Мабільная група райвыканкама наведала арганізацыі Брагіна

Грамадства

6 апреля_Мабільная група райвыканкамаПрайшоў чарговы рэйд па праверцы працоўнай дысцыпліны, арганізацыі аховы працы і тэхнікі бяспекі, добраўпарадкавання і санітарнага стану ва ўстановах і на прадпрыемствах.

Камісія ацаніла месцы для адпачынку, праверыла правільнасць афармлення журналаў вядзення інструктажоў, пацікавілася парадкам выдачы пуцявых лістоў і перадрэйсавым аглядам вадзіцеляў на адсутнасць у іх арганізме алкаголю. Асобную ўвагу спецыялісты звярнулі на пажарныя шчыты, наяўнасць неабходных надпісаў, схем, знакаў  і інш.
Спачатку начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Самбук у суправаджэнні прадстаўніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Уладзіслава Дзёкіна і памочніка ўрача-гігіеніста  ўстановы «Брагінскі райЦГЭ» Алесі Нікіценкі завіталі ў Брагінскі РЭС. Трэба адзначыць, у гэтай арганізацыі тэхніцы бяспекі заўсёды надаецца вялікая ўвага. Кіраўніцтва прадпрыемства ўсведамляе яе важнасць як для захавання жыцця і здароўя персаналу, так і для забеспячэння надзейнай працы электрычных сетак. Бо калі супрацоўнікі будуць добра ведаць і выконваць правілы работы з электраабсталяваннем, вядома, што і рызыка парушэнняў, звязаных з уплывам чалавечага фактару, будзе мінімальная.
У ААТ «Брагінскі КБА» мабільная группа праверыла, ці выкананы рэкамендацыі па ўхіленні недахопаў, якія былі выяўлены тут раней. Як высветлілася, толькі часткова. Так, на гаражныя боксы нанесены габарытныя знакі, аглядныя ямы закрыты шчытамі. Але па-ранейшаму не ўстаноўлена схема руху аўтатранспарту па тэрыторыі. Як запэўніў галоўны інжынер таварыства, ён працуе над вырашэннем пытання і пастараецца гэта зрабіць у бліжэйшы час.
У неналежным стане знаходзіцца і кацельня КБА.  З цагляных катлоў абсыпалася гліна,  па баках пайшлі расколіны. Патрабуе замены і электраправодка, на якой бачны аголеныя правады.
Паўторна наведала камісія райвыканкама і Брагінскі цэх Гомельскага камбіната хлебапрадуктаў. Сур’ёзных крытычных заўваг да кіраўніцтва не было. Але правяраючыя звярнулі ўвагу, што не пазначаны знакамі ўезд на тэрыторыю прадпрыемства, і пажарныя скрыні запоўнены не пяском, а смеццем.
Кабінет па ахове працы КЖУП «Брагінскае» знаходзіцца  ў гасцініцы. Ігар Васільевіч, які ацаніў яго як прыкладна-паказальны, не перабольшваў. Утульнае памяшканне са схемамі па бяспечных дзеяннях у той ці іншай сітуацыі,  нагляднымі  ўзорамі прадметаў і рэчаў  па  абароне  чалавека пры  выкананні ім розных работ і інш.  Сапраўдны вучэбны клас, дзе персанал можа як прайсці навучанне  па  тэхніцы бяспекі, так і праверыць свае веды з дапамогай спецыяльнай камп’ютарнай праграмы. Здаецца, пры такой арганізацыі пра парушэнні працоўнай дысцыпліны на прадпрыемстве і гаворкі быць не павінна. Але, як высветлілася, тут не ўсё так гладка.
Агульны малюнак псуе тэрыторыя старой канторы. Асабліва на фоне пралікаў, якія не былі ліквідаваны пасля папярэдняга рэйду,  выдзеліўся санітарны стан аднаго з бытавых памяшканняў. А акордным штрыхом праверкі стала выяўленне складу шклатары з-пад спіртнога, які быў арганізаваны ў канапе. Лічыць бутэлькі камісія не стала, але іх колькасць уражвала. Мабыць, збіралі не адзін месяц.
Дарэчы, на момант падпісання газеты ў друк КЖУП «Брагінскае» паведаміла аб ухіленні ўсіх недахопаў. Такая аператыўнасць радуе.
Праверкі мабільных груп будуць працягвацца. Робіцца гэта для таго, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах. Практыка паказвае, што выкананне ўсіх патрабаванняў  заканадаўства  па  ахове працы і тэхніцы  бяспекі – задача вырашальная, было б жаданне.  Яскравым прыкладам  гэтага з’яўляюцца  ЛДД-452 РУП «Гомельаўтадар»,  якія пасля некалькіх праверак  сталі  ўзорам для пераймання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *