Воўк атакаваў вяскоўцаў

Школа бяспекі

Volk-1

Жудасныя  гісторыі  пра воўка, які разрывае хатнюю жывёлу ў Красным і прылеглых населеных пунктах, жыхары раёна пераказваюць адзін аднаму амаль тыдзень. І ўвесь гэты час лясны драпежнік трымае вяскоўцаў у страху. 

Як паведаміў намеснік начальніка Брагінскага РАУС Вячаслаў ЛЫСЯНОК, інфармацыяй пра тое, што воўк атакаваў вёску, паступіла ў міліцыю 9 снежня. Жыхарка Старой Іёлчы паведаміла аб загрызеным сабаку. А ў ходзе праведзенага апросу высветлілася, што гэта не адзіная ахвяра клыкастых. Прычым яны не абмежаваліся толькі хатняй жывёлай – у адну з начэй некалькіх цялят не далічылася і мясцовая гаспадарка. Але спецыялісты заяўляюць, што на комплексе “дзейнічала” група драпежнікаў і сярод іх не было таго, хто аблюбаваў падворкі вяскоўцаў.

Між тым, лічыцца, што раз воўк падышоў так блізка да людзей, то, хутчэй за ўсё, ён шалёны. Была створана спецыяльная група, якая стала кругласутачна несці вахту ў акрузе Краснага, бо хворую жывёлу неабходна знішчыць, і як мага хутчэй.

Першапачатковыя пошукі вынікаў не далі, але  аблава на звера працягваецца. Вяскоўцам раяць быць асцярожнымі і не выходзіць з дому без крайняй неабходнасці. Нагадаем, што ў 2011 годзе шалёны воўк пакусаў пяцярых жыхароў вёскі Двор Савічы.

Калі і гэты драпежнік будзе забіты, спецыялісты даследуюць яго на прадмет шаленства. Дарэчы, у 2013 годзе ў раёне зарэгістравана шэсць выпадкаў праяўлення гэтай хваробы сярод жывёл.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *