Культработнікі спявалі для калектыву Дублінскай фермы

Грамадства

musika

Не першы раз агітбрыгадзе раённага Дома культуры і аўтаклуба даводзіцца выступаць перад працаўнікамі Дублінскай фермы ААТ “Малажынскі”. Едуць сюды культработнікі з вялікім задавальненнем, бо ведаюць, што работа ў жывёлаводаў нялёгкая, працоўны дзень пачынаецца на досвітку, а добрая песня здольна ўзняць настрой, падараваць радасць. У 7.30 іх ужо чакалі. Ранішняе даенне закончана, жывёла накормлена, можна і канцэрт паглядзець.

…Паліліся задушэўныя мелодыі, абудзілі наваколле. З асаблівым натхненнем спявалі для вяскоўцаў Ала Злыдзенка, Анжэла Бондар, Юлія Гапоненка, Святлана Русак, Любоў Дубатдзел, акампанаваў ім Сяргей Краўчанка. Нікога не бянтэжыла, што выступаць даводзіцца прама на працоўным месцы, бо памяшкання для адпачынку пакуль няма. Калі існуе кантакт з удзячнымі гледачамі, на такія акалічнасці не звяртаюць увагі.

Калектыў Дублінскай фермы Тамара Леглік узначальвае даўно, гэта яна ў першую чаргу была зацікаўлена ў тым, каб напярэдадні Новага года даярак і даглядчыкаў, вартаўнікоў і слесараў павіншавалі мясцовыя артысты, і зрабілі гэта ад душы. Члены агітрыгады і аўтаклуба жывёлаводаў не расчаравалі.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *