Дзень беларускага пісьменства адзначае краіна

Грамадства

Pismenstva

Першыя вераснёўскія дні на Беларусі напоўнены надзвычай прамяністай духоўнасцю. Адзначаецца свята ў гонар Кнігі, Друкаванага Слова, Роднай Мовы. У аснову яго канцэпцыі пакладзена ідэя прапаганды здабытку айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый краіны. Гэты дзень дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў, аддаць даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства. Мы ўзгадваем імёны Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Васіля Цяпінскага, Міколы Гусоўскага… Але варта звярнуць увагу на саму перадгісторыю свята.

Дзень беларускага пісьменства ўзнік не стыхійна. У 1990-м ва ўсім свеце шырока адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Асаблівыя ўрачыстасці разгарнуліся на Беларусі. Спасціжэннем і прапагандай духоўна-асветніцкай дзейнасці славутага земляка былі прасякнуты ўсе грамадскія і дзяржаўные справы. Людзей ахапілі высокадухоўныя памкненні. Узрасла цяга да ведаў пра дакладную гісторыю сваёй зямлі, роднага краю, выспела патрэба вяртання да духоўных вытокаў.

Pismenstva-2У Міністэрстве культуры і друку ўзнікла задума спалучыць набыткі Скарынаўскага свята з традыцыямі ўшанавання нацыянальных святыняў і хрысціянскіх каштоўнасцей і творча прадоўжыць іх. Савет Міністраў падтрымаў такую задуму, узгадніў з іншымі міністэрствамі і перадаў сабраныя матэрыялы на зацвярджэнне ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета рэспублікі. 25 мая 1994 года з’явіўся адпаведны ўказ, і з гэтага часу мы адзначаем Дзень беларускага пісьменства ў першую нядзелю верасня.

Свята прымеркавана да дня выхаду першай друкаванай кнігі на тагачаснай беларускай мове – «Псалтыр», выдадзенай Францыскам Скарынам 6 жніўня 1517 года ў Празе. Але ў апошнім месяцы лета яшчэ працягваюцца канікулы, многія знаходзяцца на адпачынку, а з восені актывізуецца навучальнае, навуковае і творчае жыццё. Першага верасня мы сустракаем Дзень ведаў, і гутаркі пра культуру, адукацыю, стваральную дзейнасць, пачатыя ў гэты дзень, арганічна ўліваюцца ў мерапрыемствы, прысвечаныя святу беларускага пісьменства.

Вызваляючы з забыцця славутыя імёны беларускіх першаасветнікаў, усё жыццё якіх было прыкладам служэння Слову, заўтрашняя дата адыгрывае ролю найважнейшага фактара ідэйна-маральнага і грамадзянскага выхавання, фарміравання патрыятычнай самасвядомасці, павагі да іншых народаў.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Першае святкаванне адбылося ў старажытным горадзе Полацку, у якога багатыя культурныя традыцыі. Гэта радзіма нашых асветнікаў – святой Еўфрасінні, апякункі зямлі беларускай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, царкоўнага дзеяча, літаратара і педагога. Тут дзейнічае Музей гісторыі кнігадрукавання. Потым сталіцамі свята былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір… Юбілейны дваццаты Дзень беларускага пісьменства сёлета адзначаецца ў Быхаве.

Склаліся ўжо пэўныя традыцыі арганізацыі і правядзення свята. Напачатку адбываецца тэатралізаванае шэсце прадстаўнікоў гарадоў – цэнтраў беларускага кнігадрукавання. Эмацыянальнае ўражанне робяць выступленні гістарычных асоб, ролю якіх выконваюць вядомыя беларускія артысты. У час урачыстасцей ідзе размова пра культурна-асветніцкія, выдавецка-паліграфічныя дасягненні нашай краіны, адзначаюцца пераможцы кнігавыдавецкай дзейнасці. На сцэне і ў партэры знаходзяцца дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, госці з іншых краін, прадстаўнікі пасольстваў, святары, стваральнікі і прапагандысты беларускій кнігі. У розных кутках горада праходзяць канцэрты прафесійных і самадзейных артыстаў, наладжваюцца сустрэчы з літаратарамі, выставы рэспубліканскай і мясцовай прэсы, народных промыслаў, кніжныя кірмашы.

Штогод, вандруючы на розных мясцінах, Дзень беларускага пісьменства абуджае творчы дух народа, актывізуе ўвагу на спазнанні сваіх вытокаў, каранёў, дае магчымасць адчуваць сябе далучанымі да агульнай справы, якой жыве ўся краіна.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Да ведама

Горад Быхаў у якасці сталіцы Дня беларускага пісьменства быў прапанаваны не выпадкова. Менавіта з гэтай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку XVII стагоддзя – Баркулабаўскага летапісу, які храналагічна ахоплівае перыяд з 1545 па 1608 гады. 

На Быхаўшчыне доўгі час жылі і тварылі Мілецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній – вядомыя навукоўцы, царкоўныя і грамадскія дзеячы XVII стагоддзя. «Граматыка» Мілеція Сматрыцкага на працягу 150 гадоў з’яўлялася лепшым дапаможнікам для вывучэння славянскай мовы, а Міхаіл Ламаносаў назваў яе «брамай сваёй вучонасці». «Азбука» Лаўрэнція Зізанія шырока выкарыстоўвалася ў брацкіх школах Беларусі, Украіны і Літвы.

На тэрыторыі горада і раёна размешчаны шэраг гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод іх – Быхаўскі замак, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVII стагоддзя, Сінагога, Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у аграгарадку Баркалабава.

Святочную эстафету прымалі…

ТУРАЎ (1995, 2004 гг.)

Тут у ХІІ ст. жыў і працаваў слынны дзеяч усходнеславянскай культуры епіскап Кірыла, далучаны да ліку святых і названы Тураўскім. Ён напісаў каля 70 пропаведзяў, малітваў, павучанняў. Яго творы на ўсходнеславянскіх землях карысталіся вялікай папулярнасцю.

У другой палове ХІХ ст. у мястэчку выяўлены старажытны рукапісны помнік ХІ ст. – Тураўскае Евангелле.

НЯСВІЖ (1997 г.)

Быў вядомы сваім культурным жыццём дзякуючы мецэнатам – князям Радзівілам. Тут дзейнічаў адзін з лепшых у Еўропе тэатр, у XVI ст. была заснавана першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. У 1562 годзе Сымон Будны выдаў «Катэхізіс» – першую кнігу на старабеларускай мове.

ОРША (1998 г.)

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Украіны знаходзіцца найбольш ранні літаратурны помнік, знойдзены ў Оршы, – рукапіснае Евангелле, створанае ў канцы XII-пач.XIII ст.

Пры аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры ў 1630-1654 гг. дзейнічала друкарня, якая выпусціла 20 кніг навукова-асветніцкага, царкоўна-палемічнага і свецкага характару на царкоўнаславянскай і старабеларускай мовах.

Вядома Орша і тым, што тут нарадзіўся Уладзімір Караткевіч.

ЗАСЛАЎЕ (2000 г.)

Горад атрымаў назву ў гонар князя Ізяслава, пры якім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне.

У 1570-я гады ў Заслаўі жыў Сымон Будны.

МСЦІСЛАЎ (2001 г.)

Радзіма аднаго з першых беларускіх друкароў Пятра Мсціслаўца. Разам з Іванам Фёдаравым ён заснаваў друкарню ў Маскве, дзе была выдадзена кніга “Апостал” (1564).

На Беларусі з удзелам Мсціслаўца былі заснаваны Заблудаўская і Віленская друкарні.

МІР (2002 г.)

Вядомы сваім замка-паркавым комплексам – унікальным помнікам архітэктуры XVI-пач. XX ст., які ў 1994 г. аднесены ЮНЕСКА да найвышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры. Сумяшчае ў сабе рысы абарончага і палацавага дойлідства.

КАМЯНЕЦ (2005 г.)

Сімвалам Белавежскага краю, Берасцейскай зямлі і ўсёй Беларусі з’яўляецца Белая Вежа, якая стаіць на рацэ Лясной у Камянцы. Заснавальнікам горада лічыцца дойлід Алекса, які пачаў узводзіць абарончае збудаванне па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча.

На Камянеччыне нарадзіўся вядомы вучоны, публіцыст Міхаіл Карповіч, які з’яўляўся арганізатарам “народных школ” у Беларусі і Літве, жылі і працавалі мастак Фёдар Дарашэвіч, паэт Васіль Жуковіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *