Каля МТФ у Новай Грэблі з’явіўся Дзед Мароз

Грамадства

MINOLTA DIGITAL CAMERA

Што значыць для неперспектыўнай вёскі будаўніцтва сучаснай фермы, гаварыць не трэба. Акрамя рабочых месц, гэта яшчэ і ажыўлены рух, добраўпарадкаваныя дарогі, пад’езды. Пасля здачы ў эксплуатацыю прыгожага будынка МТФ у Новай Грэблі, а размова ідзе менавіта пра яе, населены пункт нібы памаладзеў, пасвятлеў. Зараз на ферме ўтрымліваюцца нецелі, дойныя каровы, маладняк. Вытворчы працэс наладжаны, усё ідзе па плану.

А паколькі наваселле сучасная фабрыка малака адзначыла напярэдадні любімага ў народзе свята, вырашылі ў паўсядзённы быт унесці крыху фантазіі і прыгажосці, дадаць навагоднія матывы. Па прапанове намесніка дырэктара ААТ “Чамярыскі” Канстанціна Краўчанкі на пляцоўцы перад уваходнымі дзвярыма ўстанавілі ёлку, упрыгожылі гірляндамі, а “вартаваць” яе паставілі Дзеда Мароза. Ён таксама зіхаціць агнямі, нібы вітае ўсіх, хто праходзіць і праязджае міма.

Вяскоўцы спецыяльна наведваюцца сюды, каб палюбавацца лясной прыгажуняй і яе ўбраннем. І не толькі з Новай Грэблі, але і суседніх вёсак. Глядзяць людзі і радуюцца. Новы Год хутка, а з ім, як і з гэтай фермай, звязваюць надзеі на добрыя змены, матэрыяльны дастатак і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *