе ў іх ёсць: добрыя памяшканні,  сучасная тэхніка, умелыя людзі. Дарэчы, лепшым з  іх уручылі каштоўныя падарункі. Пасля сходу добры настрой падаравалі вяскоўцам самадзейныя артысты з Лоева.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *