Адзін у вёсцы ветэран

Грамадства

VeteranДом Аляксандра Васільевіча Пархамца ў Галках ужо адзіны ў гэтай вёсцы з ганаровым надпісам “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны”. Праўда, за парадкам у ім і на падворку зараз больш сочыць унучка Ала са сваёй сям’ёй – здароўе не дазваляе гаспадарам спадзявацца толькі на сябе. Ды нават у сваім паважаным узросце Аляксандр Васільевіч не хоча быць адарваным ад працы, стараецца знаходзіць справы па сілах – бяздзейнічаць не прывык. Магчыма, таму што бачыць у гэтым сэнс жыцця, ведае сапраўдны кошт свабоды і радасці. Адстойваць Радзіму яму давялося ў баях. Маладосць апаліла, не дазволіўшы ажыццявіцца светлым марам і планам, Вялікая Айчынная…

У няпоўныя сямнаццаць закончыў Данбаскае фабрычна-заводскае вучылішча, а тут – страшная вестка: вайна! Завод цяжкай прамысловасці, куды быў накіраваны на працу, эвакуіравалі ў Саратаў. У апошнім вагоне з такімі ж хлопцамі, як і сам, ехаў у тыл і Аляксандр. У дарозе цяжка захварэў тыфам, трапіў у бальніцу. Цудам выжыў пасля дванаццаці-дзённай гарачкі. Доўга набіраўся сіл.

А вораг у гэты час ужо паспеў устанавіць ва многіх населеных пунктах крывавы “новы парадак”. Адна была думка ў абаронцаў: “Адпомсціць!”. Вёўся датэрміновы набор юнакоў у армію. І Аляксандр таксама трапіў на фронт.

Спачатку была кароткая вучоба ў Прывольску, а потым – вызваленне гарадоў і вёсак у скла-дзе танкавых войскаў, дзе служыў кулямётчыкам, цяжкае раненне… Доўгачаканую перамогу гвардыі сяржант Аляксандр Пархамец сустрэў у Прыбалтыцы. Але службу яшчэ некаторы час давялося несці на Далёкім Усхо-дзе. У родныя Галкі, дзе не быў дзевяць гадоў, вярнуўся толькі ў 1947-м, якраз на Вялікдзень, калі ўся вёска была ў квецені. Аб важкім укладзе ў разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў сведчаць ордэн Айчыннай вайны, медаль “За адвагу”, іншыя баявыя ўзнагароды.

Хутка дзевяноста гадоў споўніцца былому франтавіку, але па-ранейшаму, нягледзячы на стан здароўя, знаходзіць радасць у цішыні роднага наваколля, у сонечным святле над узаранымі градкамі, у людзях, якія акружаюць. Відаць, дапамаглі захаваць бадзёрасць і аптымізм прага да працы, уменне даражыць роднымі і блізкімі, адчуванне еднасці са сваёй зямлёй.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *