Работа вучаніцы Іялчанскай СШ – адна з лепшых на конкурсе “Дакументальны сведка вайны”

Грамадства

70

У кастрычніку прайшоў фінальны тур абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Дакументальны сведка вайны”, прымеркаваны да 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнічалі ў ім вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці. У намінацыі “Рэдкая фатаграфія” лепшай прызнана работа вучаніцы 9 класа ДУА “Іялчанская сярэдняя школа” Вікторыі Чавус. Яна адзначана дыпломам упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, каштоўным прызам і атрымала экскурсійны білет у Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Немалая заслуга ў гэтым настаўніцы гісторыі Людмілы Пятроўны Арцюшэнкі, якая рыхтавала разам са сваёй вучаніцай прэзентацыю і справаздачу аб правядзенні пошукава-даследчай работы.

У Іялчанскай школе ёсць зала баявой славы 77-й гвардзейскай Чарнігаўскай дывізіі, дзе змешчаны здымкі ваенных часоў, зробленыя пры вызваленні і фарсіраванні Дняпра каля вёскі Ніўкі. У пачатку 90-х гадоў па просьбе Ганны Іванаўны Бельчанкі іх даслаў кінааператар “Масфільма” Масленнікаў, які стварыў фоталетапіс гэтай дывізіі. З ёю ён прайшоў ад Масквы да Берліна і расказаў аб бессмяротным подзвігу салдат у фатаграфіях, пакінуў нашчадкам незабыўную памяць пра тыя слаўныя і гераічныя падзеі. Цяпер важна захоўваць і берагчы яе, што і робіцца.

Работа Вікторыі Чавус, як адна з лепшых, адпраўлена для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе. Пажадаем ёй удачы і новых перамог!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *