ААТ “Чамярыскі”: прыклад для іншых

Сельское хозяйство

Папрысутнічаць  на сходзе ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Чамярыскі” не ўдалося,  хаця хацелася паслухаць не столькі аб дасягнутым, колькі аб перспектывах развіцця перадавой гаспадаркі. На стале так і засталіся ляжаць падрыхтаваныя дырэктару Генадзю Краўчанку пытанні, якія ўзніклі ў мяне пасля  выступлення ў друку міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Менавіта з гэтым кіраўніком планавала абмеркаваць многія праблемы АПК. Наконт патэнцыялу травяных кармоў з лугапашавых і ворыўных угоддзяў, аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі з улікам трох асноўных праблем (істотнага росту пагалоўя, карэннага паляпшэння кармавой базы, выкарыстання тэхнічнага і тэхналагічнага патэнцыялу новых МТФ). А самае галоўнае –  стварэння ў кожным раёне агракамбіната.


Як прайшло падвядзенне вынікаў работы за 2012 год у “Чамярыскім”, у раёне ведалі са слоў тых, хто прысутнічаў на сходзе. Менавіта на гэтае таварыства спасылаліся ў сваіх выступленнях, раілі браць прыклад старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец, калі на аналагічных мерапрыемствах у суседніх гаспадарках параўноўвалі дасягнутыя вытворчыя паказчыкі, фінансавае становішча чамярысцаў з іншымі. І ў навядзенні парадку на фермах, дзе, дарэчы, жывёлагадоўчыя  памяшканні не новыя, і ў выбары стратэгіі развіцця, і ў арганізацыі работы, спаборніцтва.



Вось факты. Прагноз па тэмпах росту вытворчасці раслінаводчай прадукцыі выканалі пяць сельгаспрадпрыемстваў з сямі, а заданне – толькі два: ААТ “Чамярыскі” (105,3%) і “Камарынскі” (101,7%). Яны ж забяспечылі і найвышэйшы тэмп  росту валавой прадукцыі. Па аб’ёмах вытворчасці жывёлагадоўчай  “Чамярыскі” займае ў раёне 16,6%, раслінаводчай – 20,4%.  Валавы збор зерневых і зернебабовых культур у вазе пасля дапрацоўкі – 10 776 тон (132,7% да ўзроўню 2011 года). Толькі гэтая гаспадарка атрымала ў разліку на бала-гектар звыш 100 кг зерня (113,1 кг), што вышэй сярэднераённага паказчыка на 26,7%. Гэта дзякуючы кукурузе, якой намалочана 3803 тоны ў чыстай вазе пры ўраджайнасці 91,4 цнт з гектара, або 40% ад раённага паказчыка. Рэнтабельнасць рапсу – звыш 60%. На 1 га зерневых і зернебабовых культур унесена па 296 кг NPK (найбольшая колькасць), па раёне фактычная акупнасць зерня ў кг NPK склала 4,74, у “Чамярыскім” – 5,56.


Забяспечаны найвышэйшы рост пагалоўя жывёлы (326), надой малака ад каровы вышэй сярэднераённага на 510 літраў, рэалізоўвалася яно тлустасцю вышэй базіснай, прычым  74,5%  – гатункам  “экстра”.


На кожнага працаўніка (усяго на вытворчасці занята 178 чалавек) атрымана прадукцыі на 163 млн рублёў. Сярэднямесячная заработная плата за 2012 год – 2802 тысячы рублёў. З налічэннямі ў агульных затратах складае 18,1%.  Фонд зарплаты без налічэнняў у выручцы  – 17,5%. Гэта ў агульных рысах. Калі ж гаварыць пра заробкі асобных механізатараў, то яны складаюць звыш пяці-сямі мільёнаў рублёў у месяц,  аператараў машыннага даення і даглядчыкаў – чатырох-пяці мільёнаў.



Тут ёсць свае пяцітысячніцы. Святлана Новік атрымала за год па 5910 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, Марына Сярг – па 5393 кілаграмы, Валянціна Чуніхіна – па 5178. Сярод аператараў па адкорме буйной рагатай жывёлы першынство па-ранейшаму ўтрымліваюць Аляксандр і Юлія Цішунцы. Сярэднясутачныя прывагі ў іх групе склалі 878 грамаў. Найлепшых вынікаў сярод аператараў па дарошчванні маладняку дасягнулі Марыя Радзівонава (сярэднясутачныя прывагі – 783 грамы), Вольга Галко (780 г), Галіна Краўчанка (781 г).


На прэміраванне членаў адкрытага акцыянернага таварыства дырэкцыя “Чамярыскага” выдаткавала 215,5 млн рублёў,  матэрыяльна заахвочана 70% працоўнага калектыву. Прычым сумы ў некаторых значныя, у залежнасці ад укладу ў вытворчасць (па шэсць, а то і сем мільёнаў рублёў). Каб атрымаць такія грошы, неабходна папрацаваць так, каб і гаспадарцы карысць была, і сабе.



У пераліку працоўных і сацыяльных гарантый на 2012-ты (на той момант яшчэ КСУП “Чамярыскі”) значыцца аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, дык вось склала яна 100 553 140 рублёў. Гэта асабліва радуе, таму што ў аграгарадку Чамярысы змяншаецца колькасць насельніцтва, а калі з’яўляюцца на свет немаўляты, будзе функцыянаваць і школа, у якой зараз  навучаецца 54 дзіцяці. Як расказаў старшыня Чамярыскага сельскага Савета Адам Царанок, летась яны зарэгістравалі 12 нованароджых, бацькі 11 з іх працуюць у мясцовай гаспадарцы.


Прадугледжаны тут аднаразовыя выплаты да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі (пайшло 48,2 млн рублёў), абаронцаў Айчыны (34,5 млн), 8 Сакавіка (23,2 млн), юбілейных дат работнікаў (8,4 млн), прэміі ўдзельнікам спартыўных спаборніцтваў, па выніках работы за квартал і за год. У агульнай суме набегла 361,3 млн рублёў.


У бізнес-плане на 2013 год запісана: пасеяць 3533 га зерневых і зернебабовых, атрымаць у вазе пасля дапрацоўкі зерня не менш мінулагодняга, валавы надой малака – 4368 тон, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 748 тон. Пагалоўе БРЖ давесці да 4200 галоў, у тым ліку кароў – 950. Прадаць дзяржаве 350 тон малака і 3800 – мяса, увесці ў асноўны статак 27% нецеляў, атрымаць прыплоду 1091 галаву. Выканаць заданне па прагнозных паказчыках, інвестыцыях у асноўны капітал (не менш 110%), рэнтабельнасці продажу. Купіць новую тэхніку на 5 млрд рублёў, выканаць паказчык па энергазберажэнні (мінус 7%). У 2012-м ён склаў мінус 15,5.


Асобным радком ідзе будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў. У Новай Грэблі і Хракавічах запланавана закончыць рэканструкцыю, у  Чамярысах – узвесці новае на 400 галоў.


У рабоце сходу прынялі ўдзел Пётр Бухавец і начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка, якія выступілі. За шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці Брагінскага раёна дырэктар Генадзь Краўчанка ўзнагароджаны Ганаровай граматай Брагінскага раённага Савета дэпутатаў. Яе пад  апладысменты  прысутных уручыў кіраўніку Пётр Бухавец.


Пасля падвядзення вынікаў работы і ўручэння прэмій вяскоўцаў чакала выступленне сталічных артыстаў. Зараду бадзёрасці павінна хапіць на цэлы год, каб у 2014-м зноў парадавацца за дасягненні і атрымаць яшчэ большыя сумы прэміяльных, пацвердзіць славу адной з лепшых гаспадарак Брагіншчыны.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *