«Кулібін» з Брагіна: і педалі круціць не трэба…

Грамадства

VelosipedРазвіццё сучаснай тэхнічнай думкі ўсяляк садзейнічае таму, каб палегчыць чалавеку жыццё. Але, калі на гэта паглядзець з другога боку, то атрымліваецца: за любы камфорт і зручнасць патрэбна плаціць. Хочаш, напрыклад, аўтаматызаваць свой быт – будзь гатоў больш сродкаў выкласці за карыстанне электраэнергіяй, набыў транспарт – “пацягнуць” з кішэні рублі запчасткі ды паліва… Нездарма прыкмецілі ў народзе: любіш катацца, любі і саначкі вазіць.

А вось Леанід Захаравіч Лявоненка з Брагіна разважае інакш: ад кожнага выбару, на які ідзе чалавек, павінна быць эканамічная выгада. Таму ад некалі купленага “Фольксвагена” вырашыў пазбавіцца – прадаў. А замест аўтамабіля, які быў патрэбен пенсіянеру толькі для перамяшчэння па райцэнтры, змайстраваў уласнымі рукамі больш практычнага “жалезнага каня”. І калі зараз накіроўваецца на ім да таго ж рынку ці аптэкі – цікавасць акружаючых, асабліва мужчын, якія сябруюць з тэхнікай, запаланяе. Вакол цуда-тэхнікі заўсёды збіраецца гурт людзей.

За аснову сваёй пераробкі мясцовы “кулібін” узяў звычайны веласіпед, які ўкамплектаваў электрычным рухавіком, рэдуктарам, ланцуговай перадачай, рэастатам. Устанавіў акумулятар, зараду ад якога хапае на дзве гадзіны бесперапыннага руху. Максімальная хуткасць такога транспартнага сродку дасягае 20 кіламетраў у гадзіну. І гэтага больш чым дастаткова, каб перамяшчацца па месцы, ад дома да магазіна, бальніцы ці нейкага іншага аб’екта. Ні круціць педалі, ні траціцца на бензін не трэба. Раўнамерны, бясшумны рух.

За 25 гадоў жыцця ў Данбасе, дзе пастаянна адчуваліся праблемы з электрычнасцю і водазабеспячэннем, тэхнічная падкаванасць, вынаходлівасць і ўмельства Леаніда Захаравіча не раз прыходзілі яго сям’і на выручку, былі дарэчы ў цяжкія хвіліны. У былым ён – аператар электрычнага абсталявання, працаваў на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку і ў дзень выбуху. Атрымаў жыллё на Украіне як пацярпелы, але з цягам часу нашага земляка, ураджэнца в. Грушнае, усё больш стала цягнуць на радзіму. Таму вярнуўся ў Беларусь, дзе няма той нязручнасці, што стварала адсутнасць, здавалася б, звычайных даброт цывілізацыі: вады і святла. Цяпер жыве ў Брагіне. І нават у пенсійным узросце па-ранейшаму знаходзіць прымяненне сваім тэхнічным здольнасцям, майстэрству і розуму. Як гэта атрымалася з ідэяй мадыфікаваць веласіпед.

Магчыма, нехта яшчэ з мясцовых жыхароў паспрабуе стварыць нешта падобнае, каб таксама адчуць эканамічную выгаду. Ці вам не па сілах?..

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *