Бухгалтар ААТ «Брагінка» Святлана Раманюк: «Мне ўсё тут падабаецца»

Сельское хозяйство

Ramanyuk

Пасля заканчэння Буркоўскай сярэдняй школы яна паступіла ў Гомельскі аграрна-эканамічны каледж. Перамагла любоў да дакладных навук, хаця ў 9 класе яшчэ марыла аб прафесіі цырульніка. Маладога бухгалтара накіравалі ў наш раён, у КСУП “Брагінка”, што яе цалкам задавальняе. Вельмі падабаецца калектыў, цёплая атмасфера, якая тут пануе, адносіны кіраўніцтва. Магчыма, таму што дырэктар – жанчына.

Тамара Кудан клапоціцца пра сваіх калег, а тым больш пра новае папаўненне. Святлане выдзелілі прыгожы ўтульны домік, у якім яна адчувае сябе сапраўднай гаспадыняй. За тры гады працы ў гаспадарцы паспела абсталяваць яго, набыць усё неабходнае. Прызнаецца, што льготнымі крэдытамі, якія выдзяляюцца маладым спецыялістам, не карысталася. Пасля вучобы, як толькі прыехала ў сельскую мясцовасць, атрымала пад’ём-ныя (40 базавых велічынь). Адпрацавала два гады, і цяпер мае права на выплату надбаўкі да асноўнага заробку ў трохкратным памеры.

“Бухгалтар па разліках” – так назвала яна сваю пасаду, а гэта азначае і вялікую адказнасць, і пільнасць, і веданне тонкасцяў справы. З задавальненнем вучыцца ў Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі, каб стаць добрым спецыялістам. Таварыская, ветлівая, адкрытая, Святлана мае шмат сяброў, лёгка знаходзіць з людзьмі агульную мову. Адчуваецца, што і яе паважаюць у калектыве.

У нядзелю дзяўчына разам з калегамі ў чацвёрты раз адзначыць сваё прафесійнае свята. І хаця працоўны стаж яе ў сельскай гаспадарцы не вымяраецца дзясяткамі гадоў, галоўнае – яна знайшла занятак па душы, не памылілася ў выбары прафесіі і засвоіла самае галоўнае ў жыцці: быць шчырай у адносінай да тых, хто побач, каб атрымліваць любоў і давер узамен на тую цеплыню, якую выпраменьвае яе сэрца.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий