З-за прыхільнасці да алкаголю жыхарка Брагіна апынулася на лаве падсудных

Территория закона

SUD-1

На мінулым тыдні ў рамках прафілактычнай акцыі “Задумайся!” у РАУС прайшло адкрытае пасяджэнне суда, дзе разглядалася справа жыхаркі райцэнтра, якая ўхілялася спачатку ад выплачвання аліментаў на дзіця, а потым і ад адбыцця пакарання ў выглядзе грамадскіх работ.

У Брагін грамадзянка Сідарава пераехала ў 2010 годзе з Віцебскай вобласці. За яе плячыма ўжо была судзімасць за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. У чэрвені 2008-га жанчыну асудзілі да чатырох гадоў зняволення, аднак у студзені 2010-га неадбытая частка пакарання ёй была заменена на выпраўленчыя работы. Якім ветрам занесла Галіну ў наш раён – невядома, але праз месяц пасля вызвалення яна была пастаўлена на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі Брагінскага РАУС.

У чарговы раз грамадзянка Сідарава апынулася на лаве падсудных 26 сакавіка гэтага года. Аказваецца, на радзіме жанчына пакінула непаўналетняе дзіця, на ўтрыманне якога павінна выплачваць аліменты. За ўхіленне ад гэтага абавязку яна была асуджана да 240 гадзін грамадскіх работ.
Працоўную дзейнасць на ўчастку па добраўпарадкаванні КЖУП “Брагінскае” Галіна пачала 18 красавіка. Першыя некалькі дзён адбывала пакаранне спраўна, але потым стала некуды прападаць. Кіраўніцтву камунальнай гаспадаркі нават даводзілася яе адшукваць, каб прыцягнуць да работы. У выніку з красавіка па жнівень на карысць грамадства жанчына змагла адпрацавала толькі 153 гадзіны.

Трэба адзначыць, што пастаяннага месца працы ў Галіны не было, і ўвесь вольны час яна бавіла за ўжываннем спіртнога ў кампаніі свайго сужыцеля. Якая ж тут работа, калі галава з пахмелля баліць? Так і на судзе сказала: “На працу не выходзіла, бо хварэла”.

Па словах старшага інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Уладзіміра Хмелянка, ён неаднаразова наведваўся да грамадзянкі Сідаравай, папярэджваў аб тым, што за прагулы яна можа адправіцца за краты. Аднак жанчыну, відаць, гэта не палохала. Яна працягвала весці амаральны лад жыцця і злоўжываць алкаголем, сяброўства з якім, дарэчы, перашкаджала ёй працаўладкавацца афіцыйна. Між тым, запазычанасць па аліментах толькі расла.

Калі суддзя папрасіла назваць суму доўгу, Галіна адмовілася: “Не хачу асабістыя праблемы выносіць на абмеркаванне ўсяго раёна”. Своечасовая рэпліка, што тут скажаш… Толькі сваю рэпутацыю жанчына загубіла задоўга да гэтага: неаднаразова судзімая, пакутуе сіндромам алкагольнай залежнасці, схільная да здзяйснення злачынства, хлуслівая. Менавіта такія словы часцей за ўсё можна сустрэць у яе характарыстыках.

Праваахоўныя органы палічылі, што выпраўленню і перавыхаванню грамадзянкі Сідаравай будзе спрыяць толькі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Магчыма, гэтая мера прымусіць яе задумацца аб сваіх паводзінах, дапаможа правільна расставіць жыццёвыя прыярытэты. Дарэчы, пад арыштам у следчым ізалятары г. Гомеля жанчына будзе знаходзіцца два месяцы і два дні. За гэты ж час яна пройдзе чарговае прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

P.S. Акцыя “Задумайся!” была праведзена для асоб, раней судзімых і якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаў-чай інспекцыі РАУС, а таксама схільных да злоўжывання спіртнымі напоямі. Менавіта яны і былі запрошаны на адкрытае пасяджэнне суда. Падчас яго прафілактычную гутарку з прысутнымі правёў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Валерый Чэкан. Размова ішла аб недапушчэнні здзяйснення вышэйназванымі асобамі правапарушэнняў і абавязковым выкананні імі правілаў адбывання пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. У адваротным выпадку, як і грамадзянка Сідарава, яны трапяць за краты.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *