Мікуліцкі сельскі клуб стаў адной з узорных устаноў культуры вобласці

Общество

KLUB

Першае ўражанне аб любой установе складваецца ад яе знешняга выгляду, добраўпарадкавання тэрыторыі. Нездарма гавораць: сустракаюць па адзежы. Узвядзенне будынка – толькі палова справы. Патрэбна яшчэ стварыць атмасферу ўтульнасці і камфорту, з густам абсталяваць участак, аздобіць яго зелянінай, кветкавымі кампазіцыямі. Тым больш, калі гэта прастора масавай культуры.

Klub-3

Клопаты, звязаныя з эстэтычным афармленнем свайго асяроддзя, захапілі мікуліцкіх работнікаў культуры, як толькі ў іх аграгарадку “вырас” новенькі сельскі клуб. Пачалі са звычайнага – дызайна клумб. І праз нейкі час вакол установы ўжо ззялі яркімі колерамі нарцысы, цюльпаны, півоні, ірысы, лілеі… Кветкавая палітра штогод знаходзіла самыя розныя кампазіцыйныя рашэнні.

KLUB-1

Праблем з набыццём клубняў раслін ці насення ў загадчыцы клуба Надзеі Ганчар не ўзнікла: дома таксама высаджвае шмат кветак, для працалюбівых, гаспадарлівых вяскоўцаў сядзіба і прыгажосць – паняцці тоесныя. Таму, калі прыйшла чарга добраўпарадкаваць тэрыторыю ўстановы, справа заставалася толькі за фантазіяй і натхненнем душы, шчырым жаданнем зрабіць гэты куточак эстэтычна прывабным.

Да працы Надзея Адамаўна прыступіла разам са сваёй дачкой і калегай Надзеяй Гананайкай. Пры фларыстычным дызайне, як і патрэбна, улічылі многія аспекты: вышыню і тэрміны цвіцення раслін, іх сумяшчальнасць, экалагічныя параметры. Уласнымі сіламі стварылі шэсць клумб. На ўчастку размясцілі больш чым два дзясяткі відаў кветак, якія, змяняючы адна другую, радуюць рознымі колерамі сваіх гаспадынь і наведвальнікаў установы, звычайных прахожых з ранняй вясны да позняй восені.

У справе добраўпарадка-вання, дапаўненні двара малымі архітэктурнымі формамі дапамаглі жанчынам іх мужы: Валяр’ян Ганчар і Сяргей Гананайка. У якасці сыравіны выкарысталі драўніну, пластыкавыя бутэлькі, камяні, іншыя спадручныя матэрыялы, многія ідэі “падказалі” часопісы. У выніку на тэрыторыі клубнай установы з’явіліся млын, сажалка з мосцікам, азярцо з лебедзямі, сімпатычныя парасяткі, іншыя істоты. Майстэрства рук, праяўленне стараннасці, і ніякіх фінансавых затрат.

KLUB-2

Каб падтрымліваць на сваім участку парадак, захоўваць створаную прыгажосць і знаходзіць месца новай, кожны чацвер пры спрыяльным надвор’і выходзяць работнікі клуба і размешчанай у ім бібліятэкі на суботнікі. Ужо ёсць пэўныя задумы на наступную вясну.

Прыемна адзначаць, што сёлета калектыў Мікуліцкага сельскага клуба стаў дыпламантам трэцяй ступені ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторый сярод раённых устаноў культуры ў намінацыі “Лепшая ўстанова, размешчаная ў аграгарадку”. Дапамогу сваім калегам у зборы і афармленні матэрыялаў, якія адлюстроўвалі вынікі іх карпатлівай працы, аказалі работнікі Брагінскага гістарычнага музея з карціннай галерэяй. У мінулым годзе менавіта яны, дарэчы, сталі “бронзавымі” прызёрамі гэтага ж конкурсу.

Акрамя дыплома, сельскі клуб атрымаў у якасці заахвочвання 60 базавых велічынь, якія будуць добрай падтрымкай у далейшай рабоце.

Калі ёсць любоў да справы, залатыя рукі, вялікая ахвота і стымул працаваць – вынік сябе чакаць не прымусіць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Пакінуць адказ