БРСМ: падтрымаем цікавыя планы і крэатыўныя ідэі

Грамадства

BRSM-1

На мінулым тыдні раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэс-публіканскі саюз моладзі” падвяла вынікі дзейнасці за 2013 год і вызначыла перспектывы развіцця на наступны.

Семінар-вучоба, на якім сабраліся сакратары пярвічных арганізацый раёна, пачаўся з прыемнага моманту. За вялікі ўклад у выхаванне моладзі, актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні сацыяльна значных мерапрыемстваў і рэалізацыю праектаў і праграм настаўнік Малажынскай СШ Дзмітрый Брэгід атрымаў ад РК ГА “БРСМ” падзяку. Дзмітрый Паўлавіч расказаў таксама аб праведзенай рабоце школьнай пярвічкі ў бягучым годзе, падзяліўся планамі на будучыню.

Потым да прысутных звярнуўся першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Сяргей Даўгулявец. У сваім выступленні Сяргей Аляксеевіч адзначыў, што рэальныя справы і рэалізаваныя ідэі сёння дазваляюць з упэўненасцю назваць БРСМ запатрабаванай маладзёжнай арганізацыяй. Напрыклад, колькасць яе аднадумцаў у раёне складае каля 800 чалавек, якія аб’яднаны ў 47 пярвічак.

У цэлым, саюз моладзі працуе даволі плённа. Пад яго эгідай на працягу года было праведзена мноства розных мерапрыемстваў, сустрэч і акцый, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Па словах першага сакратара, работа ў гэтых накірунках будзе працягвацца і ў наступным годзе.

Але, каб аўтарытэт БРСМ з года ў год толькі рос, зрабіць трэба яшчэ шмат. Для гэтага аб’яднанне павінна стаць сапраўднай пляцоўкай для абмеркавання і ажыццяўлення новых задумак і крэатыўных ідэй юнакоў і дзяўчат. Таму Сяргей Аляксеевіч заклікаў сакратароў пярвічак праяўляць больш ініцыятывы, актыўней далучаць моладзь да ўдзелу ў рознапланавых мерапрыемствах, бо толькі агульнымі намаганнямі ў імя адзіных мэтаў, можна дасягнуць станоўчых вынікаў. Прычым у РК паабяцалі падтрымаць любыя цікавыя планы і пачынанні актывістаў.

На семінары таксама былі абмеркаваны пытанні, якія датычыліся перыядычных узносаў, інфармацыйных стэндаў, правядзення справаздачна-выбарчых сходаў і інш.

BRSM-2



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *