Дом спакойнай старасці адкрыты ў Камарыне

Грамадства

Маладосць праходзіць, і  гэта – беспаваротна. Праўда, пакуль мы поўныя сіл і энергіі, заняты работай, наўрад ці задумваемся над такімі пытаннямі, як адзінота і старасць. Яны адольваюць чалавека нечакана-негадана,  адрываючы і ад грамадства, і ад навакольнага свету. Як справіцца тады з усімі бытавымі, гаспадарчымі праблемамі, дзе шукаць дапамогу?..

6 апреля_Дом спакойнай старасціУ 82-гадовай брагінчанкі Веры Аляксееўны Стрыбук, напрыклад,  сястра і брат пражываюць за межамі Беларусі, дзяцей няма, у доме яна засталася адна.
– Патрэбна і ацяпляць, і парадак наводзіць, – скардзіцца, – ды здароўе ўжо не дазваляе. Таму, калі прапанавалі  пераехаць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання, згадзілася не раздумваючы.  І не пашкадавала. Тут адчуваецца ўтульнасць, увага з  боку  работнікаў. Ды і сама сярод людзей…
А калі яшчэ ў чыёй-небудзь свядомасці бытуе стэрэатып, што падобнага роду ўстанова –  шэры будынак з абшарпанымі батарэямі і непрывабнымі фіранкамі, заўважу: нічога падобнага! У Камарыне сваіх пастаяльцаў сустракаюць светлыя, разлічаныя не больш як на чатырох  чалавек пакоі гасцінічнага тыпу з новенькай мэбляй і тэлевізарамі. Да паслуг – утульная сталовая, дзе арганізавана чатырохразовае харчаванне, зручныя санвузлы, некалькі  халадзільнікаў, прасторны хол, у якім хутка з’явіцца доступ да IP-тэлебачання  ZALA. Сучаснае абсталяванне – на кухні, ёсць фізкабінет і пральня.      Такія ўмовы для пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў з’явіліся пасля рэканструкцыі аб’екта плошчай 628 м2, які быў перададзены Бра-гінскаму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнай абароны насельніцтва пад аддзяленне кругласутачнага знаходжання. Раней у гэтым будынку размяшчаўся дзіцячы сад, потым  – Камарынская ўчастковая паліклініка. Рамонтныя работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага,  абласнога і раённага бюджэтаў, спонсарскай падтрымкі. Усяго на рэканструкцыю,  набыццё мэблі і абсталявання, па словах дырэктара ТЦСАН Сяргея Пархамца, было зрасходавана каля трох мільярдаў рублёў. Добраўпарадкаванне тэрыторыі ажыццяўлялася сіламі беспрацоўных у рамках сацыяльна значных праектаў – для гэтых мэт Фонд сацыяльнай абароны выдзеліў 64 мільёны.
Загадчыца аддзялення Вольга Ціханчук падкрэслівае, што такая ўстанова з’яўляецца выдатнай альтэрнатывай стацыянарнаму дому-інтэрнату. Перавага першай – у тым, што пажылы чалавек, які не можа па аб’ектыўных прычынах непрацаздольнасці жыць дома самастойна, не адрываецца ад прывычнага яму асяроддзя. Аддзяленне размешчана ў родным раёне, і гэта пазітыўна адбіваецца на здароўі, псіхалагічным стане пастаяльцаў. Тыя, каму складана знаходзіцца ў адзіноце ці, напрыклад, цяжка перазімаваць, могуць перасяліцца сюды часова. Яны не пазбаўлены права ў любы момант наведаць свой куточак, вярнуцца дамоў. Штомесячная плата за пражыванне ва ўстанове, разлічанай на 35 месц, складае 80% ад пенсіі, якую атрымоўвае грамадзянін.
Марыя Андрэеўна Шарая, дарэчы, чакала адкрыцця аддзялення кругласутачнага знаходжання з асаблівай нецярплівасцю.  Пасля таго як страціла здольнасць даглядаць сябе, была вымушана жыць  у  сястры. Ад афармлення ў дом-інтэрнат  адмовілася. А пераехаць з Верхніх Жароў у Камарын  згадзілася  адразу ж – амаль  дома, і наведаць  ёсць  каму. У  першыя  дні пражывання  тут была пад асаблівым уражаннем: і ад прыгажосці пакояў, і ад ідэальнай чысціні. Ёсць з кім павесці размову, падзяліцца ўспамінамі. А  жыццёвы шлях гэтай  85-гадовай жанчыны сапраўды багаты на падзеі, працоўныя дасягненні – была ў свой час перадавой даяркай у калгасе “Рухавік рэвалюцыі”.
Ды і ўвогуле, у кожнага з пастаяльцаў за плячыма доўгае і няпростае жыццё са сваімі цяжкасцямі, стратамі, болем і перажываннямі. Усё гэта глыбокімі маршчынкамі адбілася на іх руках і твары, адлюстравалася ў вачах,  прыгнула цяжкім грузам да зямлі. І самае галоўнае, што ім патрэбна  зараз, – выратаванне  ад  бездапаможнасці,  тугі і адзіноты. Такім астраўком міласэрнасці, дабрыні, спакою  і стаў для састарэлых  гэты цёплы дом. Нездарма  Юзэфа Антонаўна Каржанеўская з Марытона вельмі хвалявалася, каб мы напісалі пра калектыў аддзялення толькі самае лепшае. І нават з жартам папярэдзіла: “А то падрыхтую абвяржэнне”. Настаўніца ў былым, яна не страціла і ў свае восемдзесят пяць аптымізму, жыццярадаснасці і пачуцця гумару. З яе тумбачкі не знікаюць кнігі, часопісы і газеты. Адразу прыкметна: чалавек мудры, разумны і  адукаваны.
А вось Вера Аляксееўна, якая жыве з верай у Бога ў душы,  больш свайго вольнага часу праводзіць за малітвай і духоўнай літаратурай. Па словах Вольгі Паўлаўны, айцец Мікалай, які ў іх пабываў, паабяцаў дапамагчы з абсталяваннем малітвенага пакоя.
Клапоцяцца пра пажылых і інвалідаў  у  аддзяленні 12 чалавек,  якія  і  з’яўляюцца для сваіх падапечных тым промнікам святла, што напаўняе іх жыццё сэнсам,  дапамагае і ў старасці адшукаць  радасць.  У выніку людзей,  ахопленых увагай  і цеплынёй, становіцца больш. Ім не дазволяць  адчуць  сябе  забытымі.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *