Брагінчане выйшлі на суботнік

Грамадства

На бягучым тыдні працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый Брагіна змянілі свае звыклыя абавязкі на граблі, рыдлёўкі і венікі, у руках з якімі прыступілі да навядзення парадку на вуліцах райцэнтра. І, відаць, ад таго, што засумавалі па цёплых днях, вясне-красе, шчыравалі з асаблівым энтузіязмам і натхненнем.

Па добрай традыцыі штогод у акцыі па добраўпарадкаванні з наступленнем пагодлівых дзён прымаюць удзел усе  – ад школьнікаў да кіраўнікоў. Карыснасць такіх суботнікаў, якія засталіся нам у спадчыну яшчэ ад савецкіх часоў, відавочная: яны пабуджаюць людзей упрыгожваць навакольную тэрыторыю,  месца, дзе нарадзіліся, працуем і жывём.
Першымі ў гэтую справу ўключаюцца, як вядома, камунальнікі, якія пазбаўляюць дарогі і тратуары, месцы адпачынку ад смецця, лішкаў снегу і пяску пасля зімы, рамантуюць агароджы, абразаюць дрэвы… А потым рукавы закасваюць і іншыя калектывы.
13 апреля_Брагінчане выйшлі на субонік–Згодна з распараджэннем райвыканкама ад 21 лютага 2013 года  №35-р, за кожным прадпрыемствам і арганізацыяй Брагіна замацавана пэўная тэрыторыя: вуліца, перавулак, воінскае пахаванне, помнік, парк  і г.д., – адзначае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Прыходзька. – У планах мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, якія распрацавалі калектывы, значацца і разбіўка клумбаў, і пабелка бардзюраў, дрэў, і высечка хмызняку, і пасадка кветак – фронт работ даволі шырокі.  Пры садзейнічанні Камарынскага лясгасу на вуліцах райцэнтра ўжо на наступным тыдні з’явяцца маладыя саджанцы. Кожны чацвер, як і ў папярэднія гады, аб’яўлены адзіным санітарным днём па навядзенні парадку вакол сваіх аб’ектаў, уборцы “падшэфных” тэрыторый. І вельмі хочацца спадзявацца на неабыякавасць да гэтага працоўнага марафону не толькі  работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, але і жыхароў  дамоў, кватэр, якія павінны дбаць аб чысціні і ўтульнасці ў сваіх дварах. Важна, каб ва ўсім адчувалася клапатлівая рука гаспадара. А дзеля гэтага патрэбна дружна і заўзята папрацаваць, праявіць ініцыятыву і стараннасць. Асабліва – маладым. Таму шчыра разлічваю на падтрымку раённага камітэта ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі. Ды і для падрастаючага пакалення гэта добрая магчымасць зразумець: галоўны паказчык павагі і любові да свайго краю  – актыўны  ўдзел у агульнай справе. Чалавек, які сам наводзіў “лоск” у родным пасёлку, наўрад ці стане яго псаваць, кідаць пад ногі смецце.
Думаецца, што такая буйнамаштабная акцыя па добраўпарадкаванні будзе з кожным днём набіраць абароты.
У “марафоне чысціні” на бягучым тыдні, па словах Сяргея Іванавіча, прынялі ўдзел каля 40 арганізацый, прадпрыемстваў і структурных падраздзяленняў Брагіна. Найбольшую актыўнасць праявілі калектывы цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела культуры, раённага вузла электрасувязі, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, цэнтра банкаўскіх паслуг №306, разлікова-касавага цэнтра №5, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.  На вуліцах пасёлка на агульны вынік працавалі больш як 200 чалавек.
Людзям застаецца спадзявацца ў гэтыя дні толькі на цёплае, сонечнае надвор’е.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *