Напярэдадні прафесійнага свята – аб сітуацыі ў АПК раёна

Грамадства

Sviridov

Першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання назначаны Сяргей Свірыдаў. На гэтай пасадзе ён нядаўна – з 29 кастрычніка 2013 года. Спецыфіку і напрамкі развіцця аграпрамысловага комплексу раёна ведае, бо з 2004 года працаваў спачатку ветэрынарным, а потым галоўным урачом установы “Брагінская ветэрынарная станцыя”. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з ім, каб пагутарыць аб сітуацыі ў АПК, яго перспектывах.

– Сяргей Віктаравіч, сельскагаспадарчы год завершаны, ураджай убраны і ўпарадкаваны, можна і вынікі падвесці. З якімі паказчыкамі падышлі аграрыі раёна да фінішу?

– Магчыма, нашы поспехі сёлета больш сціплыя, чым у папярэднія гады, але ж нельга скідваць з рахунку намаганні працаўнікоў палёў і ферм у дасягненні пастаўленай мэты, іх жадання выйсці на запланаваныя лічбы і атрымаць больш прадукцыі. Да ўсяго і матэрыяльныя сродкі затрачаны немалыя. У лексіцы вяскоўцаў ёсць такі выраз: неспрыяльны год. 2013-ты быў якраз з ліку такіх, хаця цалкам віну з кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадарак за невысокую ўраджайнасць сельгаскультур ніхто не здымае. І тым не менш, пры ўсіх капрызах надвор’я КСУП “Пераможнік” павялічыла валавы збор зерня на 254 тоны. Найбольшая ўраджайнасць зерневых і зернебабовых атрымана ў ААТ “Чамярыскі” – па 29,1 цнт з гектара (+3,7 цнт). Зерня кукурузы намалочана ў раёне больш, чым летась, на 4248 тон. У лідарах зноў жа “Чамярыскі” (3600 тон) і ААТ “Імя Жукава” (3485 тон). Апошняе сельгаспрадпрыемства сабрала 1239 тон насення рапсу і палепшыла мінулагодні паказчык на 136 тон. У “Чамярыскім” намалацілі 1416 тон насення гэтай алейнай культуры (+58 тон).

Грамадскаму статку на зімова-стойлавы перыяд забяспечана сытная зімоўка, на ўмоўную галаву жывёлы назапаша па 31,1 цнт кармавых адзінак (у 2012-м – па 29,8 цнт). Адзначу, што менш за 22 цнт няма ні ў адной гаспадарцы.

Павялічылі пагалоўе буйной рагатай жывёлы (на 1 лістапада – 28 124), рэалізацыю яе на забой на 14,1%. Прададзена 1982 тоны, на 245 тон больш мінулагодняга. Прычым амаль уся – прамысловым мясаперапрацоўчым прадпрыемствам (93,4%), а ў ААТ “Чамярыскі” гэты паказчык складае 99,9%. Сярэднясутачныя прывагі з пачатку года склалі ў цэлым па раёне 673 грамы, у ААТ “Брагінка” – 744 грамы, “Чамярыскі” – 711.

– Сяргей Віктаравіч, усё, аб чым Вы сказалі, дае падставу спадзявацца, што ў наступным годзе вытворчасць малака і мяса значна павялічыцца, вырастуць яе аб’ёмы, знікнуць прыкрыя мінусы ў паказчыках, за якія кіраўніцтва АПК раёна крытыкуюць. Ёсць кармы, у хлявах поўна жывёлы. Што яшчэ патрэбна?

– Дысцыпліна і парадак на вытворчасці, пачуццё гаспадарлівасці і ўменне ўсім гэтым з розумам, як падказваюць перадавая навука і практыка, распарадзіцца. Мы ўжо многае зрабілі, каб атрымліваць якасную прадукцыю і выконваць прагнозныя паказчыкі. Паглядзіце, якія сучасныя фермы з’явіліся на тэрыторыях гаспадарак. Мадэрнізацыя МТФ з устаноўкай сучаснага даільнага абсталявання, камп’ютараў праведзена ў КСУП “Брагінскі”, ААТ “Камарынскі”, “Чамярыскі”. У кастрычніку здадзены ў эксплуатацыю “фабрыкі малака” ў ААТ “Імя Жукава”, “Брагінка”, КСУП “Пераможнік”. А першы жывёлагадоўчы комплекс пабудаваны ў ААТ “Малажынскі”. Гэта дазволіць знізіць затраты, як людскія, так і матэрыяльныя, павялічыць надоі і сярэднясутачныя прывагі, і як вынік – умацаваць эканоміку.

Вядуць рэканструкцыю адкрытыя акцыянерныя таварыствы і гаспадарчым спосабам. У 2014-м “Чамярыскі” разгарнуў работы на будаўнічай пляцоўцы ў Грушным, каб падрыхтаваць шэсць памяшканняў для вырошчвання нецеляў і цялушак.

– Што ўжо зроблена сёння для таго, каб атрымаць у 2014-м высокія ўраджаі зерневых і зернебабовых, выйсці на ранейшыя пазіцыі і трапіць у лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, як гэта было ў гісторыі аграрыяў Брагіншчыны некалькі гадоў таму?

– З гэтай мэтай мы ў поўным аб’ёме правялі сяўбу азімых зерневых культур (адвялі ім 12 112 гектараў), а таксама рапсу на плошчы 3517 гектараў. Цёплая восень дазволіла ўзняць зябліва, прыступіць да пастаноўкі і падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ. Клопаты аб хлебе надзённым у вяскоўцаў бясконцыя, убіраюць вырашчаны ўраджай і дбаюць пра будучы. Агранамічная служба павінна забяспечыць якасным насеннем перспектыўных сартоў сельгаскультур, а калі яно ёсць, ачысціць і праверыць.

– У час размовы з Вамі мне перадалося пачуццё аптымізму, з якім расказваеце аб рабоце аграрыяў і перспектывах. На чым яно грунтуецца?

– Сапраўды, не ўсё ў нас так і дрэнна. Ёсць недахопы, але ж без падзення не бывае пад’ёму, гэта закон жыцця. А грунтуецца мой аптымізм і ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра, на ўласным вопыце работы ў раёне. Ведаю сітуацыю на месцах і спадзяюся на людзей, якія працуюць побач.

– Скажыце, колькі чалавек росціць для нас хлеб, бульбу, гародніну, гадуе жывёлу, каб мы ні ў чым не адчувалі патрэбы? Каму гараджане павінны быць удзячны за дары палёў і прадукцыю ферм?

– Калектыву аграрыяў, які налічвае 1203 чалавекі. Гэта менш, чым было летась (-33 чалавекі). Сярэднямесячная заработная плата склала за дзевяць месяцаў 3 млн 439 тысяч супраць мінулагодняй сумы 2 млн 253 тысячы, а ў ААТ “Чамярыскі” – 4 млн 253 тысячы.

З вялікай павагай хацеў бы павіншаваць з прафесійным святам ветэранаў сельгасвытворчасці, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё гаспадарак, аддалі ім лепшыя гады свайго жыцця, здароўе, веды і па-ранейшаму ў страі. Гэта брыгадзір Ангеліна Раманюк, загадчыцы складаў Ева Прахарэнка і Любоў Варанец, трактарыст Пётр Козел (ААТ “Імя Жукава”), галоўны бухгалтар Людміла Міроненка, вадзіцель Павел Злабенка (яму 72 гады), механізатар Мікалай Губар, аператар машыннага даення Галіна Катлабай (ААТ “Камарынскі”). У КСУП “Пераможнік” – галоўныя бухгалтар і эканаміст Валянціна Рак і Ніна Рудабелец, вадзіцель Васіль Карась, сакратар Ганна Шаўчэнка, у ААТ “Чамярыскі” – трактарысты Павел Фурс, Іван Краўчанка, жывёлавод Вольга Галко, бухгалтар Людміла Малочка. Ёсць такія людзі і ў ААТ “Брагінка”: галоўны ветурач Васіль Масціцкі, вартаўнік Міхаіл Смолкін, жывёлаводы Марыя Лазовік, Анатоль Гацко, Ганна Гацко, палявод Марыя Грынкевіч. У КСУП “Брагінскі” – аператар машыннага даення Валянціна Астапенка, бухгалтар Паўліна Мялешка, у ААТ “Малажынскі” – даглядчык Мікалай Давыдоўскі, брыгадзір Ганна Краўчанка, аператары машыннага даення Валянціна Пастухова і Ганна Свірыдзенка. Вялікі дзякуй вам, паважаныя, за тое, што не здрадзілі прафесіі, працавалі самааддана, паказвалі прыклад іншым.

Віншую са святам усіх, хто звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай і перапрацоўчай прамысловасцю і жадаю моцнага здароўя, стабільнасці, дабрабыту і ўдачы. Хачу ад душы падзякаваць тым, хто ўкараняе новыя тэхналогіі, асвойвае сучасную тэхніку, доіць кароў, адкормлівае жывёлу, хто ўзяў на сябе адказнасць кіраваць прадпрыемствам або вытворчым падраздзяленнем, асобна – калектывам абслугоўваючых арганізацый, якія ўносяць пасільны ўклад у агульную справу.

– Дазвольце павіншаваць Вас з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, а ў Вашай асобе – і ўсіх аграрыяў і пажадаць, каб усё, што задумана, збылося, каб АПК раёна дачакаўся свайго зорнага часу і яшчэ раз пацвердзіў здольнасць перамагаць і пакараць новыя вышыні. Няхай шчасціць ва ўсім!

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *