ЗАНЯЦЬ КОЖНАГА

Грамадства

Першае ў бягучым годзе выязное пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх адбылося на базе Камарынскай сярэдняй школы, і гэты адрас быў выбраны, дарэчы, зусім  не выпадкова. Яго вызначыў аналіз сітуацыі з дзіцячай злачыннасцю на тэрыторыі нашага раёна: амаль палова супрацьзаконных учынкаў (сем з пятнаццаці) мінулага года – на рахунку падлеткаў, якія пражываюць на тэрыторыі Камарынскага пасялковага Савета. Яны ж дадалі  “плюсаў” і ў статыстыку правапарушэнняў: вырасла колькасць фактаў наўмыснага пашкоджання маёмасці, дробных хуліганстваў, кіравання тэхнікай асобамі, якія не маюць на тое правоў, парушэнняў правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў. Павялічыўся лік  матэрыялаў, што датычаць невыканання абавязкаў бацькамі па выхаванні сваіх дзяцей.


На парадку дня стаяла пытанне сумеснай дзейнасці  пасялковага Савета, мясцовых устаноў адукацыі і культуры, аховы здароўя, участковага інспектара міліцыі, накіраванай на прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Разглядалася работа з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Паміж зацікаўленымі асобамі адбылася канструктыўная размова аб тым, як паставіць заслон асацыяльным паводзінам, умацаваць духоўна-маральныя асновы нашага грамадства, выхаваць у падрастаючага пакалення  павагу да  Закону.


Асаблівую ўвагу камісіі па справах непаўналетніх пры Камарынскім пасялковым Савеце даручана звярнуць на работу з падлеткамі, якія не працуюць і не вучацца. Такіх на тэрыторыі Савета трое, і ўсе яны стаяць на ўліку ў сектары занятасці. Праблемы з працаўладкаваннем існуюць з-за адсутнасці  ў іх спецыяльнай адукацыі, таму кожнаму будзе прапанавана прайсці прафесійную падрыхтоўку за кошт сродкаў фонду садзейнічання занятасці.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *