Брагіншчыну наведаў унук Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Грачушкіна

Грамадства

Ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, якім павінен быць чалавек, каб у яго гонар назвалі вуліцу, на якой жывуць сотні людзей? Гэта можа быць вядомы вучоны, выдатны палітык ці герой, які аддаў жыццё за сваю краіну… Аб такіх людзях кажуць, што жылі яны не дарма – іх імёны гучаць дагэтуль. Але ў паўсядзённай мітусні мы хутка і, магчыма, раўнадушна прабягаем вачыма па таблічках з прозвішчамі на вуліцах вёсак і гарадоў. Большасць з нас не ведае, ды часта і не жадае ведаць, што яны – рэха страшных дзён Вялікай Айчыннай вайны. 

Вось і ў Камарыне ёсць вуліца, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Грачушкіна. У канцы жніўня наш раён наведаў унучаты пляменнік мужнага абаронцы – Аляксей Гнацік, які і распавёў, як пачынаўся шлях дзеда да подзвігу.

Vnuk-1

ВЫСОКАЕ ЗВАННЕ – ЗА ВЫКАНАННЕ БАЯВОГА ЗАДАННЯ

Будучы Герой Савецкага Саюза нарадзіўся ў 1921 го-дзе ў сяле Талкаеўка (цяпер — Сарачынскі раён Арэнбургскай вобласці). Пасля раскулачвання сям’і бацька загінуў, а маці з дзецьмі накіравалася ў Ташкент (Узбекістан). Там Дзмітрый паступіў у тэхнікум сувязі, але з апошняга курса, у 1940 годзе, юнака прызвалі ў армію. У 1942-м скончыў Тамбоўскае кавалерыйскае вучылішча, а з красавіка 1943-га ён – на фронце.

Дзмітрый Грачушкін
Дзмітрый Грачушкін

Гвардыі лейтэнант Дзмітрый Грачушкін камандаваў узводам процітанкавых ружжаў сёмага гвардзейскага кавалерыйскага корпуса 61-й арміі Цэнтральнага фронту. Асабліва вылучыўся падчас фарсіравання Дняпра.

27 верасня 1943 года ён пераправіўся праз раку каля вёскі Ніўкі (зараз гэты населены пункт не існуе). На яго ўзвод адразу ж напалі варожыя танкі. Але, адбіваючыся, ён усё ж змог знішчыць некалькі нямецкіх машын, чым забяспечыў паспяховую пераправу іншых падраз-дзяленняў свайго палка. 29 верасня падчас бою за вёску Галкі Дзмітрый Грачушкін асабіста падпаліў пяць танкаў праціўніка, але сам, на жаль, загінуў. Мужны камандзір пахаваны ў брацкай магіле ў Камарыне.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1944 года за “ўзорнае выкананне баявога задання ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм” гвардыі лейтэнант Дзмітрый Грачушкін пасмяротна быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Ён таксама быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Айчыннай вайны першай ступені.

У гонар Дзмітрыя Грачушкіна названы тэхнікум сувязі, які ён не паспеў скончыць і навучэнцам якога залічаны навечна. Імя героя таксама носяць вуліцы ў Ташкенце і Камарыне.

ПА СВЯТЫХ МЕСЦАХ – ПРАЗ БЕЛАРУСЬ

Між іншым, унук Героя Савецкага Саюза расказаў і аб сваім шляху да магілы дзеда. Адметнай рысай яго вандравання з’яўляецца тое, што значную адлегласць мужчына пераадолеў на веласіпедзе. А для далёкіх дыстанцый усё ж давялося выкарыстоўваць грамадскі транспарт – самалёт, цягнік ці аўтобус.

Спачатку запланаваны маршрут быў такім: Ташкент – Масква – Санкт-Пецярбург – Карэлія – Кіеў – Данецк. І паколькі Аляксей Гнацік – чалавек праваслаўны, мэта яго падарожжа – наведванне, найперш, храмаў і манастыроў. Але планы крыху змяніліся, калі на востраве Валаам у Карэліі ён пазнаёміўся з беларусам. Мужчына з Мінска параіў Аляксею абавязкова наведаць нашу краіну, дзе таксама шмат святых месцаў, і той згадзіўся, тым больш, што ў Беларусі пахаваны яго дзед – Герой Савецкага Саюза Дзмітрый Грачушкін, на магіле якога ні разу не быў.

Vnuk-2Полацк, Мінск, Карма, Гомель і, нарэшце, Бра-гін… Аднак надвор’е не вельмі спрыяла вандроўніку – амаль увесь час ішоў дождж, які, на жаль, перашкодзіў Аляксею бліжэй пазнаёміцца з райцэнтрам. Так і пакінуў бы ён наш гарпасёлак без усялякіх эмоцый і ўспамінаў пра яго.

– Спачатку я думаў, што ў Брагіне нічога цікавага не ўбачу, – прызнаецца Аляксей. – Лічыў яго самым звычайным маленькім гарадком, пакуль не наведаў гістарычны музей з карціннай галерэяй.

Vnuk-4Экскурсію для госця з Узбекістана правяла старшы навуковы супрацоўнік музея Алеся Даўгулявец. Як настаўнік па адукацыі, Аляксей цікавіўся паходжаннем амаль кожнага артэфакта. Яму хацелася ведаць ўсё: ад легенды аб паходжанні назвы Брагіна і часу княжання тут сям’і Вішнявецкіх да трагічных фактаў чарнобыльскай катастрофы і метадаў пераадольвання яе наступстваў. Як і ўсіх наведвальнікаў музея, асабліва ўразіла яго выстава “Страчаная зямля”, а таксама жывапіс беларускіх мастакоў – карціны, з якіх пачыналася гісторыя галерыі і якія перадаюць увесь боль страт і развітанняў, прынесеных на брагінскую зямлю Чарнобылем…

Vnuk-3Пасля невялікай фотасесіі Аляксей Гнацік пакінуў запіс у кнізе водгукаў музея і накіраваўся далей. Яго шлях ляжаў да Галак – месца, дзе загінуў дзед, і Камарына, дзе той пахаваны.

Сувязь пакаленняў… Яна не дазваляе аддаць забыццю імёны герояў Вялікай Айчыннай, якімі мы павінны ганарыцца. Святая памяць неўміручая.

Vnuk-5

Vnuk-6



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *