У гаспадарках раёна бульба ўрадзіла

Сельское хозяйство

Kartoshka

– Вы ж паглядзіце, якія клубні прыгожыя, – з захапленнем гаварылі жанчыны, беручы ў рукі самыя буйныя, правільнай формы бульбіны. – Проста любата! Гэта ж сартавая, “маг” называецца!

Не пагадзіцца з імі нельга было. Так званы другі хлеб сёлета ўрадзіў у ААТ “Брагінка” нядрэнна. Пераборкай бульбы заняты пенсіянеры, гараджане, некаторыя ўдзельнічаюць у гэтым працэсе дзясяты сезон запар і лічаць за гонар далучыцца да сялянскай працы. Брыгадзір і загадчыца склада Любоў Семянчук называе самых актыўных, якія практычна і перабралі ўвесь ураджай. Гэта Праскоўя Прыходзька, Марыя Грынкевіч, Надзея Саракаумава, Наталля Шолахава, Наталля Качан, Ганна Сіраж, Раіса Ігнаценя. Тры дні дапамагалі вучні і настаўнікі Вуглоўскай школы, працавалі сумленна, з агеньчыкам, за што вяскоўцы ім вельмі ўдзячны.

Пачуўшы на развітанне ад нас пажаданні моцнага здароўя, каб і на наступны год былі ў страі і з такім жа спрытам уладкоўвалі вырашчанае на палях, дружная жаночая каманда зазначыла: “Пажадайце нам лепш добрага надвор’я!”. Няхай і надвор’е спрыяе вам, паважаныя, і ўдача, а яшчэ – родзіць бульба. Як жа мы, беларусы, без яе?..

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *