Фестываль творчасці пажылых людзей “В кругу друзей” прайшоў у Брагіне

Грамадства

Festival-0

Ахвотнікаў удзельнічаць у цікавым мерапрыемстве, як заўсёды, было шмат. Дзевяць творчых каманд, аб’яднаных тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у чарговы раз даказалі, што на пенсіі жыццё ёсць, калі не сядзець склаўшы рукі. Як адзначылі вядучыя фестывалю Алеся Даўгулявец і Уладзіслаў Дзёкін, для актыўных людзей выхад на пенсію стаў падставай не для самоты, а наадварот, – для радасці. Таму што ў іх з’явіўся час для рэалізацыі сваіх творчых здольнасцяў. Яскравым доказам гэтаму была і выстава незвычайных карцін, вышывак, вырабаў з паперы і бісеру, якая разгарнулася на другім паверсе РДК.

Festival-3

Канкурсантаў віталі начальнік аддзела сацыяльнай падтрымкі ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Наталля Сайкова і намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Ганна Бабрынёва, якія падзякавалі самадзейным артыстам за актыўную жыццёвую пазіцыю. Старэйшае пакаленне – гэта людзі, якім давялося жыць і працаваць у розныя часы, у тым ліку і ў самыя цяжкія для краіны. Але, нягледзячы на выпрабаванні лёсу, яны захоўваюць аптымізм, спяваюць, танцуюць і пішуць вершы.

Festival-1

Сапраўды, запасу энергіі і бадзёрасці гэтым людзям было не займаць. Самадзейныя артысты, многім з якіх за 60, проста заразілі зал сваім аптымізмам і запалам. Выступленні кан-курсантаў вызначаліся той асаблівай народнай ду-шэўнасцю, якую нячаста сустрэнеш на прафесійнай сцэне. Гледачы горача падтрымлівалі іх бурнымі апладысментамі і з задавальненнем падпявалі ў час першай намінацыі конкурсу, якая складалася з дзвюх частак “Лейся, песня” і “Стихи-Я”.

Ад Брагінскага раёна ў фестывалі ўдзельнічалі салісткі “залатога” ўзросту вакальнай крупы “Бліс-кавіца”, які быў створаны ў 2007 годзе на базе аўтаклуба. Заўсёды маладыя душой, актыўныя і абаяльныя Любоў Грыб, Наталля Нікіценка і Майя Сяргейчык парадавалі слухачоў песняй “Позняе каханне”. Верш “Мой Камарын” чытала Ніна Рассудоўская.

Festival-5

Намінацыя “Бульбяны рай” гаварыла сама пра сябе. Канкурсантам патрэбна было паказаць разам з творчымі і свае кулінарныя здольнасці, прыгатаваўшы смачную страву з бульбы. Тут ацэньвалася як прыгожае афармленне, так і арыгінальная дэманстрацыя і падача стравы да стала журы для дэгустацыі.
Конкурсная праграма прайшла на адным дыханні. Радасныя і памаладзелыя яе ўдзельнікі казалі дзякуй за цудоўную сустрэчу, якая падарыла ім шмат душэўнага цяпла. А перад журы яшчэ стаяла нялёгкая задача – вызначыць пераможцаў. І пакуль кампетэнтныя людзі раіліся, гледачы змаглі атрымаць асалоду ад музычных нумароў, падрыхтаваных удзельнікамі мастацкай самадзейнасці РДК.

І вось, нарэшце, падышоў самы хвалюючы момант фестывалю – аб’яўленне лепшых і ўручэнне ўзнагарод. У намінацыі “Лейся, песня” першае месца заняў вакальны ансамбль “Жывіца” з Лоева, другое – удзельнікі клуба пажылых людзей “Верасень” з Ельска, трэцяе – Кацярына Кондзік з Лельчыц. Сярод чытальнікаў вершаў журы асабліва выдзеліла Лілію Краўчанку з Хойнік, якой і прысудзіла першае месца. Другое месца заняла Ніна Рассудоўская з Камарына, трэцяе – Вера Грыц з Мазыра. У намінацыі “Бульбяны рай” першае месца занялі кулінары з Рэчыцы, другое – з Калінкавіч, трэцяе – з Брагіна. А прыз сімпатый гледачоў адправіўся ў Нароўлю.

Фестываль паказаў, наколькі таленавітыя, энергічныя пажылыя людзі і які велізарны ў іх творчы патэнцыял. Пажадаем жа здароўя нашым дарагім пенсіянерам, якія не паддаюцца ўзросту, займаюцца самаразвіццём і ўвесь час прыдумляюць нешта новае. Жывіце даўжэй, дзейнічайце, выхоўваючы сваім прыкладам маладое пакаленне.

Дарэчы, арганізатарамі мерапрыемства сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Брагінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання на-сельніцтва. Спонсарскую дапамогу аказалі індывідуальныя прадпрымальнікі Леанід Сцепанюк, Аляксандр Лявіцкі, Гурбан Аліеў, Таццяна Варанкіна, Сяргей Русак і Сяргей Прус.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *