У АРМІЮ – ТОЛЬКІ ДУЖЫХ І ВЫНОСЛІВЫХ

Спорт

Раённыя спаборніцтвы па зімнім мнагабор’і “Абаронца Айчыны” прайшлі ў канцы студзеня  на базе  Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі.


Удзельнікі турніру – будучыя абаронцы Айчыны, для якіх заняткі спортам з’яўляюцца  неад’емнай умовай іх паспяховай падрыхтоўкі да выканання галоўнага абавязку перад Радзімай. Вядома, што служыць у армію бяруць толькі моцных і вынослівых, таму менавіта за гэтыя званні спаборнічалі паміж сабой юнакі прызыўнога і дапрызыўнога ўзростаў.



Перамогі ў спаборніцтвах, а таксама перамогі над сабой  перад стартам пажадаў спартсменам в.а. раённага ваеннага камісара Сяргей Акулаў. З праграмай і правіламі мнагабор’я іх пазнаёміў дырэктар Камарынскага ФСЦДіМ і галоўны суддзя турніру Мікалай Шубянок. Будучым салдатам патрэбна было як мага больш разоў падцягнуцца на перакладзіне і пераадолець на лыжах дыстанцыю ў 5 кіламетраў. Пераможцы   вызначаліся шляхам складання  набраных  ачкоў у двух відах спаборніцтваў.



Лепшым у асабістым заліку ў старэйшай узроставай групе (1995-1996 г.н.) стаў вучань Іялчанскай СШ Алег Шэін, другое месца заняў Дзмітрый Шубянок з Камарынскай СШ, трэцяе – Мікалай Малочка з Хракавіцкай. У малодшай  узроставай групе  перамогу святкаваў Аляксандр Чубса з Крыўчанскай БШ, другое і трэцяе месцы занялі вучні Іялчанскай СШ Станіслаў Музычэнка і Максім Кардаш адпаведна. У камандным першынстве абсалютнымі пераможцамі зімняга мнагабор’я “Абаронца Айчыны” сталі спартсмены Іялчанскай СШ, якія набралі 156 ачкоў. Другое месца занялі прадстаўнікі Камарынскай СШ (98 ачкоў), трэцяе –  Хракавіцкай (90). Ім былі ўручаны дыпломы ад раённага ваенкамата і аддзела адукацыі, а таксама падарункі ад РК ГА “БРСМ”.



Тым, хто не ўвайшоў у лік прызёраў, ёсць да чаго імкнуцца, бо заняткі фізічнай культурай і спортам заўсёды рабілі з юнакоў сапраўдных мужчын, дужых і вынослівых, што вельмі важна для  будучых абаронцаў Айчыны. А калі сур’ёзна ставіцца да трэніровак і верыць у сябе, можна дасягнуць любой мэты.


Дарэчы, як паведаміў дырэктар Камарынскага фізкультурна-спартыўнага цэнтра Мікалай Шубянок, зборная каманда нашага раёна паспяхова  выступіла на абласных спаборніцтвах па зімовым мнагабор’і, дзе заняла трэццяе  месца. Брагіншчыну прадстаўлялі вучні Іялчанскай СШ Алег Шэін, Станіслаў Музычэнка і Максім Кардаш, Камарынскай – Дзмітрый Шубянок, Хракавіцкай – Мікалай Малочка, Крыўчанскай БШ – Аляксандр Чубса.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *