Маладому бухгалтару падабаецца працаваць у вёсцы

Грамадства

Sustrecha-4

Для Ірыны Майсеенкі хваляванні першых тыдняў працы на пасадзе бухгалтара ў ААТ “Чамярыскі” (два гады таму – КСУП “Чамярыскі”) ужо прайшлі, як і адаптацыя ў новым калектыве. Прынялі добра, дапамаглі наладзіць быт. Не адна яна сюды прыехала пасля заканчэння каледжа, а разам з некалькімі выпускнікамі, таму дырэкцыя выдзеліла для траіх дзяўчат домік з усімі зручнасцямі, газавым ацяпленнем. Ёсць дах над галавой, і гэта асноўнае, а ўтульнасць дзявочыя рукі стварылі самі. Інспектар па кадрах Таццяна Музычэнка, як і Ірына, адпрацала ў гаспадарцы два гады, а гэта дае ім права на атрыманне (згодна з пастановай Савета Міністраў) дзвюх тарыфных ставак першага разраду да асноўнага аклада. Кантракт яны заключылі на тры гады, таму налічваюць яшчэ кантрактныя, надбаўкі за складанасць і напружанасць. Выдзяляюць, як і астатнім членам працоўнага калектыву, прадукты харчавання. Адным словам, не крыўдзяць.

У бухгалтэрыі Ірыне даручылі весці такую галіну сельгасвытворчасці, як раслінаводства. Сярэдняя адукацыя ёсць, а з ёй – невялікая практыка, але ж гэта дзяўчыну не задавальняе. Неабходна павышаць адукацыйны ўзровень, таму яна паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, зараз ужо вучыцца завочна на чацвёртым курсе. Як складзецца далейшы лёс, не загадвае, як і тое, ці застанецца ў вёсцы. Хаця, прызналася, ёй тут падабаецца. З Глухавіч родам яе бацька, але ж сям’я на Брагіншчыне не жыла, а вось на працу пасля размеркавання, так выйшла, Ірына прыехала.

Утраіх (акрамя Ірыны і Таццяны, у доме жыве бухгалтар Алена Лазко) ім не сумна. Занятак па душы ёсць у кожнай, а нашай гераіне, да ўсяго, неабходна рыхтавацца да чарговых сесій, каб паспяхова здаць экзамены і атрымаць дыплом. Ім пашанцавала, што трапілі ў адну з лепшых гаспадарак раёна, дзе ёсць кваліфікаваныя спецыялісты, малады, але дбайны кіраўнік, дзе клапоцяцца пра людзей. Калі і надумаецца паехаць у іншые месца, за плячыма застанецца добрая працоўная школа.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *