ЗНАЙСЦІ ЎПРАВУ НА НЕАХАЙНЫХ ЖЫХАРОЎ

Грамадства

НОВЫ  ДОМ  УЖО  НЕ  НОВЫ


Дом №30 па вуліцы Скарахода ў райцэнтры прыняў навасёлаў у красавіку 2011 года. Ён пабудаваны за сродкі з чарнобыльскага фонду і прызначаны для маладых спецыялістаў, якія прыехалі ў Брагін па размеркаванні. Давайце ж завітаем да іх. 



Заходзім у адзін з  пад’ездаў  і ў вочы адразу  кідаецца недагледжанасць. Сцены, якія зусім нядаўна былі пафарбаваны ў светлы колер, змянілі імідж. Практычна ўсе яны ў чорных плямах.   Недзе з’явіліся адбіткі слядоў ад абутку, накрэслены нейкія словы. Таксама ўвагу прыцягнула і сцяна, дзе раней знаходзіўся  выключальнік. Нехта яго выняў і “клапатліва” пераматаў аголеныя правады ізаляцыйнай стужкай. Адтуліна ж стала прытулкам для недакуркаў, у другую заціснулі ўпакоўку з-пад чыпсаў.





Адважуся выказаць здагадку, што ў сваіх кватэрах гаспадары і гаспадыні такога бруду не дапускаюць. Напэўна, паклеілі нятанныя шпалеры, купілі прыгожую мэблю, новую бытавую тэхніку, аўдыё- і відэаапаратуру…  Старыя ж рэчы і скрынкі можна і за дзверы выставіць, на агульную пляцоўку.  Аб тым, што некаторыя  жыхары змянілі ў кватэрах уваходныя і міжпакаёвыя дзверы на металічныя і шпаніраваныя, сведчаць рэшткі ад драўляных, якія таксама  захламляюць закуткі  ў пад’ездах.


ЗА  КУРЭННЕ  – ШТРАФ  АД  ДЗЕСЯЦІ  БАЗАВЫХ


Яшчэ адна акалічнасць, на якую хацелася б звярнуць увагу,  – гэта курэнне. Нядаўна ў адной газеце быў артыкул аб тым, як сусед сфатаграфаваў курыльшчыка ў пад’ездзе, выклікаў міліцыю і таго аштрафавалі на 1 мільён рублёў. Адбылося  гэта ў Мінску. Давайце ж звернемся да заканадаўства і паспрабуем высветліць, на якой падставе мужчына быў прыцягнуты да адказнасці.


Спачатку пазнаёмімся з некаторыямі вытрымкамі з Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь. Так, у пункце 6.3 сказана, што наймальнікі жылля  абавязаны выконваць санітарна-гігіенічныя правілы: трымаць у чысціні і парадку жылыя і дапаможныя памяшканні, балконы і лоджыі, а таксама прылеглую тэрыторыю. Акрамя гэтага, у ім гаворыцца і аб забароне курэння ў дапаможных памяшканнях кватэры, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў або ўласнікаў, а таксама ў дапаможных памяшканнях жылога дома, да якіх адносіцца і пад’езд. Далей адкрываем Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, артыкул 21.16: за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі або ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома прадугледжаны штраф у памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу –  ад трыццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.


Чаму ж у нас практычна ў кожным шматпавярховым доме, на кожнай лесвічнай клетцы стаіць загадзя падрыхтаваная пустая  бляшаначка з-пад кавы (у лепшым выпадку), да якой час ад часу выходзяць пакурыць жыхары кватэр і іх госці і ніхто ім не робіць заўвагі?


ХТО  БУДЗЕ  ПРЫБІРАЦЬ?


У многіх шматпавярхоўках  пад’езды далёкія ад ідэальных. І часта ў гэтым вінаваты самі жыхары. Дом №30 па вуліцы Скарахода з’яўляецца таму доказам. За кароткі тэрмін маладыя людзі амаль ператварылі яго ў звалку.



А як жа ў іншых? У д.24 па  вул. Аэрадромнай на агульных пляцоўках паверхаў назіраем ужо знаёмы малюнак: стаіць зламаная мэбля, старыя дзверы, іншыя “непатрэбныя” рэчы. Адзін з пад’ездаў  д.12 па вуліцы Акцябрскай сусткарае гарой пустых бутэлек з-пад спіртных напояў. А “прадпрымальныя” жыхары д.11 па вуліцы Кааператыўнай знайшлі сабе своеасаблівую попельніцу: недакуркі яны запіхваюць у шчыліны паміж аконнымі рамамі. У сувязі з гэтым  паўстае пытанне: хто і калі будзе наводзіць парадак у пад’ездах?  І калі  на неахайных людзей ёсць управа, то чаму яны не прыцягваюцца да адказнасці?



Як паведамілі ў КЖУП “Брагінскае”, за кожным шматпавярховым домам замацаваны прыбіральшчыцы, але яны не паспяваюць выносіць смецце за нядобрасумленнымі жыхарамі. А ў РАУС заявілі, што за бруд і курэнне ў пад’ездах  да адміністрацыйнай адказнасці (арт. 21.16 КаАП) грамадзяне пакуль не прыцягваліся, паколькі не было падобных  скаргаў.


Кажуць, да добрага прывыкаеш хутка. Аказваецца, што да дрэннага таксама. Прычым сваёй віны у сітуацыі, якая склалася, ніхто з наймальнікаў жылля не бачыць.  Магчыма, праблема ў неналежным выхаванні і адсутнасці культуры ў некаторых брагінчан? А з гэтымі людскімі недахопамі венікам і анучай змагацца бессэнсоўна. Але ж, спадзяёмся, што прыведзеныя прыклады дапамогуць  многім зірнуць на свой пад’езд па-іншаму і прыняць пэўныя меры. Галоўнае – не заставацца раўнадушнымі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *