Настроены на перамогу былі ўсе

Спорт

201У пачатку гэтага тыдня адбыўся турнір па міні-футболе на кубак раённага аддзела ўнутраных спраў. Спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня беларускай міліцыі, збіраюць юных футбалістаў у спартыўнай зале Брагінскай СШ ужо больш чым дзесяць гадоў.

 

Не сакрэт, што падобныя мерапрыемствы спрыяюць патрыятычнаму і духоўнаму выхаванню падрастаючага пакалення,  прапагандуюць здаровы лад жыцця, папярэджваюць  правапарушэнні. Пры гэтым спорт развівае ў падлеткаў адвагу,  рашучасць, ініцыятыву  – якасці, вельмі  неабходныя будучым супрацоўнікам праваахоўных органаў. Дарэчы, футбалісты, якія прымалі ўдзел у першых гульнях турніру, ужо даўно дарослыя, некаторыя з іх працуюць у РАУС.

 

Як заўсёды, спаборніцтвы прайшлі на высокім арганізацыйным узроўні. Ды і хлопчыкі імкнуліся гуляць як прафесіяналы, і ў многіх гэта атрымлівалася. Магчыма, у тактычным плане яны яшчэ не зусім моцныя, але гэта кампенсавалася вялікім жаданнем  змагацца за мяч і адпраўляць яго  ў   вароты  саперніка. Таму  барацьба была  вельмі  напружаная. Удзельнікі  турніру  паказалі, што, нягледзячы  на юны ўзрост, яны сур’ёзна  ставяцца да спаборніцтваў  і  настроены на перамогу.

 

У фінал выйшлі “ЦСКА” (ДЮСШ) і “Спартак” (гімназія). І паколькі гульня завяршылася з лікам 2:2, пераможцу вызначалі з дапамогай пенальці. А тут болей пашанцавала гімназістам. У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – “Спартак”, другое – “ЦСКА”, трэцяе – “Юніёр” (Брагінская СШ).

 

Самым прыемным момантам стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Дыпломы і падарункі (футбольныя мячы, шахматы, дартс і салодкія гасцінцы) спартсменам уручалі дырэктар Брагінскай ДЮСШ Уладзімір Корхаў, намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Вячаслаў Лысянок і  інспектар па справах непаўналетніх РАУС Валерыя Кудрэнка.

 

Лепшым іграком і нападаючым быў прызнаны  Яўген Батыраў, лепшым варатаром – Аляксандр Асіпенка, абаронцам – Аляксей Штукман. Дарэчы, без падарунка  не засталася і каманда “Дынама” (ДЮСШ), якая ў спаборніцтвах стала чацвёртай.

 

Пад эгідай турніру на кубак РАУС арганізатары мерапрыемства і далей плануюць збіраць моцных і вынослівых. І не толькі таму, што футбол – адзін з самых перспектыўных відаў спорту, а і дзеля  прафесійнай арыентацыі падрастаючага пакалення. Хто ведае, магчыма, менавіта ўдзел у гэтых спаборніцтвах матывуе  школьнікаў звязаць сваё жыццё са службай у праваахоўных органах.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *