Галоўны заатэхнік ААТ «Камарынскі» Валянцін Бандарэнка: «Заатэхнія – маё прызванне»

Сельское хозяйство

Komarinsky

Ведаю яго даўно, з тае пары, калі працаваў у Лоеўскім раёне ў саўгасе імя Леніна, і кожны раз у час чарговай сустрэчы на вытворчасці адкрываю ў ім новыя рысы характару. Тое, што адукаваны, улюбёны ў прафесію – не адняць. Усе, хто ведае Валянціна Міхайлавіча, характарызуюць яго адным словам: “Талковы”. А што ў душы рамантык, зразумела нядаўна. Так узнёсла гаварыць пра заатэхнію можа толькі чалавек, для якога яна стала прызваннем.

Пункт гледжання Валянціна Міхайлавіча раздзяляюць, мабыць, нямногія, у першую чаргу такія ж апантаныя ў рабоце, як і ён сам. Каб давесці да маёй свядомаці, што значыць для яго абраная справа, параіў уявіць такую сітуацыю: ляжыш на беразе мора, адпачываеш — і раптам такое жаданне з’явілася апынуцца зноў у прывычнай атмасферы, на ферме з яе спецыфічнымі пахамі, што гатовы сарвацца з месца і паехаць назад. Дзівак? Як паглядзець. Менавіта на такіх і трымаецца сёння сельская гаспадарка з яе ненармаваным рабочым днём, які пачынаецца летам з усходам сонца і заканчваецца апоўначы, з бесперапыннымі званкамі, што могуць разбудзіць сярод ночы, з трывогамі і клопатамі пра маленькіх цялят: як іх усіх захаваць? А яшчэ — не знізіць прадуктыўнасць жывёлы, выканаць прагнозныя паказчыкі, правільна накарміць, раздаіць, пачаць і закончыць спачатку пашавы, а потым стойлавы перыяды… Прычым правяраючых не заўсёды цікавіць, ці хапае тых жа аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, пашы.

Да гонару зааветспецыялістаў і дырэкцыі адкрытага акцыянернага таварыства, тут жывё-лагадоўчая галіна развіваецца нармальна, і на фоне “мінусаў” па надоях малака ў разліку на карову ў іншых сельгаспрадпрыемствах у ліку тых, хто плюсуе, – “Камарынскі”. Па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года вытворчасць малака сельгаспрадпрыемства не знізіла, а павялічыла на 323 тоны (118,7% да ўзроўню 2012-га года). На яго долю прыпадае 22,4% рэалізаванага раёнам мяса (405 тон). Ды і прадаюць камарынцы буйную рагатую жывёлу высокімі вагавымі кандыцыямі – 475 кг.

На пытанне “За кошт чаго дасягнута павышэнне надояў?”, Валянцін Міхайлавіч адказаў коратка: “На ферме ў Прудавіцы абсталявалі цэх раздою, што дазволіла павялічыць пагалоўе кароў. Раней тут малочны статак размяшчаўся ў трох хлявах, у канцы мінулага года ўвялі ў строй яшчэ адзін”.

Аб тым, як зааветслужба гаспадаркі клапоціцца аб паляпшэнні прадуктыўнасці жывёлы, на старонках “Маяка Палесся” расказвалася ў рэпартажы з Асарэвіцкай фермы, дзе абсталявана сучасная даільная зала з камп’ютарамі. Нагадаю, што тут разводзяць галштынафрызскую пароду, прымяняюць штучнае асемянне кароў.

На думку Валянціна Міхай-лавіча, заатэхнікам не можа стаць чалавек, які не любіць жывёлу. Прызнаўся, што тэлефон дома ніколі не адключае, і калі пачуе ў трубцы ўсхваляванае “Не ўключаецца сістэма даення!”, адразу ж спяшаецца на ферму.

На мехдвары сельгаспрадпрыемства прыжылася сучка, якая дапамагае вартаваць агульнае дабро. Нядаўна ў яе з’явіліся забаўныя сабачаняты, і першае, што робіць галоўны спецыяліст, калі прыходзіць сюды, аглядвае, у якім яны стане, ці на месцы, ці накормленыя і куды падзеўся самы шустры. Злых людзей хапае, могуць пакрыўдзіць безабаронную і даверлівую істоту.

Родам Валянцін Міхайлавіч з Бярозак, да арміі паспеў папрацаваць трактарыстам, а пасля вяртання ў родныя мясціны паступіў у Рэчыцкі саўгас-тэхнікум. Там жа даглядаў цялят, а калі быў ужо на чацвёртым курсе (вучыўся завочна), займаў пасаду заатэхніка-селекцыянера ў Лоеўскім раёне. Чырвоны дыплом даваў яму права на паступленне ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, і юнак выкарыстаў такую магчымасць. У Горках павышаў адукацыйны і прафесійны ўзровень, працаваў. Спачатку брыгадзірам свінафермы, потым – заатэхнікам-селе-кцыянерам, галоўным спецыя-лістам. Па сямейных абставінах вярнуўся ў родныя мясціны ў 2008-м, ды тут і застаўся.

Камарыншчына – найпрыгажэйшы куточак беларускай зямлі, які так вабіць турыстаў. Знаходзіць час для адпачынку на ўлонні прыроды і Валянцін Бандарэнка. На рыбалку едзе не адзін, а з дачушкай Сашай. Удваіх ім весела, цікава, камфортна. Магчыма, гэтыя цудоўныя імгненні застануцца ў дзіцячай памяці на ўсё жыццё, бо з іх прачынаецца ў чалавечай душы любоў да ўсяго жывога, што нас акружае.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *