Асноўны ўпор – на прафілактыку

Территория закона

prestupnost'На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх абмяркоўваўся стан работы па прафілактыцы дзіцячай злачыннасці ў раёне за першае паўгоддзе. У параўнанні з аналагічным перыядам 2012-га колькасць супрацьзаконных учынкаў, на якія пайшлі падлеткі, павысілася на 25%. Усе пяць злачынстваў – крадзяжы. Пры гэтым чатыры з іх здзейснілі вучні Брагінскай, Камарынскай і Хракавіцкай школ, а адзін – непаўналетні, які працуе. Вынікам такой бяздумнасці стала лава падсудных: адзін падлетак накіраваны ў месца пазбаўлення волі на восем месяцаў з адбываннем пакарання ў выхаваўчай калоніі, яшчэ адзін – у спецыяльную ўстанову закрытага тыпу на два гады.

Трывожныя факты сведчаць: у рабоце службаў ёсць пэўныя недахопы. Таму і размова была ажыўленая, без абыякавага стаўлення да праблемы. Асноўны ўпор у яе вырашэнні павінен быць зроблены на прафілактыку. Аддзелу культуры, напрыклад, даручана распрацаваць план мерапрыемстваў па арганізацыі новых, запатрабаваных моладдзю формаў адпачынку. Старшыням сельскіх і пасялковага Саветаў – павысіць патрабавальнасць да кіраўнікоў устаноў сацыяльнай сферы, размешчаных на сяле, за правядзенне прафілактычнай работы з непаўналетнімі, нядобранадзейнымі сем’ямі.

Сітуацыя з падлеткавай злачыннасцю будзе штоквартальна аналізавацца.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий