ААТ “Камарынскі”: механізатары перасядаюць з камбайнаў на трактары

Сельское хозяйство

Сюрпрызы надвор’я, яго няўстойлівасць і ўплыў на вынікі працы хлебаробаў хто-хто, а камарынцы адчулі сёлета ў поўнай меры. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых атрымалі значна ніжэйшую чым летась. Папярэднія гады і яны на сваіх нізкабальных землях атрымлівалі добрыя вынікі, траплялі ў лік пераможцаў абласнога спаборніцтва па такім паказчыку, як выхад зерня ў разліку на бала-гектар. Восенню, у час раённых “Дажынак”, высветліцца, як ААТ “Камарынскі” выглядае на фоне іншых. Ды і на справаздачным сходзе дырэктар Рыгор Анапрэенка з уласцівай яму прынцыповасцю “раскладзе ўсё па паліцах”, прааналізуе і назаве прычыны недабору ўраджаю, і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя. А пакуль неабходна працаваць, убіраць кукурузу на зерне, сеяць рапс і азімыя, узнімаць зяблева, не спыняючы пры гэтым працэс нарыхтоўкі кармоў…

Іван Давідзенка
Іван Давідзенка

Без перадышкі механізатары пасля жніва селі за руль трактароў. Дарэчы, з-за недахопу рабочых рук працавалі без памочнікаў. Уладзімір Каваленка ўбіраў каласавыя на КЗС-1218 (тэхніка адносна новая, задзейнічана была трэці сезон). Пасля арміі набіраўся вопыту ў Івана Давыдзенкі, быў у яго памочнікам. Працавалі разам на “Ніве”, потым самастойна асвоіў “Дон-1500”, зараз эксплуатуе айчынную тэхніку. У механічнай майстэрні Уладзімір Якаўлевіч рыхтаваўся да выезду ў поле на МТЗ-3022 у счэпе з дыскамі. Настаў час рыхтаваць глебу пад ураджай-2014. Не адзін ён будзе выконваць гэтую работу. На трактары такой жа маркі далучыцца да яго і Мікалай Удод, былы воін-афганец. Нешматслоўны, але ж сумленны і працавіты. У “Саўгас “Камарынскі”, які рэарганізоўваўся ў СВК, КСУП і, нарэшце, адкрытае акцыянернае таварыства, Мікалай Іванавіч перайшоў з “Сельгасхіміі” пасля закрыцця прадпрыемства.

Уладзімір Каваленка
Уладзімір Каваленка

Івану Давідзенку даручылі ўбіраць кукурузу на зерне. Па выніках работы на хлебным полі ў яго – найвышэйшы намалот. Як вопытнаму і ўмеламу механізатару давядзецца пашчыраваць і на кукурузных плантацыях, а яны сёлета немалыя. Больш чым 1,5 тысячы гектараў “каралевы палёў” убяруць на сілас, 460 гектараў – на зерне. Менавіта з гэтай культурай звязваюць надзею на папаўненне зерневых запасаў.
А кукуруза ўрадзіла шчодра, быццам кампенсуючы людзям іх затраты, і фізічныя, і матэрыяльныя, на збожжавых палетках. Павінна ж нешта парадаваць.

Пра вадзіцеляў неабходна сказаць асобна. З самай раніцы яны ўжо ў дарозе, спяшаюцца даставіць зялёную масу на жывёлагадоўчыя фермы. Адлегласці пераадольваюць немалыя, з Гдзяня ў Асарэвічы і на іншыя МТФ. Раней пра такое і падумаць не маглі, але ж пасля ўзбуйнення сельгаспрадпрыемства сутыкнуліся з новымі праблемамі.

Мікалай Удод
Мікалай Удод

Пра культуру на вытворчасці ўзгадваеш міжволі, калі заходзіш на тэрыторыю мехдвара і бачыш кветкі, альтанку. У доме механізатара абсталяваны кабінет па тэхніцы бяспекі і ахове працы. Гэта – рабочае месца інжынера Антаніны Нячосы, яна да ўсяго і старшыня прафкама. Маладая сям’я (муж Антаніны – галоўны ветурач) атрымала домік, адзін з тых, якія пабудавалі для спецыялістаў. Як і належыць сапраўдным гаспадарам, адразу ж пачалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю і пасадзілі пладовыя дрэвы. Сёлета яны далі першыя плады.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий