Ваўкі, якія тэрарызавалі жыхароў Новаіёлчанскага сельскага Савета, знішчаны

Грамадства

Volki

Як паведаміў дырэктар Брагінскай раённай структуры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Фёдар Бабранок, пасля таго, як ад насельніцтва пачалі паступаць скаргі на набегі ваўкоў, пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Пятра Раманюка ў тэрміновым парадку прайшло пасяджэнне камісіі па каардынацыі вядзення паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці. На ім было разгледжана пытанне аб ліквідацыі ваўка, які нападаў на хатнюю жывёлу, з прыроднага асяроддзя. Для гэтай мэты была створана спецыяльная група, у склад якой увайшлі супрацоўнікі міліцыі і паляўнічыя – члены БТПР.

Патруляванне вуліц Крас-нага і прылеглых вёсак вялося на мінулым тыдні з панядзелка да пятніцы кругласутачна. Паколькі ніякіх вынікаў гэта не дало, было вырашана змяніць тактыку, і ў ноч на суботу група раздзялілася на дзве. Адна засталася ў населеным пункце, другая накіравалася несці вахту каля МТФ “Прудавіца”. Меркавалася, што шэрыя драпежнікі могуць наведацца туды.

Да дзяжурства прыступілі пасля вячэрняй дойкі кароў, недзе ў 20.30. І хаця чакаць давялося доўга, час не быў затрачаны дарэмна. Прыкладна ў 3.00 каля лесу ў святле месяца прамільгнула цень воўка. Звер, які трымаў курс на вёску, быў тут жа ўзяты на мушку. Прычым нельга было ні марудзіць, ні прамахнуцца. І драпежнік не змог уцячы ад трапнага выстралу Фёдара Аляксеевіча.

А ў суботу ўдзень было арганізавана паляванне са сцяжкамі, у выніку якога знішчана яшчэ два ваўкі. І на гэты раз адзін з іх загінуў ад рук Фёдара Бабранка, а другі – дзякуючы паляўнічаму Сяргею Гаўрыленку. На жаль, трэці драпежнік быў толькі паранены, і яму ўдалося ўцячы. Дарэчы, у гэтыя ж дні паляўнічы Мікалай Ганчар застрэліў воўка і каля Конанаўшчыны.

У бліжэйшы час спецыялісты ветэрынарнай службы правядуць даследаванне, ці не былі забітыя звяры шалёнымі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *