Куды падзець небяспечныя адыходы?

Школа бяспекі

Batareyka

У адным з нумароў газеты прачытаў, што адпрацаваныя акумулятары і батарэйкі адносяцца да небяспечных відаў адыходаў і іх неабходна выкідваць у спецыяльныя урны. Ці ёсць такія ў Брагіне і дзе яны ўстаноўлены?

Каб знайсці адказ на пытанне падпісчыка з 14-гадовым стажам, мы спачатку звярнуліся ў прыватныя крамы, якія гандлююць такім таварам. Наш зварот быў для прадаўцоў нечаканым і выклікаў у іх вялікае здзіўленне. Ні пра якія урны і размовы да гэтага не вялося.

Не знайші адказу і ў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.Правільны накірунак, куды звярнуцца, дала галоўны санітарны ўрач раёна Наталля Петрачова: у раённае спажывецкае таварыства. Ва ўнівермагу на першым паверсе ў кутку і стаіць тая самая скрыня, у якую жыхары Брагіна кідаюць небяспечныя бытавыя адыходы і куды я з палёгкай апусціла батарэйку, якая доўгі час ляжала на стале. Выкінуць – нашкодзіць сабе і прыродзе, таму рука не падымалася гэта зрабіць.

“Мы адразу ж устанавілі урну, калі ўзнікла такая праблема і калі паступіла распараджэнне”, – растлумачылі нам работнікі прылаўка. На жаль, пра гэта ведаюць не ўсе, таму і трапляюць шкодныя адыходы спачатку на зямлю, а потым з прадукцыяй – у наш арганізм. Але найбольш свядомая частка жыхароў райцэнтра пасля прагляду ролікаў Цэнтра экалагічных рашэнняў на гэту тэму або артыкулаў у сродках масавай інфармацыі аб акцыі па зборы батарэеек і акумулятараў школьнікамі, нясе гэтыя элементы сілкавання ва ўнівермаг.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *