Бульбяны гектар: наколькі ён прыбытковы?

Сельское хозяйство

Kartoshka-2

У грамадскім сектары…

У мінулагоднім інтэрв’ю дырэктар ААТ “Малажынскі” (тады яно было яшчэ КСУПам) Міхаіл Пінжакоў узняў праблему рынку збыту бульбы. Гаспадарка пасадзіла яе 250 гектараў і накапала 2378 тон пры сярэдняй ураджайнасці 201,5 цнт. Ды вось незадача: нікому адборныя клубні аказаліся непатрэбнымі. Тон 400 адвезлі ў Заспу на крухмальны завод, засыпалі неабходную колькасць насення, астатнюю забуртавалі. А хацелася б не толькі акупіць затраты, але і прыбытак атрымаць. На гэта і разлічвалі.

Такая ж сітуацыя назіралася і ў іншых сельгасвытворцаў, таму вырашана было сёлета звесці пасяўныя плошчы пад “другі беларускі хлеб” да мінімуму. “Малажынскі” пасадзіў 80 гектараў бульбы, убраць засталося 50 (частка пасеваў на нізкіх месцах вымакла). Ураджайнасць атрымалі нядрэнную, бо, па словах спецыялістаў, закуплялі элітнае насенне, якое апраўдала надзеі земляробаў. Бульба разыходзіцца хутка, попыт на яе ёсць у камерцыйных структурах, у арганізацыях і на прадпрыемствах. Рэалізоўваюць клубні па невысокай цане – у сярэднім па 2200 рублёў за кілаграм. А калі прадстаўнікі таго або іншага калектыву ўдзельнічаюць у пераборцы і затарванні – і таго менш: па 1500 рублёў.

Адкрытае акцыянернае таварыства ўдзельнічае ў восеньскіх кірмашах. Прывозіла сельгаспрадукцыю ў Брагін, дзе яна асаблівым попытам не карысталася (хто хацеў, набыў клубні ў “Брагінцы”), а вось у Камарыне малажынскую бульбачку куплялі з ахвотай. Прычына, думаю, у тым, што мясцовае сельгаспрадпрыемства яе не вырошчвае, ды і землі тут пясчаныя. Не ва ўсіх жыхароў пасёлка і на прысядзібным участку ўрадзіла, таму людзі запасаліся на зіму тым, што прапаноўвалі. А прапаноўвалі добрую бульбу па таннай цане.

У Гомелі, дзе канкурэнцыя высокая і раслінаводчай прадукцыі на кірмаш прывозяць вельмі шмат, і ўвогуле асаблівым попытам “другі хлеб” з Малажына не карыстаўся. Аддалі за даўгі аднаму з абласных прадпрыемстваў, каб не везці назад. І ўсё ж, на думку галоўнага бухгалтара Валянціны Мельчанкі, свой тавар яны прадавалі па нізкіх цэнах, а можна было за такую бульбу выручыць грошы. Адна справа – вырасціць, другая – з розумам рэалізаваць.

Як гэта зрабілі ў ААТ “Брагінка”. Да ўборкі тут засталося каля 40 гектараў традыцыйнай беларускай культуры. Валавы збор склаў 782 тоны пры ўраджайнасці 200 цнт з гектара. Намеснік дырэктара Уладзімір Рэбка расказаў нам, што іх бульба мае добры таварны выгляд, закуплялі таксама элітнае насенне (у папярэднія гады вырошчвалі многа сартоў), таму і прадалі яе ў сярэднім па 3000 рублёў за кілаграм. Ездзілі са сваім таварам у Гомель, Хойнікі, Камарын, Брагін, дзе практычна збывалі ўсё, што загружалі ў машыну. Першая партыя клубняў пайшла па цане 2500 рублёў, наступныя – даражэй. Хуткай рэалізацыі садзейнічала і тое, што разам з бульбай “Брагінка” прапаноўвала цыбулю. Дробную куплялі па 2200 рублёў, буйную – па 3300. Хто стаяў у чарзе, каб купіць цыбулю, убачыўшы прыгожыя адборныя клубні, набываў і іх.

Да ўсяго, па словах Уладзіміра Міхайлавіча, сельгаспрадпрыемства папярэдне заключала дагаворы на пастаўку раслінаводчай прадукцыі і дробнымі, і буйнымі партыямі з рознымі структурамі. А гэта ўжо гарантыя таго, што тавар знойдзе свайго спажыўца. Рыначная эканоміка дыктуе свае ўмовы, якія неабходна ўлічваць, вырошчваць культуры ў такім асартыменце і ў такой колькасці, каб не псаваліся і не залежваліся.

У прыватным

Скарачаюцца соткі пад бульбу і на падворках вяскоўцаў. Асабліва ў тых, хто не мае ўласнага трактара або каня. Мая знаёмая падлічыла, што ўвесь працэс – ад падрыхтоўкі поля, пасадкі да ўборкі абышоўся ёй у чатыры мільёны (вырошчвала 0,3 га). Толькі за паслугі бульбакапалкі аддала трактарыстам-прыватнікам 660 тысяч. Гэта не лічачы выдаткаў на багаты стол для тых, хто падбіраў клубні, ды тысяч 50 гаспадару каня, які згадзіўся перавезці выкапанае. Ці прадала б яна бульбу на такую суму? Мабыць, прадала б. Але ж гэтага не рабіла, бо нятанна дасталіся ёй гэтыя дары поля, і сэнсу, лічыць, няма. А яшчэ – шкада аддаваць тое, што дасталося з цяжкасцямі. Частку ўраджаю выдзеліла дзецям, пляменнікам, не пакрыўдзіла і свіней, для якіх засыпала ў склепе цэлы засек. Насення затарыла шмат, дарэчы, сарты таксама разводзіць элітныя, выпісвае іх у розных фірмах, абменьваецца па пошце з такімі ж бульбаводамі рэспублікі, як і сама, і засталася задаволеная.

На маю заўвагу, што на чатыры мільёны яна б купіла 40 мяхоў клубняў, і здароўе б захавала, і нікому б не была абавязана за дапамогу, яна заўважыла: “Шкада зямлі, нельга, каб пуставала”. Спрадвечная сялянская псіхалогія, якая перадавалася з пакалення ў пакаленне. Ва ўсякім разе, яе аднагодкі цягі да зямелькі-карміцелькі яшчэ не страцілі. А яшчэ баіцца застацца ў неспрыяльны год без бульбы. Калі на адным участку не ўрадзіла, дык выручыць другі.

У калектыве, дзе працуе, маладзейшыя калегі разважаюць інакш: “Навошта садзіць, калі можна купіць?”. А ёсць і такая пазіцыя: пасадзіць, наняць “рабоў”, каб выкапалі, перабралі, перанеслі… Слова “рабы” вымаўляецца без сарказму, як нешта прывычнае і звычайнае. Маюцца на ўвазе вяскоўцы, якія страцілі працу па прычыне цягі да алкаголю і перабіваюцца такімі вось заробкамі. Кожнаму сваё. У выйгрышы застаюцца тыя, хто ўзброены тэхнічна, у каго на падворку – свой трактар і прычапны інвентар да яго. І сабе агарод пасадзяць, апрацуюць, і суседзям дапамогуць. А лішкі прадукцыі можна і на кірмаш завезці. Дзесяць мяхоў бульбы – мільён.

У ААТ “Малажынскі” гаспадарка выносіла соткі вяскоўцаў у поле севазвароту, саджала па 0,2 га бульбы. Яна ўрадзіла добра, таму многія грамадзяне прадавалі клубні нарыхтоўшчыкам, якія заязджалі сюды, і тым самым умацавалі сямейны бюджэт.

Жыхары райцэнтра таксама не засталіся без “другога хлеба”. Знаёмая ездзіла на заробкі ў ААТ “Брагінка”, дзе клубні выраслі вялізныя і чыстыя. Гаспадарцы дапамагла і сабе запас зрабіла, прычым не толькі бульбы, але і цыбулі.

Няхай родзяць яны на грамадскіх палях, каб і прыватнік быў забяспечаны на зіму ўсім неабходным. У першую чаргу — прадукцыяй, якая была ў нашых продкаў у пашане.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий