За радком Дэкрэта №18: агульны боль, агульны клопат

Грамадства

№18

За гады рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” ужо выпрацаваны дакладны алгарытм узаемадзеяння ўсіх дзяржаўных органаў, што маюць дачыненне да абароны правоў непаўналетніх. Адсочваецца кожны пункт: ад выяўлення дзіцяці, якое пражывае ў сацыяльна небяспечных умовах, да работы з абавязанымі асобамі. Галоўнае тут – не ўпусціць момант, своечасова дапамагчы таму, хто трапіў у поле зроку. Якім чынам? Метады і спосабы ўздзеяння на чалавека падказваюць і працоўны вопыт, і добрае веданне характару, звычак той ці іншай асобы, сітуацыі ў цэлым. Але шляхі вырашэння праблем, безумоўна, гладкімі не бываюць, яны ўвесь час удасканальваюцца.

На пасяджэннях раённага каардынацыйнага савета па выкананні прэзідэнцкага Дэкрэта гэтая тэма з’яўляецца ключавой, і на мінулым тыдні, у сераду, яна зноў стаяла у цэнтры ўвагі. Першае пытанне датычыла работы аддзела адукацыі, спорту і турызму з нядобранадзейнымі сем’ямі. Сітуацыю прааналізавала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Кацярына Скараход.

На першага снежня ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 106 дзяцей, якія выхоўваюцца ў 50 сем’ях. Для такіх непаўналетніх у нашым раёне штогод арганізоўваюцца дабрачынныя акцыі “Збяры партфель першакласніку”, “Нашы дзеці”. У якасці прафілактыкі сацыяльнага сіроцтва праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх – і рэйды, і індывідуальная выхаваўчая работа, і кантроль за ўмовамі жыцця. Калі пакутуюць дзеці, ніякія намаганні па нармалізацыі сітуацыі ў сям’і не могуць быць лішнімі. Галоўны акцэнт робіцца на перакананне гора-бацькоў у тым, наколькі яны патрэбны сваім дзецям. Не з напоўненай шклянкай і чэрствым сэрцам, а з бязмежнай любоўю, клапатлівымі адносінамі, цвярозым поглядам на жыццё.

Звярнула ўвагу Кацярына Анатольеўна і на вяртанне нядбайнымі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Станоўчы зрух тут відавочны: калі са студзеня па снежань мінулага года кампенсавана 44,4% доўгу, то за аналагічны сёлетні перыяд – 62,3%.
Аб удасканаленні дзейнасці ў рамках Дэкрэта №18 установай аховы здароўя “Брагінская ЦРБ” расказала намеснік галоўнага ўрача Наталія Кірэня. Яна спынілася на прафілактычнай і санітарна-асветніцкай рабоце ў даным напрамку, арганізацыі медыцынскіх аглядаў абавязаных асобаў, дыспансерызацыі непаўналетніх, падкрэсліла важнасць у справе дзяржаўнай абароны дзяцей міжведамаснага ўзаемадзеяння.

Удзел у абмеркаванні ўзнятых праблем прыняў пракурор раёна Аляксандр Паўлоўскі.

Пачуццё шчырага захаплення велікадушшам, шчодрасцю і міласэрнасцю людзей, якія аказалі дапамогу ў арганізацыі летняга палатачнага лагера “Новы бераг-2013”, выклікала хвіліна ўручэння ім лістоў з падзякай ад камісіі па справах непаўналетніх. Іх атрымалі дырэктары: ДЛГУ “Камарынскі лясгас” – Аляксандр Дзягцярык, КЖУП “Брагінскае” – Аляксандр Атрошчанка, філіяла “Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў” – Міхаіл Белашыцкі, а таксама старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Мікалай Катлабай, пажарны Аляксандр Зыкаў, індывідуальныя прадпрымальнікі Леанід Сцепанюк, Магерам Аліеў, Надзея Кучаравая. Гэта дзякуючы і іх удзелу весела, займальна і з карысцю змаглі адпачыць каля Дняпра больш чым 60 хлопчыкаў і дзяўчынак. Справа добрая і патрэбная. Таму старшыня камісіі Ганна Бабрынёва выказала надзею на далейшую падтрымку, разуменне і плённае супрацоўніцтва дзеля шчаслівага дзяцінства.

Апошняе ў бягучым годзе пасяджэнне завяршылася цёплымі віншаваннямі калег з надыходзячымі зімовымі святамі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *