Раённыя “Дажынкі” прайшлі ў Брагіне 23 лістапада

Сельское хозяйство

Doczinki-1

У  пятніцу дэлегацыя Брагінскага раёна прымала ўдзел у абласных “Дажынках” у Жлобіне. Прыемна, што сярод лідараў абласнога спаборніцтва былі і нашы землякі. Мікалай Машкоўскі з ААТ “Пераможнік”прызнаны лепшым сярод вадзіцеляў па перавозцы травяных кармоў, а Уладзімір Боркін з гэтай жа гаспадаркі заняў трэцяе месца па нарыхтоўцы зялёнай масы.

23 лістапада шчыра, урачыста і цёпла ўшаноўвалі пераможцаў раённага спаборніцтва. Пад апладысменты прысутных у залу РДК уваходзяць лепшыя з лепшых. Дзякуючы іх працы будзе з чаго жыць і вяскоўцам, і гараджанам. Старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка падкрэсліў у сваім выступленні значэнне паспяховага развіцця АПК для народнай гаспадаркі раёна, бо ў нас няма буйных прамысловых і перапрацоўчых прадпрыемстваў. Брагіншчына заўсёды славілася сваімі людзьмі, як пацвярджэнне гэтаму – удзел камбайнераў і іх памочнікаў, вадзіцеляў, аператараў сушыльных комплексаў у рэспубліканскіх фестывалях-кірмашах. На першае месца выходзіла ААТ “Чамярыскі” і Брагінскі раён, прычым не раз, кіраўнікі гаспадаркі і раёна атрымлівалі Дыпломы з рук Прэзідэнта краіны. І тым больш крыўдна, што сёлетні ўраджай зерневых і зернебабовых – найніжэйшы за апошнія 5-6 гадоў. Хлебаробы недаатрымалі 12 000 тон зерня.

Doczinki-2

Шчыра віншуючы вяскоўцаў з прафесійным святам, Аляксандр Пятровіч пажадаў, каб 2014-ты стаў для іх больш паспяховым, каб дзякуючы нястомнай працы выйшлі на ранейшыя пазіцыі і даказалі ўсім, што брагінчане – сур’ёзныя сапернікі, яны здольны браць новыя вышыні.

Падрабязны аналіз вынікаў сельскагаспадарчага года зрабіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Свірыдаў. Выконваючы абавязкі старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і і харчаванні аблвыканкама Сяргей Мятліцкі з цеплынёй гаварыў пра людзей, якія звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. У наступным годзе аграрыі вобласці павінны сабраць 1 млн 600 тон зерня (з кукурузай). Важкі ўклад у агульны каравай павінна ўнесці і Брагіншчына. Ураджай зерневых неабходна атрымліваць па 30 цнт з гектара, а кукурузы – па 70-80. “Усе нашы беды, – зазначыў Сяргей Аляксандравіч, – ад парушэння тэхналогіі”. За зіму неабходна прааналізаваць свае пралікі, каб не дапусціць іх у далейшым.

Doczinki-3

Граматы, кветкі і сертыфікаты на пэўную суму грошай героям жніва, жывёлаводам, спецыялістам уручалі прадстаўнікі раённай вертыкалі, прафсаюзных арганізацый. Пераможцамі сярод кіраўнікоў гаспадарак сталі дырэктар ААТ “Чамярыскі” Генадзь Краўчанка (за 10 месяцаў у разліку на карову надоена па 4100 літраў малака) і дырэктар ААТ “Камарынскі” Рыгор Анапрэенка (надоена па 4043 літры).

Першае месца сярод камбайнераў – у Сяргея Журава з КСУП “Брагінскі”, на другім месцы –экіпаж з ААТ “Малажынскі” ў складзе двух Іванаў Харко: бацькі і сына. Старшы камбайнер Іван Давідзенка (ААТ “Камарынскі”) заняў трэцяе месца.

Сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня лідзіруе Аляксандр Рудабелец з ААТ “Малажынскі”, дарэчы, неаднаразовы ўдзельнік рэспубліканскіх “Дажынак”. Аляксандр Кудранок з ААТ “Чамярыскі” – на другім месцы, а на трэцім – Анатоль Кацуба (КСУП “Брагінскі”).

Першынство на ўборцы зерневых сярод моладзевых экіпажаў заваяваў старшы камбайнер Андрэй Гуз з ААТ “Малажынскі” (летась ён быў другім у рэспубліканскім спаборніцтве). Аляксандру Раманюку з ААТ “Імя Жукава” прысуджана другое месца.

Лепшым маладым вадзіцелем прызнаны Вадзім Малы (ААТ “Малажынскі”), на другім месцы – Аляксандр Дзегцярэнка з КСУП “Брагінскі”. Прызнацца, я асабліва парадавалася за малажынцаў, бо ў час жніва была на полі і бачыла, з якім энтузіязмам працавала моладзь. Была надзея, што такая стараннасць у рабоце дазволіць узняцца на прыступку п’едэсталу калі не ў рэспубліцы, дык у вобласці. Хаця быць першымі ў сваім раёне – не менш ганарова і пачэсна, а высокія ўзнагароды яшчэ будуць.

Мікалай Дзегцярэнка з КСУП “Брагінскі” стаў бясспрэчным лідарам па нарыхтоўцы кармоў, на другое месца выйшаў Сяргей Карсак з ААТ “Брагінка”, на трэцяе – Сяргей Лявоненка з ААТ “Імя Жукава” і Уладзімір Блудчы з ААТ “Камарынскі”. Уладзімір Петруненка з ААТ “Камарынскі” перавёз найбольшую колькасць кармоў (першае месца), Уладзімір Шахніцкі (ААТ “Імя Жукава”) выйшаў на другое месца, на трэцяе – Пётр Тарасенка з ААТ “Чамярыскі”.

Сярод трактарыстаў-машыністаў лепшымі прызнаны Пётр Ціханчук з ААТ “Чамярыскі”, Рыгор Грэбянчук з ААТ “Камарынскі”, Пётр Бугаёў з ААТ “Малажынскі”, Андрэй Карсак з ААТ “Брагінаграсэрвіс”.

Марына Сярг (ААТ “Чамярыскі”) атрымала за 10 месяцаў па 6412 літраў малака ад каровы і заняла першае месца сярод аператараў машыннага даення. Валянціна Чарнянок і Ганна Свірыдзенка з ААТ “Малажынскі” – на другім месцы. Валавы надой у іх групах складае 685 і 684 тоны адпаведна. Анжэла Янчанка (ААТ “Камарынскі”) і Васіль Пікуль (ААТ “Імя Жукава”) раздзялілі трэцяе месца.

Doczinki-4

Найвышэйшыя сярэднясутачныя прывагі на адкорме – у жывёлаводаў Аляксандра і Юліі Цішунцоў (ААТ “Чамярыскі”). Дарэчы, першынство яны ўтрымліваюць не першы год. Шанц стаць лідарам ёсць і ў Віктара Катлабая з ААТ “Камарынскі”. Сёлета ён атрымаў сярэднясутачныя прывагі ўсяго на 10 грамаў меншыя, чым у Аляксандра і Юліі, і заняў другое месца. Трэцяе – Ганна Гацко з ААТ “Брагінка”.

Doczinki-5

Па традыцыі адзначылі лепшых спецыялістаў. Сёлета імі сталі: галоўны заатэхнік ААТ “Чамярыскі” Аляксандр Малочка, галоўны ветурач ААТ “Камарынскі” Аляксандр Нячоса, галоўны аграном ААТ “Чамярыскі” Пётр Малочка, галоўны інжынер КСУП “Брагінскі” Уладзімір Свірыдзенка, галоўны эканаміст ААТ “Камарынскі” Наталля Анапрэенка, галоўны бухгалтар ААТ “Брагінка” Дзіна Карабейнікава, загадчык рамонтных майстэрняў ААТ “Пераможнік” Сяргей Рак, інспектар па кадрах ААТ “Імя Жукава” Алена Смальцар, асемянатар КСУП “Брагінскі” Ала Заяц, брыгадзір МТФ “Аляксееўка” ААТ “Малажынскі” Уладзімір Прышчэпаў, ветурач Брагінскай ветэрынарнай станцыі Надзея Шкуратава.

Канцэртныя нумары працаўнікам сяла падаравалі работнікі раённага Дома культуры, жаночая вакальная група “Бліскавіца”, мужчынская – “Галасы дубровы”, Святлана Корхава, выхаванцы Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў.

Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ