17 снежня – Дзень беларускага кіно

Праздники и будни

Kino

Гэты від мастацтва любяць усе, і таму было б дзіўна, калі б не існавала свята ў яго гонар. А яно ёсць! Дата 17 снежня – добрая нагода для віншаванняў з Днём беларускага кіно.

Працоўны дзень закончаны, хатнія справы зроблены. Нарэшце можна размясціцца на ўтульнай канапе і ўключыць тэлевізар, каб паглядзець добры фільм, а яшчэ лепш – правесці вольны час перад вялікім экранам. Кіно – гэта сапраўдная феерыя фарбаў, пачуццяў і перажыванняў. Яно і зачароўвае, і здзіўляе, і прымушае абдумваць, аналізаваць. У многіх ёсць свае любімыя айчынныя стужкі, заснаваныя на гістарычных фактах, праўдзе жыцця. І гэта дае падставу ў святочны дзень яшчэ раз дакрануцца да мастацтва.

Нагадаю: менавіта 17 снежня ў 1924 годзе было арганізавана Беларускае ўпраўленне па справах кінематаграфіі – Белдзяржкіно. Тады і былі зняты першыя хранікальныя стужкі. “Беларусьфільм” выпусціў у свет больш як 500 мастацкіх фільмаў, тысячы дакументальных і сотні мультыплікацыйных.

Багатую духоўную спадчыну папярэднікаў працягваюць сёння маладыя рэжысёры. У краіне створана нацыянальная праграма развіцця кінематографа, найбольш важнае месца ў якой займае традыцыйны фестываль “Лістапад”.

Часцей за ўсё ў гэтыя дні ўспамінаюць нацыянальную кінастудыю. Але як жа абмінуць увагай людзей, якія нястомна працуюць для таго, каб мы маглі з задавальненнем паглядзець цікавы фільм на вялікім экране? У нашым раёне гэта – работнікі ККУП “Брагінкінавідэасетка”.

Рэдактар прадпрыемства Ірына Дубіна адзначыла, што дэманстрацыя прэм’ерных фільмаў, як замежнай, так і айчыннай вытворчасці, дазволіла сёлета павысіць наведванне гледачамі кіназалы ў Брагіне. Але дзейнасць калектыву аднымі паказамі кіно, безумоўна, не абмяжоўваецца. Гэта яшчэ і арганізацыя відэалекторыяў культурна-гістарычнага, ваенна-патрыятычнага, прафілактычнага характару, і паслугі відэаздымак урачыстых мерапрыемстваў, і выезды ва ўстановы адукацыі ў мэтах духоўнага развіцця падрастаючага пакалення. Магчымасць забаўляцца па-новаму з’явілася ў моладзі з набыццём у гэтым годзе абсталявання X-box 360 kinekt – гульнявой прыстаўкі.

Прыемна, што напярэдадні святочнай даты адзін са старэйшых работнікаў прадпрыемства – Уладзімір Гермель адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую і сумленную працу ў сістэме кінасеткі, якой не змяняе ўжо 35 год. У калектыве за яго шчыра рады.

Усім – і стваральнікам, і пракатчыкам, і гледачам кіно – шчырыя віншаванні з надыходзячай святочнай датай і найлепшыя пажаданні творчага натхнення, прафесійнага росту і цікавых прэм’ер!

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *