І абмалоцяць, і спрасуюць

Сельское хозяйство

zernoНе парадавалі сёлета зерневыя вяскоўцаў ні на грамадскім полі, ні на сотках прыватніка. Яны стараюцца хутчэй убраць тое, што вырасла, пакуль стаіць сухое надвор’е. Камбайн з ААТ “Чамярыскі” мы заўважылі на прысядзібным участку, калі вярталіся з раёна. Гэтая гаспадарка лідзіруе і па тэмпах уборкі, і па ўраджайнасці. Як толькі з’явілася магчымасць, пяць “стэпавых караблёў” адправілі жаць і малаціць збажыну жыхарам населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі акцыянернага таварыства.

Як расказала галоўны эканаміст Святлана Шаўчэнка, жніво-2013 у “Чамярыскім”, можна сказаць, завершана, засталіся невялікія палі з яравой пшаніцай і ячменем – больш познія пасевы, якія даспяваюць. Камбайны ставіць на захоўванне рана, бо наперадзе, акрамя ўсяго, уборка кукурузы на зерне, таму і накіравалі тэхніку на палеткі гаспадароў. За два дні механізатары паспелі абслужыць участкі ў адной вёсцы і пераехаць у другую. Ёсць яшчэ людзі, якія вырошчваюць збажыну на адведзеных землях, дапамагчы ім кіраўніцтва акцыянернага таварыства лічыць сваім абавязкам. Яно паклапацілася, каб ні адна сотка не засталася не абмалочанай.

Расцэнка з улікам ураджайнасці бягучага года – сімвалічная: тры тысячы рублёў за сотку (летась яна складала чатыры тысячы). Вяскоўцы вельмі задаволены, больш таго, звяртаюцца да дырэкцыі з просьбай вы-дзеліць прэс-падборшчык для прасавання сена і саломы. Аб тым, якую сучасную тэхніку набыла гаспадарка для гэтай мэты, расказвалася на старонках “Маяка Палесся”. Днём, вядома, прэс будзе задзейнічаны на палях “Чамярыскага”, а ў вячэрнія часы прадастаўлены ўладальнікам прысядзібных участкаў (за сотку – па шэсць тысяч рублёў). Цана, з улікам таго, колькі сельгаспрадпрыемству давялося заплаціць за высокапрадукцыйную машыну і шпагат да яе, невысокая.

Калі ў грамадскім сектары справы ідуць добра, у выйгрышы застаюцца не толькі занятыя на вытворчасці працаўнікі, але і пенсіянеры, усе, хто пражывае на тэрыторыі перадавой гаспадаркі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *