Не пакідайце рэчы без нагляду

Территория закона

Velosiped

У жніўні некалькі жыхароў раёна пацярпелі ад злодзеяў. Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў Брагінскага райвыканкама Валерый Чэкан, у большасці выпадкаў здзіўляе легкадумнасць саміх пацярпелых, якія пакідаюць рэчы без нагляду, у даступных месцах, нібыта спецыяльна ствараюць аптымальныя ўмовы для здзяйснення крадзяжу.

Так, на мінулым тыдні жыхар Брагіна паехаў адпачываць на бераг Дняпра, прыхапіўшы з сабой значную суму грошай. Злодзей, які вылучыў зручны момант, пракраўся ў пакінуты без нагляду незачынены аўтамабіль і выкраў адтуль 1,5 мільёна рублёў.

Жыхар Хракавіч, які атрымаў чарговую пенсію, вырашыў адзначыць падзею “чакушкай”. Як высветлілася, бутэлька гарэлкі стала першай і апошняй пакупкай, якую мужчына змог сабе дазволіць з 1,7 мільёна рублёў. Астатнія грошы ўкралі, калі пенсіянер спакойна адпачываў пасля прынятага спіртнога.

Алкаголь падштурхнуў накіравацца сярод ночы ў краму і жыхара Брагіна. Веласіпед, на якім ён дабіраўся да гандлёвай кропкі, на хвілін 15 быў пакінуты без нагляду. Пасля пакупкі мужчына на двухкалёсным транспарце паехаў дадому, але, як потым высветлілася, на чужым. Гаспадар гэтага веласіпеда, яшчэ адзін аматар начных прагулак, знайшоўся хутка. А вось хто прыхапіў “жалезнага каня” нашага першага героя, пакуль невядома.

Вельмі легкадумны ўчынак здзейсніла і пенсіянерка з Петрыцкага, якая, не зачыніўшы хату, пайшла на агарод. У выніку нехта прысвоіў яе 120 тысяч рублёў.

Вядома, для гаспадароў здзейсненыя злачынствы сталі поўнай нечаканасцю. Але гэтага магло і не быць, калі б людзі больш адказна ставіліся да захаванасці сваіх грошай і маёмасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *