Установы культуры: берагчы, захоўваць, памнажаць

Общество

6 апреля_Установы культурыУ яркі россып арыгінальных ідэй, цікавых знаходак і багатай фантазіі прыбралася фае раённага Дома культуры, дзе ў адно цэлае зліліся і народнае майстэрства, і самабытны талент, і  душа творцаў. Здавалася, гэтая выстава  ўвабрала ў сябе нейкую асаблівую, нябачную воку энергетыку, здольную захапляць і зачароўваць. Якія толькі рукатворныя справы не падуладны людзям, зацікаўленым у захаванні і адраджэнні нацыянальнай спадчыны! Жывуць, не выміраюць народныя ўменні і таленты дзякуючы работнікам культуры. Ды і кулінараў адмысловых сярод іх нямала: побач з мастацкімі вырабамі размясціліся ядомыя шэдэўры. Але гэта толькі адзін бок вынікаў стараннасці, паўсядзённай працы і накопленага вопыту прадстаўнікоў названай галіны. Некалькі хвілін на далучэнне да свету творчасці, магіі, прыгажосці – і ўсе накіроўваюцца ў залу, дзе будуць аналізавацца вынікі дзейнасці за мінулы год і акрэслівацца планы на бягучы.
З дакладам перад прысутнымі  па традыцыі выступіла начальнік раённага аддзела культуры Ліна Пятніцкая, якая сёлета не стала падрабязна спыняцца на рабоце структурных падраздзяленняў (іх кіраўнікі аб гэтым лепш раскажуць самі), а палічыла неабходным засяродзіць увагу на агульных творчых поспехах, зрухах і праблемах, фінансавых аспектах.
З  трыбуны  прагучала,  што  аб’ём бюджэтнага  фінансавання  ў  2012-м склаў 7,3 мільярда. На выкананне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, зацверджаных  рашэннем аблвыканкама, у справаздачным годзе было накіравана 642 836 000 рублёў, у тым ліку 423 млн 458 тыс. – на набыццё камп’ютараў для клубных устаноў і бібліятэк, музычных інструментаў для дзіцячых школ мастацтваў, 219 млн 377 тыс. – на капітальныя рамонты. Упраўленнем культуры выдзелена 100 млн рублёў на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для рамонту Брагінскага РДК.
Разам з тым  асаблівую заклапочанасць аддзела культуры выклікаюць незавершанае будаўніцтва Камарынскага культурна-спартыўнага цэнтра, Чамярыскага СДК, стан раённага Дома культуры, Брагінскай школы мастацтваў. Замаруджанне з рамонтнымі работамі негатыўна адбіваецца на працоўным працэсе. Ёсць надзея, што ў бягучым годзе ў новы будынак перамесцяцца цэнтральная і дзіцячая раённыя бібліятэкі, што дасць магчымасць адкрыць у раёне Дом рамёстваў.
У поўным аб’ёме асвоены сродкі (147 млн 130 тыс.), выдзеленыя на правядзенне рамонтных работ гаспадарчым спосабам. Прыкметна папрыгажэлі ў  выніку добраўпарадкавання тэрыторыі ўстаноў, дзе стала больш і малых архітэктурных збудаванняў, і арыгінальных клумб.
У выніку аптымізацыі сеткі закрыта Лубяніцкая бібліятэка-клуб, а Верхнежараўскі, Новаіёлчанскі, Кавацкі,  Просмыцкі сельскія клубы і Зарэчанскі СДК пераўтвораны ў бібліятэкі-клубы. Хракавіцкая і Крыўчанская  бібліятэкі аб’яднаны са школьнымі і зараз працуюць па графіку публічных. Юрыдычны статус атрымалі Брагінскі РДК і Камарынскі КСЦ, што дасць магчымасць аб’яднаць намаганні спецыялістаў у правядзенні масавых мерапрыемстваў.
Аб’ём платных паслуг у сферы культуры склаў 167,7 млн руб., ці 200,6% да ўзроўню 2011 года, і самыя высокія тэмпы гэтага росту забяспечылі Брагінскі РДК, Буркоўскі цэнтр культуры і вольнага часу, раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. У ліку адстаючых – Вуглоўскі цэнтр культуры і вольнага часу, Камарынскі КСЦ, Чамярыскі СДК.
Некалькі не дацягнулі, на жаль, да запланаванага па павелічэнні клубных фарміраванняў, наведванняў бібліятэк і абнаўлення кніжнага фонду – усё  гэта звязана з закрыццём клубных устаноў.  Недахоп патрэбных спецыялістаў і нязручныя ўмовы працы (Брагінская ДШМ пакуль вымушана мясціцца ў РДК) не дазволілі выйсці на даведзены паказчык па павелічэнні колькасці вучняў дзіцячых школ мастацтваў.
Кадравая праблема, дарэчы, застаецца адной з актуальных. Недастатковая колькасць выкладчыкаў перашкаджае пашыраць сетку філіялаў   ДШМ у сельскай мясцовасці. У раёне няма ніводнага харэографа, не хапае акампаніятараў… І тут, як падкрэслілі Ліна Адамаўна, стаўка павінна рабіцца на мясцовую моладзь, бо менавіта ўраджэнцы Брагіншчыны найчасцей вяртаюцца да нас дыпламаванымі спецыялістамі пасля заканчэння ўстаноў культуры. Зараз па накіраванні аддзела вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю атрымліваюць восем чалавек.
Акрэсліваючы задачы на бягучы год, у ліку першачарговых  поруч з выкананнем заданняў і мерапрыемстваў дзяржаўных праграм былі названы падрыхтоўка да 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першага населенага пункта Беларусі – Камарына і раёна ў цэлым, развіццё сістэмы інфарматызацыі кіравання  галіной, кантроль за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем сродкаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы  і інш. У планах – рамонты будынкаў раённага Дома культуры і былой аптэкі ў Брагіне, дзе размесціцца дзіцячая школа мастацтваў. На гэтыя мэты ўпраўленнем культуры аблвыканкама выдзелена адпаведна 540 і 420 мільёнаў. Па праграме “Культура Беларусі” прадугледжана закупка камп’ютараў для бібліятэчнай сістэмы на 82 млн руб. і сельскіх клубаў на 10 млн руб., папаўненне фондаў музея (22 млн руб.), рамонт выставачнай залы (300 млн руб.), набыццё сцэнічных касцюмаў (150 млн руб.). Патрэбна  будзе асвоіць 189 млн руб. у працэсе рамонтных работ гаспадарчым спосабам.
Пасля выступлення Ліны Адамаўны сваімі працоўнымі здабыткамі і перспектывамі дзяліліся  кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў, асобных устаноў культуры. У прыватнасці, дырэктар раённага метадычнага цэнтра Валянціна Раманюк спынілася на найбольш удалых, цікавых і змястоўных мерапрыемствах, што былі падрыхтаваны для  жыхароў нашага раёна і прайшлі з іх удзелам, адзначыла канкрэтную метадычную дапамогу клубным установам. У 2013-м прадоўжыцца работа  з людзьмі пажылога ўзросту, непаўналетнімі, праблемнымі сем’ямі. Будзе павялічана колькасць мерапрыемстваў па захаванні мясцовых традыцый і фальклору, узмоцнены пошук новых відаў платных паслуг.
Аб дзейнасці бібліятэк у рамках дзяржаўных і раённых праграм:  адраджэння і развіцця вёскі, “Культура Беларусі”, “Цяжкія дзеці”, “За здаровы лад жыцця” расказала дырэктар Брагінскай ЦБС Галіна Карпенка. За справаздачны год бібліятэчным абслугоўваннем было ахоплена 12 209 карыстальнікаў, фонды папоўніліся на 11 855 экзэмпляраў, а колькасць наведванняў кніжных скарбніц склала 127 203. Пры гэтым не застаюцца па-за ўвагай адзінокія і пажылыя людзі, ветэраны вайны і працы, інваліды, да якіх работнікі бібліятэк прыходзяць самі. Не толькі з добрай літаратурай,  але і з цёплымі віншаваннямі са святамі, гаючымі словамі. Практыкуюцца самыя розныя метады і формы работы, каб задаволіць запыты, узбагаціць духоўна і састарэлага, і юнага чытача. У выхаваўчых і прафілактычных мэтах праводзіцца нямала мерапрыемстваў гісторыка-патрыятычнай, экалагічнай, прававой і іншай накіраванасці. І, вядома ж, прадметам асаблівага клопату бібліятэкараў у Год кнігі стала захаванне аўтарытэту чытання,  далучэнне як мага большай часткі  насельніцтва да беларускай літаратуры і культуры, мастацкага слова.
Супрацоўнікі Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй арганізавалі ў 2012-м 34 выставы, правялі 59 лекцый, 60 экскурсій. У гэтай установе за ўказаны перыяд пабывала  4342 чалавекі.  Асноўны фонд папоўніўся на 58 прадметаў, увазе наведвальнікаў было прапанавана 1158 экспанатаў. Такія даныя прывяла галоўны захавальнік фондаў  Надзея Мялешка. Якія ўражанні засталіся ў супрацоўнікаў пасля паездкі на першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі” і наколькі пашырылася за апошні час  поле іх дзейнасці, які погляд на сучасны музей павінен фарміравацца ў людзей  – аб усім гэтым нашы чытачы змаглі даведацца з артыкула “…І адчуць подых мінулых эпох”, змешчаным на старонках газеты ў адным з лістападаўскіх нумароў мінулага года. Таму паўтарацца, думаю,  не варта. Мне застаецца толькі адзначыць яшчэ адзін поспех гэтага калектыву: трэцяе месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторый сярод раённых устаноў культуры. Прыклад, сапраўды дастойны пераймання.
“Бронзавую”  перамогу,  дарэчы, заваяваў і  наш  аўтаклуб  у  абласным    аглядзе-конкурсе  сярод   аналагічных.   Яго  кіраўнік   Ала  Злыдзенка  за  актыўную дзейнасць  адзначана  дыпломам упраўлення культуры аблвыканкама і заахвочана прэміяй, частка якой пайшла на набыццё какошнікаў для жаночага вакальнага ансамбля “Бліскавіца”.  “Клуб на калёсах” чакаюць у самых аддаленых і маланаселеных вёсках, дзе няма стацыянарных устаноў культуры, і ў мінулым годзе ён выступіў на адкрытых пляцоўках  з 52 канцэртамі. Такім чынам у пэўнай ступені ліквідуецца «геаграфічная няроўнасць» у культурным абслугоўванні насельніцтва.
За плённую працу на ніве творчасці  і  мастацтва, выкананне асноўных  прагнозных  паказчыкаў  падзяка ў адрас прысутных прагучала ад намесніка старшыні райвыканкама Ганны Бабрынёвай. А тое, што брагінская зямля не бяднее на таленты, сведчыць яе капілка ўзнагарод не толькі абласнога, але і рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. Са сцэны, напрыклад, неаднаразова ўзгадвалася імя Вячаслава Гаршкова, выканаўчае майстэрства якога славіцца далёка за межамі раёна.
– Не менш важныя планы, лічбы і задачы  ставяцца перад вамі і сёлета, – адзначыла, звяртаючыся да работнікаў культуры Ганна Мікалаеўна. –  У Год беражлівасці актуальнымі застаюцца пытанні эфектыўнага і ашчаднага распараджэння энергетычнымі рэсурсамі, аптымальнага размеркавання і выкарыстання фінансавых сродкаў, захавання таго, што стваралася руплівай працай папярэднікаў.  Але я жадаю вам глядзець шырэй, не толькі з боку матэрыяльнага:  будзьце ўважлівымі да людзей,  умейце ў цяжкую  хвіліну своечасова падставіць плячо іншаму, беражыце адзін аднаго.
Удзел у нарадзе прыняў таксама намеснік старшыні  Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Васіль Дзямчыхін.
Па выніках работы за мінулы год самыя паспяховыя, старанныя і таленавітыя атрымалі ўзнагароды, грашовыя прэміі і падарункі. Ганаровыя граматы абласной арганізацыі прафсаюза за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і актыўную  грамадскую  дзейнасць уручаны  інжынеру  па  ахове працы Але Тарманавай  і  дырэктару Брагінскага  РДК  Сяргею  Краўчанку.  Ад  аддзела культуры і райкама прафсаюза  заахвочаны калектывы Брагінскай дзіцячай бібліятэкі, гістарычнага музея з карціннай галерэяй, раённага Дома культуры, Асарэвіцкага Дома народнай творчасці, аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры ЦБС, а таксама работнікі, якія  заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку,  праслаўляюць раён, укладваюць у справу душу. За актыўную дзейнасць па добраўпарадкаванні і эстэтычным афармленні тэрыторый адзначаны Малажынскі цэнтр культуры і вольнага часу, Кіраўскі і Мікуліцкі сельскія клубы. А сёлета, дарэчы, у калектываў ёсць магчымасць заявіць аб сабе ва ўнутрыгаліновым конкурсе на лепшае азеляненне памяшканняў  – такі будзе арганізаваны ў раёне.
І яшчэ адзін урачысты, не менш хвалюючы момант: ва ўрачыстых абставінах калегі правялі на заслужаны адпачынак Алену Аляксандраўну Леановіч, Тамару Васільеўну Краўчанку, Марыю Аляксандраўну Герасіменку, Раісу Дзмітрыеўну Кандрашэўскую. Алена Аляксандраўна, напрыклад, прысвяціла сваё жыццё бібліятэкарскай справе і  ні разу аб гэтым не пашкадавала. Сёння яе ўжо па праву называюць чалавекам-легендай. Мудрая і прынцыповая, з выдатнай памяццю і пачуццём гонару за сваю прафесію, улюбёная ў кнігі, якія сталі для яе сапраўднай святыняй… Вопыт такіх людзей  бясцэнны.
Гучалі песні і ліліся мелодыі, ад якіх веяла пазітывам. Музычныя акорды стварылі ў зале свята для душы.
Няхай жа будзе светлай, багатай на зямныя радасці, новыя праекты,  ініцыятывы і натхненне, прыемныя хваляванні за справу дарога тых, хто аддана служыць Яе Вялікасці Культуры.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ